20 і 21 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія) адбудзецца традыцыйны ліпеньскі фэст.
Супольнасць вернікаў гудагайскай парафіі і айцы кармэліты босыя, якія нясуць у ёй служэнне, запрашаюць на святкаванне ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Гудагайскай, якая па традыцыі праходзіць у трэція выходныя ліпеня.
Сёлета дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі дзякуе Богу за 260 гадоў з пачатку служэння ў святыні кармэлітаў босых.
Ва ўрачыстых цэлебрацыях падчас фэсту возьмуць удзел біскупы, якія сёлета адзначаюць значныя гадавіны: арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які 35 гадоў таму, 25 ліпеня 1989 года, менавіта ў Гудагаі быў абвешчаны біскупам; біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, якому спаўняецца 75 гадоў; біскуп Казімір Велікаселец, які адзначае 25 гадоў біскупскага служэння і 40 гадоў святарства. У Гудагайскім фэсце таксама возьме ўдзел новапасвячаны біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй.
У супольнай малітве праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай Пану Богу будуць даручаны патрэбы і просьбы ўсіх вернікаў, якія наведваюць Гудагайскі санктуарый і носяць кармэліцкі шкаплер.
Праграма ўрачыстасці
- 20 ліпеня, субота
- 18.00 – святая Імша і заканчэнне навэнны
- 20.00 – Крыжовы шлях на Кальварыі
- 21 ліпеня, нядзеля
- 0.00 – працэсія са свечкамі
- святая Імша
- пасля Імшы – начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
- 8.30 – Гадзінкі пра Найсвяцейшую Панну Марыю
- 10.00 – святая Імша
- 12.00 – урачыстая адпустовая святая Імша
Драўляную святыню ў Гудагаі пабудавалі ў 1763 годзе Людвіка Ганна Война з Сулістроўскіх, якая разам са сваім мужам і вернікамі навакольных мясцовасцяў пажадала аддаць хвалу Богу і Найсвяцейшай Маці ў Яе выяве, што ўжо тады лічылася славутай ласкамі. Такім чынам касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі стаў таксама мэтай пілігрымаў, якія прыбывалі сюды з просьбамі аб аздараўленні: фізічным, маральным і духоўным. У 1764 годзе сваё служэнне ў гудагайскім касцёле распачалі кармэліты босыя, якія сталі апекунамі святыні.
У хроніках запісаныя шматлікія сведчанні дзеяння Пана Бога на гэтым святым месцы. У наш час Гудагай шырока вядомы не толькі ў Беларусі, а галоўны адпуст у гонар Маці Божай Шкаплернай збірае і аб’ядноўвае вернікаў з розных куткоў нашай краіны і з-за мяжы.
Дзверы гудагайскай святыні заўсёды адчыненыя для пілігрымаў і наведвальнікаў, якія хочуць памаліцца і адпачыць у асаблівай атмасферы касцёла, ружанцовых сцежак, мясцовай Кальварыі, а таксама непаўторнай прыроды і маляўнічых краявідаў.