Пошук

17.07.2024 14:32   Тэкст і фота: Ганна Бычынская / Catholic.by

16 ліпеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, або Маці Божай Шкаплернай, у парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) удзельнікі Жывога Ружанца аднавілі адмысловыя абяцанні, дадзеныя Багародзіцы.

Усяго ў гэтай парафіяльнай супольнасці дзейнічаюць сем груп гэтага малітоўнага руху, або Ружаў, сярод якіх адна цалкам мужчынская: Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага. Кожнае ружанцовае кола, якое складаецца з 20-і асобаў, мае сваю назву, і ў дзень адпаведнага ліургічнага ўспаміну святога Апекуна або Апякункі адбываецца святая Імша ў інтэнцыі членаў Ружы.

Паводле гэтай прыгожай традыцыі, у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль падчас святой Імшы сваю любоў і адданасць Божай Маці пацвердзілі ўдзельнікі Ружы Маці Божай Шкаплернай.

Трымаючы ў руках ружанцы і запаленыя лампадкі, яны паўтаралі за ксяндзом Вячаславам Дубаўцом: «Цябе, о Найсвяцейшая Маці, Каралева святога Ружанца, сёння пакорна прашу стаць маёй Апякункай і Заступніцай, каб ва ўсіх маіх патрэбах, цяпер і ў хвіліну маёй смерці Ты падтрымлівала мяне. Амэн».

Ружа Маці Божай Шкаплернай даволі маладая: ёй усяго тры гады. Але разам са сваім аніматарам Рэгінай Дзенісенка члены Ружы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі, распаўсюджваюць ушанаванне Марыі ўласным прыкладам і апостальскай дзейнасцю.

Сёлета дзень успаміну Маці Божай Шкаплернай стаў знакавым таксама для чатырох стаўбцоўскіх парафіянак: з рук ксяндза Вячаслава яны прынялі святы шкаплер, аддаючы сябе пад апеку Багародзіцы і абяцаючы наследаваць цноты Найсвяцейшай Маці i распаўсюджваць Яе хвалу.

Кармэліцкі шкаплер з’яўляецца знакам апекі і заступніцтва Марыі, нашай Каралевы, Сястры і Маці, а тасама азначае гатоўнасць тых, хто яго прымае, стаць падобнымі да Яе Сына.

Прыняты шкаплер становіцца сімвалам Марыйнай апекі над душой і целам у гэтым жыцці, а асабліва ў хвіліну смерці.

Абноўлена 17.07.2024 14:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа