Пошук

17.01.2024 11:27   Тэкст: Ганна Бычынская / Фота: Ганна Бычынская, Наталля Куніцкая / Catholic.by

У нядзелю 14 студзеня ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылося благаслаўленне Ружы «Жывога Ружанца» ў гонар Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, дамініканіна.

Адметнасць новай малітоўнай групы папулярнага касцёльнага руху ў тым, што яна складаецца толькі з мужчын. Яе стварэнне — знак асаблівай пашаны да першага святара рыма-каталіцкай парафіі ў Стоўбцах — Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага.

12 студзеня стаўбцоўскія католікі ўспаміналі 380-ю гадавіну яго смерці. А 15-й гадзіне на месцы старога касцёла, дзе нёс служэнне айцец Фабіян, парафіяне разам з сённяшнім пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і Літанію да слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага.

Увечары ў новым касцёле перад святой Імшой адбыўся Ружанец, а на пачатку Імшы святар вынес на алтар рэліквіі славутага дамініканіна, культ якога адрадзіўся ў парафіі з часу адшукання яго рэліквій больш за два гады таму.

У нядзелю падчас ранішняй святой Імшы адбылося благаслаўленне мужчынскай Ружы ў гонар Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, заснавальніка парафіі і першага яе святара, славутага цудамі ў Стоўбцах.

«Дзякуем Пану Богу, што ў нас ствараецца мужчынскае кола „Жывога Ружанца“. Я ўдзячны мужчынам, якія згадзіліся штодзённа маліцца „дзясятку“ Ружанца, распаўсюджваць ушанаванне Панны Марыі і мужна абараняць веру і Касцёл.

Сімвалічна, што гэта адбылося 12 студзеня — у дзень нараджэння для Неба слугі Божага айца Фабіяна. Гэты дзень і будзем лічыць днём заснавання Ружы нашага айца Фабіяна, — сказаў ксёндз Ігар Лашук. — Дваццаць мужчын сёння прынятыя ў супольнасць „Жывога Ружанца“ і дапушчаныя да атрымання адпустаў, звязаных з ружанцовай малітвай. Трывайце ў малітве, жывіце ў любові, і няхай будзе з вамі Бог супакою і ласкі», — дадаў святар, благаслаўляючы ўдзельнікаў новазаснаванай Ружы.

У стаўбцоўскай парафіі сёння існуе сем ружанцовых колаў, адно з якіх складаецца толькі з мужчын. Прычым усе гэтыя мужчыны — першыя памочнікі пробашча як у працы, так і ў малітве.

 

Абноўлена 18.01.2024 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.