![]()
«Семінарыя — не раскоша і не састарэлая ўстанова, а неабходны этап на шляху да святарства», — нагадаў Папа Леў XIV будучым пастырам з Мальфеты і Аверсы. Словы Пантыфіка маюць прамое дачыненне і да семінарыстаў Беларусі, якія рыхтуюцца да служэння ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Падчас аўдыенцыі ў Ватыкане Святы Айцец заклікаў будучых святароў вучыцца быць з Хрыстом і рыхтавацца да служэння сярод тых, хто страціў надзею, а прыкладам для пераймання назваў жыццё шаноўнага біскупа дона Таніна Бэла.
3 верасня Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане выкладчыкаў і семінарыстаў дзвюх італьянскіх семінарый: Папскай рэгіянальнай семінарыі Апуліі імя Пія XI у Мальфеце і Біскупскай семінарыі ў Аверсе. Абедзве навучальныя ўстановы сёлета адзначаюць юбілеі: семінарыя ў Мальфеце святкуе стагоддзе новай сядзібы, заснаванай па ініцыятыве Пія XI, а семінарыя ў Аверсе адзначае 300-годдзе адкрыцця сваёй сядзібы.
На думку папы Льва XIV, сам факт таго, што маладыя людзі працягваюць адказваць на пакліканне да святарства, з'яўляецца знакам надзеі для ўсяго Касцёла. Разважаючы пра гэту тэму, Папа звярнуўся да евангельскага эпізоду, у якім Езус узышоў на гару, паклікаў тых, каго хацеў, і абраў Дванаццаць, каб паслаць іх прапаведаваць (Мк 3, 13-14): «Пасля ўзыйшоў на гару і паклікаў да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. І ўстанавіў Дванаццаць, якіх назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць». Як адзначыў Святы Айцец, у гэтых словах Евангелля паводле Марка змешчана сутнасць хрысціянскага паклікання: спачатку ўзысці да Хрыста і быць разам з Ім, а затым атрымаць ад Яго місію.
Асаблівым прыкладам святарскага і біскупскага служэння для будучых святароў Пантыфік назваў біскупа Таніна Бэла, якога італьянскія вернікі ласкава называюць донам Таніна.
«Я думаю, для ўсіх вас шаноўны біскуп дон Таніна Бэла з асаблівай яснасцю паказвае, што значыць быць святаром і быць біскупам — не на словах, а ў кожным жэсце і ў кожным рашэнні, і сведчыць пра гэта да канца», — сказаў Папа, звяртаючыся да семінарыстаў з Мальфеты — радзімы гэтага вядомага пастыра.
Семінарыя – неабходны прыпынак
Леў XIV падкрэсліў, што кожнае пакліканне з'яўляецца свабодным выбарам Бога. «Тут няма конкурсу, няма рэйтынгу, і нідзе не напісана, што Ён абраў лепшых: Ён абраў тых, каго хацеў», — сказаў Папа. Таму паступленне ў семінарыю — не заслуга, а адказ на свабоднае і бескарыслівае Божае пакліканне.
![]()
Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць семінарыйнай фармацыі ў сучасным свеце. У эпоху хуткасці і пастаяннага шуму можа ўзнікнуць спакуса лічыць семінарыю «раскошай» або састарэлай установай. «Але гэта не так», — падкрэслівае Святы Айцец. Менавіта таму, што наш час хуткі і шумны, патрэбна месца і асаблівая пара жыцця, калі вучышся быць, распазнаваць, дазваляць сябе фармаваць, не шукаючы лёгкіх шляхоў.
«Семінарыя — не адтэрміноўка місіі, а яе ўмова. Не варта яе недаацэньваць»,
— дадаў Леў XIV.
Папа параўнаў шлях семінарыста з узыходжаннем на гару, якое патрабуе намагання: ісці даводзіцца пешшу, перамагаючы сябе, не ведаючы, колькі засталося наперадзе да вяршыні.
У такія моманты, калі адчуваецца ўся цяжкасць духоўнай дарогі, дапамагае братэрства і супольнае адчуванне місіі. Бо Езус паклікаў не аднаго чалавека, а Дванаццаць вучняў, вельмі розных па характару. Такім чынам, Ён вучыць, што Касцёл жыве ў супольнасці і не з'яўляецца ўласнасцю каго-небудзь аднаго. Усе пакліканы любіць яго і служыць яму як аднаму целу.
Леў XIV нагадаў, што ніводны пастыр не існуе сам па сабе, і таму семінарыст не можа будаваць з Панам прыватныя адносіны, адарваныя ад Касцёла. Семінарыя павінна быць не толькі месцам атрымання ведаў, але і «школай пачуццяў».
Асаблівую ролю ў гэтым адыгрываюць тыя, хто кіруе фармацыяй семінарыстаў — выкладчыкі. Звяртаючыся да іх, Святы Айцец агучыў якасці, якія павінны быць у фарматараў — «навука, цярплівасць і любоў», тое, што нельга імправізаваць і што выяўляецца ў сапраўдных, асабістых і супольных адносінах.
Пасля сыходу з гары
Леў XIV звярнуў увагу і на апошні этап евангельскага ўрыўка: сыходжанне з гары, каб прапаведаваць. Місія святароў у тым, каб ісці да людзей, абвяшчаць ім прыгажосць веры ў Хрыста і Добрую Навіну пра збаўленне.
«Такім чынам, вас паклічуць сысці з гары, каб быць пасланымі да людзей вашых зямель: да тых сем'яў, якія з цяжкасцю зводзяць канцы з канцамі, да юнакоў, якія ў дваццаць гадоў шукаюць працу, да самотных старых, да адкінутых грамадствам, да тых, хто страціў сэнс жыцця»,
— нагадаў Папа.
Менавіта там, у штодзённым грамадскім жыцці, і ёсць месца святара, дзеля чаго і быў задуманы ўвесь фармацыйны шлях, каб абвяшчаць усім прыгажосць веры ў Езуса Хрыста.
Падзяка сем'ям
Леў XIV падзякаваў семінарыстам за тое, што адказалі «так» на Божае пакліканне, бо гэта сапраўды няпроста ў сучасным свеце. Ужо сама прысутнасць семінарыстаў у семінарыях, як падкрэслівае Пантыфік, з'яўляецца знакам надзеі для ўсяго Касцёла. Гэтая прысутнасць не ёсць нешта само сабой зразумелае, і яна заўсёды абавязана перш за ўсё спрыяльнай сямейнай атмасферы. Таму асаблівую падзяку Святы Айцец выказаў сем'ям семінарыстаў:
«Ніводнае пакліканне не нараджаецца без адпаведнага кантэксту, і часта яму патрэбны дом, бацькі, якія моляцца і ўмеюць адпускаць. Вам, дарагія сем'і, — мая і ўсяго Касцёла ўдзячнасць»,
— сказаў Папа.
Святы Айцец таксама прывітаў і благаславіў дыяканаў, якія праз некалькі дзён атрымаюць прэзбітэрскае пасвячэнне. Ён запэўніў іх у сваёй малітве і пажадаў, каб яны заўсёды заставаліся вернымі, радаснымі і мужнымі вучнямі Пана.






