![]()
Леў XIV звярнуў увагу на неабходнасць адказнага развіцця навукі ў эпоху штучнага інтэлекту і кліматычных змен. Паводле Папы, тэхналагічны прагрэс павінен суправаджацца ростам адказнасці за яго наступствы.
24 верасня Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай сесіі Папскай акадэміі навук, прысвечанай тэме «Будучыня навукі ў свеце, які змяняецца».
Папа заўважыў, што штучны інтэлект, лічбавыя тэхналогіі і робататэхніка могуць прынесці чалавецтву шмат карысці: дапамагчы медыцыне, палепшыць дыягностыку і лячэнне хвароб, умацаваць харчовую і энергетычную бяспеку, пашырыць веды пра Сусвет і стварыць новыя магчымасці для творчасці і супрацоўніцтва.
Але разам з магчымасцямі існуюць і рызыкі. Штучны інтэлект можа выкарыстоўвацца для назірання за людзьмі, маніпулявання і дыскрымінацыі. Новыя кібернетычныя тэхналогіі і аўтаномная зброя могуць ствараць пагрозы для бяспекі і міру. Акрамя таго, сістэмы штучнага інтэлекту патрабуюць вялікай колькасці энергіі і вады і ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя, нагадаў Пантыфік.
Леў XIV падкрэсліў, што «тэхналагічны прагрэс ніколі не з’яўляецца выключна тэхнічным пытаннем» і што разам з ростам магчымасцяў чалавека павінна расці і яго адказнасць.
«Чым большай становіцца наша здольнасць змяняць свет, тым большай павінна быць і наша здольнасць распазнаваць тое, што сапраўды служыць дадзенай Богам чалавечай годнасці, мудра кіраваць і клапаціцца пра тых, хто можа найбольш пацярпець ад наступстваў нашых рашэнняў»,
— падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на актуальнасць гэтага патрабавання перад абліччам кліматычных змен. Ён нагадаў, што хвалі спякоты, засухі, паводкі, штормы і пажары становяцца ўсё больш частымі і моцнымі, а найбольш пакутуюць ад іх бедныя, супольнасці, якія маюць найменш рэсурсаў для адаптацыі, а таксама тыя, чый дабрабыт непасрэдна залежыць ад зямлі, лясоў і акіянаў.
«Такім чынам, кліматычнае пытанне — гэта не толькі экалагічны выклік, але перадусім пытанне справядлівасці, чалавечай годнасці і салідарнасці паміж народамі і пакаленнямі. Мы не можам адказваць на гэтыя выклікі толькі пасля таго, як ужо адбылася катастрофа. Нам неабходна перайсці ад рэагавання на надзвычайныя сітуацыі да прафілактыкі, ад уразлівасці да падрыхтаванасці, ад кароткатэрміновых мер да мудрага і дальнабачнага бачання будучыні чалавецтва», — сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што «гэта патрабуе адказнага і разважлівага падыходу да навукі, які ўмацоўвае ўстойлівасць: падыходу, скіраванага на адкрыцці, але адначасова ўлічвае ўжо ад самага пачатку наступствы, якія навуковы і тэхналагічны выбар можа мець для чалавецтва і цэласнасці стварэння, даручанага нам Богам».
Леў XIV нагадаў, што кліматычная ўстойлівасць патрабуе супрацоўніцтва паміж навукоўцамі, дзяржавамі і мясцовымі супольнасцямі. «Выклікі, звязаныя са зменай клімату, выходзяць за межы асобных дысцыплін, інстытуцый і дзяржаў; таму і наш адказ павінен перасякаць гэтыя межы», — дадаў Папа.
«Малюся, каб вы спрыялі развіццю навуковай культуры, амбітнай, але пакорнай, строгай, але адкрытай для дыялогу, інавацыйнай, але адказнай, заснаванай на глабальным супрацоўніцтве і адначасова адкрытай для тых, хто найбольш рызыкуе і найбольш мае патрэбу ў дапамозе»,
— сказаў сваім гасцям Леў XIV, нагадваючы, што навуковае супрацоўніцтва павінна служыць міру, абараняць чалавечую годнасць, спрыяць агульнаму дабру і клапаціцца пра Божае стварэнне.





