Пошук

05.12.2024 15:37   Тэкст: «Мужчыны святога Юзафа» / Фота: «Мужчыны святога Юзафа» / msj.by / Catholic.by

З 29 лістапада па 1 снежня ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Юзафа ў Воршы (Віцебская дыяцэзія), дзе нясуць служэнне ксяндзы марыяне, адбыліся адмысловыя рэкалекцыі для мужчын.

Духоўныя практыкаванні на тэму «Быць сведкам евангельскага радыкалізму» правёў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У рэкалекцыях, арганізаваных супольнасцю «Мужчыны святога Юзафа», якія праходзілі непасрэдна на распачацце Адвэнту, бралі ўдзел прадстаўнікі Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідцыяцэзіі з Барысава, Браслава, Гродна, Ваўкавыска, Ліды, Мінска, Оршы і Паставаў.

Падчас канферэнцый, у малітвах і размовах удзельнікі разважалі над тэмай духоўных практыкаванняў.

«Быць сведкам і сведчыць — гэта не абстрактная ідэя, а канкрэтны крок і канкрэтныя рэчы», — адзначыў перадусім біскуп Яшэўскі. Рэкалекцыяніст заўважыў, што пасткай было б думаць: «Я пакажу сваю веру і вернасць Богу, калі пачнуцца пераследванні».

«Сёння, у канкрэтных жыццёвых рашэннях, я станаўлюся на бок Пана альбо супраць яго. Альбо я паказваю людзям навокал Божыя сцяжынкі, альбо жыву не так, як Нябесны Айцец гэтага хоча», — сцвердзіў іерарх. Ён дадаў, што прыклад уласнага жыцця прамаўляе лепш за казанні.

«Дабрыня, любоў, радасць і прабачэнне прыцягваюць нашмат мацней.

Недастаткова абвяшчаць Божую навуку толькі словамі. Трэба таксама жыць навукай і пацвярджаць яе сваімі ўчынкамі ў канкрэтным жыцці. Гэта значыць рабіць так, як зрабіў бы Езус, калі б жыў у гэтую хвіліну на зямлі», — даў духоўнае настаўленне мужчынам біскуп Яшэўскі.

Разважаючы над тым, якім павінен быць сапраўдны лідэр, іерарх падкрэсліў, што перадусім ён павінен быць быць сведкам.

«Сведка імкнецца не закрываць сабой рэчаіснасць, пра якую сведчыць. Сведка дапамагае бачыць тым, хто не бачыць, і лепш бачыць тым, хто не бачыць ясна. У рэшце рэшт, некаторыя пачынаюць глядзець і бачыць, бо паверылі яго сведчанню», — зазначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі, дадаўшы, што прыкладам такога лідэра быў святы апостал Пётр».

Сваімі ўражаннямі ад духоўных практыкаванняў падзяліўся Уладзімір з Мінска, адзін з удзельнікаў рэкалекцый.

«Вялікі дзякуй арганізатарам, рэкалекцыяністу біскупу Аляксандру Яшэўскаму, ксяндзам марыянам з Оршы і ўсім мужчынам, якія прыехалі. Мы выдатна правялі час у малітве, разважаннях, сумесных пасілках і простых размовах. Чакаю наступнага разу для свайго духоўнага ўзбагачэння», — сказаў мужчына.

Абноўлена 05.12.2024 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа