Пошук

22.08.2024 10:51   msj. by / Catholic.by

З 16 па 18 жніўня ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшлі духоўныя практыкаванні для мужчын на тэму: «Вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста» (Рым 10, 17).

Рэкалекцыі, арганізаваныя супольнасцю «Мужчыны святога Юзафа», праводзіў ксёндз Віталь Сідорка, пробашч парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц, у Лідзе.

Рэкалекцыяніст прапанаваў удзельнікам шэраг тэм, зачэрпнутых у Пасланні святога Апостала Паўла да Рымлянаў, сярод якіх рэгулярнае чытанне Божага слова і разважанне над ім, паглыбленне рэлігійных ведаў, што дазваляе прыняць у сэрца Добрую вестку — Евангелле і дазволіць яму ўкараніцца ў жыцці.

«Хрысціянін павінен прыносіць штодзённы плён: вызнаваць уласнымі словамі і справамі Евангелле ў сваім жыцці. Шчырае прыняцце волі Бога ў Яго слове гарантуе пачатак новых узаемаадносін з роднымі і блізкімі, пачатак сапраўднага новага жыцця», — было падкрэслена на рэкалекцыях.

Удзельнікі духоўных практыкаванняў мелі час на супольную малітву, даверлівыя гутаркі пры кубку кавы і нават на настольныя гульні.

Ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі, якая гасцінна прымала ўдзельнікаў рэкалекцый, правёў для мужчын займальную экскурсію па касцёле святога Арханёла Міхала, уключна з нядаўна адноўленай і адкрытай для наведвання старадаўняй крыптай у сутарэннях пад святыняй.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.