![]()
Імя дона Таніна Бэла нядаўна прагучала з вуснаў папы Льва XIV падчас аўдыенцыі для семінарыстаў. Пантыфік назваў яго прыкладам таго, што значыць быць святаром і біскупам не на словах, а ў жыцці, які насіў драўляны крыж, адкрыў біскупскі палац для бяздомных і насуперак смяротнай хваробе ўзначаліў марш міру ў абложаным Сараеве. Сёння дона Таніна называюць прарокам, які апярэдзіў свой час. Хто ж такі гэты незвычайны пастыр?
Ад хлопца з Апуліі да біскупа Мальфеты
Магчыма, калі б дон Таніна жыў у Беларусі, яго б называлі проста «ксёндзам Антонам». У італьянцаў аналагам слова «ксёндз» служыць кароткае і ёмкае «дон», у якім адначасова чуецца і павага, і намёк на статус вядомага чалавека. А імя Таніна — памяншальна-ласкальная форма ад Антоніо — замацавалася за пастырам, таму што яго ўсе любілі, і ён сапраўды быў сябрам кожнаму, хто прыходзіў да яго.
Антоніа Бэла нарадзіўся 18 сакавіка 1935 года ў невялікім мястэчку Алесана на самым поўдні Італіі. Яго бацька, маршалак карабінераў, памёр, калі хлопец быў яшчэ малым. Маці-ўдава цяжка працавала, каб звесці канцы з канцамі, выхоўваючы Таніна і ягоных братоў і сясцёр. З дзяцінства ён на ўласныя вочы бачыў цяжкасці жыцця працоўных беднякоў у пасляваеннай Італіі, і пазней гэта аказала вялікі ўплыў на ягоныя прынцыпы і перакананні.
Антоніа яшчэ не быў падлеткам, калі вырашыў стаць святаром. Усяго ў 10 гадоў хлопец паступіў у ніжэйшую (дыяцэзіяльную) семінарыю, гэта значыць адразу пасля заканчэння пачатковай школы (у 1945 годзе). У 15 гадоў ён працягнуў навучанне ў Рэгіянальнай семінарыі горада Мальфета. Магчыма, менавіта там заўважылі таленавітага юнака і таму накіравалі яго ў Балонью, у адмысловую семінарыю, дзе рыхтавалі так званых «рабочых капеланаў». Менавіта там, сутыкаючыся з побытам звычайных завадскіх працоўных, Антоніа канчаткова сфармаваў сваё бачанне Касцёла, які павінен быць блізкім да бедных і працоўнага класа.
Цікава, што, нягледзячы на сваё захапленне духоўным жыццём, Антоніа ніколі не цураўся і паўсядзённых юнацкіх забаў — напрыклад, пасля заняткаў па тэалогіі ён з задавальненнем сустракаўся з сябрамі дзяцінства, каб пагуляць з імі ў футбол. У той жа час ён быў вельмі ўпартым у сваім жаданні служыць Богу, і ва ўзросце ўсяго 22 гадоў (8 снежня 1957 года) быў пасвечаны ў святары. Кажуць, што для гэтага нават спатрэбіўся спецыяльны дазвол.
Прагнасць Антоніа да служэння была настолькі відавочнай, што адразу пасля пасвячэння яго накіравалі дапамагаць у фармаванні будучых святароў у той самай семінарыі, дзе ён калісьці вучыўся, а потым прызначылі пробашчам у розных парафіях Апуліі. На кожным з гэтых пастоў ён асабліва апекаваўся абяздоленымі, а свае сілы ўкладваў у справу справядлівасці і міру.
![]()
У 1982 годзе папа Ян Павел II прызначыў Антоніа Бэла біскупам дыяцэзіі Мальфета–Рува–Джавінаца–Тэрліцці. З гэтага моманту пачалася ягоная незвычайная гісторыя, якая перавярнула ўяўленне пра тое, якім павінен быць біскуп.
«Не называйце мяне Ваша Эксцэленцыя»
Дон Таніна быў настолькі далёкі ад усяго, што тычылася статусу і прывілеяў, што для сучаснікаў не было дзіўным, калі ён пасля біскупскага пасвячэння катэгарычна адмовіўся ад тытулаў «Ваша Эксцэленцыя» або «Мансеньёр» і папрасіў людзей звяртацца да яго, як і раней, — проста дон Таніна.
Але гэта было не адзінае, што ўразіла ўсю Мальфету. Калі прыйшоў час ягонай Імшы ўступлення на пасаду, замест залатога біскупскага крыжа ён апрануў просты драўляны крыж, а замест каштоўнага пастырскага посаха ўзяў драўляны.
Гэта быў свядомы жэст: дон Таніна хацеў нагадаць, што ўлада біскупа — не ў золаце, а ў служэнні, падобна да таго, як Хрыстус насіў цярновы вянок.
У Італіі прынята, каб біскупы ездзілі на афіцыйных аўтамабілях з кіроўцам. Дон Таніна адмовіўся ад гэтага — ездзіў на старым, пашарпаным ровары. Жыхары Мальфеты потым успаміналі, што часта бачылі, як іх біскуп у чорнай сутане круціць педалі, спыняецца каля гандлёвых радкоў, каб павітацца з прадаўцамі, ці размаўляе з дзецьмі на вуліцы.

Менавіта гэтыя, зусім не адпаведныя біскупскаму статусу ўчынкі зрабілі дона Таніна жывой легендай яшчэ пры жыцці.
Дон Таніна паказаў, што хрысціянства — гэта не прыгожыя абрады, а канкрэтныя, часам вельмі нязручныя ўчынкі любові.
Аднойчы да яго прыйшла маці, якой тэрмінова патрэбны былі грошы на лекі для хворага дзіцяці. У касе дыяцэзіі на той момант не было сродкаў. Тады дон Таніна ўзяў біскупскі ланцуг з крыжам, аддаў жанчыне і сказаў: «Ідзі ў ламбард і на выручаныя грошы купі лекі. Жыццё твайго дзіцяці даражэйшае за золата Касцёла». Пасля гэтага ён канчаткова перайшоў на просты драўляны крыж.
«Касцёл фартуха»
Галоўным прынцыпам дона Таніна быў «Касцёл фартуха» (па-італьянску «Chiesa del grembiule»). Ён часта паўтараў, што адзінае літургічнае адзенне, якое Езус Хрыстус пакінуў Касцёлу ў спадчыну, — гэта «фартух», якім Ён падперазаўся, каб абмыць ногі сваім вучням. Таму дон Таніна казаў:
«Калі мы не апранаем фартух, каб служыць іншым, усё астатняе наша адзенне губляе сэнс». Ён быў перакананы, што Касцёл павінен не панаваць, а служыць.
Гэты прынцып дон Таніна ўвасабляў штодня. Стаўшы біскупам, ён адчыніў дзверы сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі для бяздомных, мігрантаў і бедных сем'яў. Часам яго біскупскі палац ператвараўся ў «камуналку» — там адначасова жылі да 20–30 чалавек. Калі месца не хапала, дон Таніна нават саступаў свой ложак і спаў на падлозе альбо на старой канапе ў калідоры. Па вечарах біскуп часта сам гатаваў для сваіх «гасцей» вячэру, і яны ўсе разам сядзелі за адным вялікім сталом. Ён быў упэўнены: «Калі мы даем беднаму ежу, мы не робім яму ласку. Мы проста вяртаем тое, што па праве належыць яму, бо зямля і яе багацці створаны для ўсіх».
З вялікай павагай адносіўся ён і да іншых веравызнанняў. Калі ў горад прыбыла вялікая група мігрантаў з Марока, якія спавядалі іслам, ён прызначыў ім асобны пакой, каб тыя маглі памаліцца.
Дон Таніна таксама клапаціўся, каб у кожнай парафіі Мальфеты дзейнічала група Caritas, і заснаваў у дыяцэзіі цэнтр рэабілітацыі для нарказалежных. Ён асабіста выходзіў на вуліцы, каб дапамагаць у тым ліку і жанчынам, якія патрапілі ў сэксуальнае рабства, дапамагаў ім уцякаць, накіроўваў у бяспечныя прытулкі і даваў шанец на новае жыццё.
«Касцёл, які выходзіць» — гэта была місіяй дона Таніна. Гэта азначала: трэба ісці на пошук іншых людзей, іншых рэлігій, іншых ідэалогій, уступаць у дыялог з усімі, мужчынамі і жанчынамі таго часу, каб гаварыць не толькі пра Бога, але і пра каштоўнасці міру, справядлівасці і аховы стварэння.
Калі на мясцовых заводах пачыналіся забастоўкі працоўных, якім не выплочвалі заробкі, дон Таніна не заставаўся ўбаку. Ён прыходзіў на барыкады, садзіўся разам са страйкоўцамі на зямлю і публічна звяртаўся да ўладаў з патрабаваннем паважаць правы людзей.

Звяртаючыся да моладзі, якой найчасцей даводзіцца станавіцца рупарам кожнай эпохі, Таніна заклікаў: «Будзьце бунтарамі, але бунтарамі з любоўю. Не згаджайцеся са светам, дзе пануе эгаізм, і майце смеласць марыць пра немагчымае».
Марш міру ў Сараева: «Мы прыйшлі падзяліць ваш боль»
Дон Таніна заўсёды быў супраць вайны і рашуча заклікаў да міру. Перакананні пастыра асабліва настойліва рэалізаваліся падчас яго кіраўніцтва італьянскім аддзяленнем Pax Christi, міжнароднага каталіцкага міратворчага руху.
Самым вядомым прыкладам таго, як пастыр заклікаў да спынення войнаў, было здзейсненая ім пілігрымка ў Сараева падчас аблогі горада баснійскімі сербамі. І сёння гэты ўчынак выглядае як прыклад неверагоднай мужнасці і міласэрнасці.
Ішоў снежань 1992 года. Сараева ўжо дзевяць месяцаў знаходзілася ў жудаснай аблозе сербскіх вайсковых фарміраванняў. Горад штодня абстрэльвалі, людзі галадалі і замярзалі. Дон Таніна разам з рухам «Блаславёныя будаўнікі міру» абвясціў заклік: «100 000 у Сараева!» Ён мусіў стварыць «жывы шчыт», каб спыніць вайну. Як паведамляюць СМІ таго часу, адгукнулася каля 500 чалавек. Сярод іх былі маладыя і старыя, вернікі і атэісты, сёстры і адмоўцы ад вайсковай службы па сумленні, анархісты і святары.
Самае дзіўнае, што ў той час дон Таніна быў ужо смяротна хворы на рак страўніка. Сучаснікі казалі, што ён важыў усяго каля 40 кілаграмаў і вельмі пакутаваў ад моцных боляў, у дадатак праходзіў курсы хіміятэрапіі. Але гэта не спыніла яго: «Калі я павінен памерці, я хачу памерці на шляху міру».
7 снежня 1992 года карабель «Лібурнія» з 496 міратворцамі адчаліў ад порта Анконы, горада на адрыятычным узбярэжжы Італіі. Падчас пераправы праз Адрыятыку разгуляўся такі шторм, што здавалася: судна немінуча загіне. Дон Таніна потым скажа: «Мы прайшлі праз ваду і праз агонь, і Пан Бог вызваліў нас».
Потым доўгімі гадзінамі калона аўтобусаў, у тым ліку з пілігрымамі, рушыла да Сараева праз разбураныя вёскі, ваенныя блокпасты і мінныя палі. 1 снежня міратворцы ўвайшлі ў Сараева. Горад быў цёмным, замерзлым, без святла і вады, пад пастаянным прыцэлам снайпераў на знакамітай «Алеі снайпераў» — вуліцы, якая падзяліла горад на «верных» і «няверных», а яго гісторыю на «да» і «пасля». Успамінаючы парадоксы той вайны, дон Таніна запісаў: «На працягу дзевяці месяцаў пасля чатырох гадзін папаўдні нават бранявікі ААН не адважваюцца ўваходзіць, але сёння вечарам тут ёсць іншая ААН — перавернутая ААН».
Наступным днём, 12 снежня, у цемры і холадзе паўразбуранага кінатэатра сабраліся міратворцы і жыхары Сараева. Сярод іх былі не толькі католікі, але і мусульмане, і праваслаўныя — інакш кажучы, тут сабраліся бакі, якія днём раней стралялі адзін у аднаго.

Дон Таніна, ледзь трымаючыся на нагах ад болю і стомленасці, узняўся на сцэну і прамовіў словы, якія ўвайшлі ў гісторыю:
«Мы прыйшлі сюды не проста прывезці ежу. Мы прыйшлі, каб падзяліць ваш боль... Мы — узброеныя толькі надзеяй».
Гэтая сустрэча вярнула людзям, якія месяцы правялі ў склепах, адчуванне, што свет пра іх не забыўся. Варта тут заўважыць, што ў 1992 годзе яшчэ не было мабільных тэлефонаў, а ўлады забаранілі здымку, але дон Рэната Сакка, дарадца Pax Christi, які таксама быў там, таемна запісаў гэты выступ, такім чынам перадаючы ў будучыню дакумент надзвычайнай сілы.
Пілігрымка, якую потым журналісты назвалі «маршам міру», доўжылася некалькі дзён. Дзякуючы ёй, на кароткі час баявыя дзеянні вакол горада сапраўды сціхлі. Ніхто з удзельнікаў марша не загінуў, і ўсе яны змаглі вярнуцца ў Італію.

Праз чатыры месяцы пасля гэтых падзей, 20 красавіка 1993 года дон Таніна адышоў у вечнасць. Гэтая паездка забрала ўсе сілы з яго змучанага хваробай цела, але назаўжды запісала ў гісторыю яго імя як чалавека, які літаральна пайшоў на смерць дзеля міру. Яму было ўсяго 58 гадоў.
Канфлікты і ўсе войны, казаў дон Таніна Бэла, «караняцца ў затуманенні твараў».
«А мы, якія дзелім Хлеб адзінства і міру», — дадаў Папа Францішак ужо на магіле Таніна ў горадзе Мальфета ў 2018 годзе, — «закліканы любіць кожны твар, аціраць кожную слязу, быць заўсёды і ўсюды будаўнікамі міру».
Спадчына: кнігі, вершы і малітвы
Дон Таніна пакінуў пасля сябе вялікую літаратурную і духоўную спадчыну — дзясяткі кніг, артыкулаў, лістоў і паэтычных малітваў. Як успамінаюць яго знаёмыя і блізкія, звычайна ён пісаў па начах. Менавіта гэта, на жаль, і аслабіла ягоны арганізм, але гэта быў адзіны час, калі ён меў магчымасць прысесці за стол, узяць ручку і паперу, каб падзяліцца сваімі думкамі, бо ўсе дні напралёт пастыр праводзіў у сустрэчах з людзьмі. Дон Таніна казаў:
«Я пішу чатырма рукамі: дзве мае і дзве Пана Бога».
Сёння стыль дона Таніна называюць «паэтычнай тэалогіяй». Ён спалучаў глыбокія хрысціянскія праўды з высокай паэзіяй і зразумелымі жыццёвымі вобразамі. Пасля пастыра засталіся тры вядомыя кнігі:
- «Марыя, Панна нашых дзён» — дзе дон Таніна паказвае Панну Марыю як звычайную жанчыну, Якая жыла ў беднасці;
- «Лісты да Езуса» — вельмі асабістая кніга, напісаная ў форме лістоў да Хрыста;
- «Касцёл фартуха» — зборнік прамоў і артыкулаў пра сацыяльнае служэнне.
У першай з названых кнізе ёсць «Малітва да Маці вечара» — верш, які лічыцца самай паэтычнай формай звароту да Маці Божай. Нават ад першых радкоў твора пачынае хвалявацца сэрца верніка: «Santa Maria, donna dei nostri giorni, vieni ad abitare in mezzo a noi», што ў дакладным перакладзе з італьянскай мовы азначае: «Святая Марыя, Панна нашых часоў, прыйдзі і жыві сярод нас».
Таксама дон Таніна пакінуў вялікую спадчыну ў выглядзе цытат, якія і сёння працягваюць натхняць хрысціян па ўсім свеце. Некаторыя з іх асабліва папулярныя:
- пра чалавека і падтрымку: «Чалавек — гэта анёл, у якога ёсць толькі адно крыло. Каб узляцець, яму трэба абдымаць іншага чалавека»;
- пра святасць: «Быць святым — гэта не значыць рабіць нешта звышнатуральнае. Гэта значыць рабіць звычайныя рэчы з надзвычайнай любоўю»;
- пра рух наперад: «Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым. Крызіс хрысціяніна пачынаецца тады, калі ён пачынае лічыць сябе "ўжо дасканалым"».
Прызнанне Касцёла і папа Францішак
20 красавіка 2018 года, у 25-ю гадавіну смерці дона Таніна, папа Францішак здзейсніў пілірымку на радзіму біскупа і месца яго пахавання — у Алесана і Мальфету. Падчас малітвы каля магілы дона Таніна Пантыфік назваў яго «прарокам, які апярэдзіў свой час». Папа Францішак таксама адзначыў:
«Касцёл фартуха» дона Таніна — гэта менавіта тое, да чаго Касцёл павінен імкнуцца і сёння».

У 2007 годзе быў афіцыйна распачаты беатыфікацыйны працэс дона Таніна, а ў лістападзе 2021 года папа Францішак зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа, абвясціўшы яго «Вялебным Слугой Божым» (Venerable).
Чаму пра яго кажа папа Леў XIV
Сёння спадчына дона Таніна працягвае жыць. Папа Леў XIV ужо некалькі разоў звяртаўся да яго постаці і ягоных слоў.
У сваю першую Пальмовую нядзелю ў 2026 годзе Леў XIV цытаваў малітву дона Таніна да Марыі, даручаючы лёс чалавецтва Яе заступніцтву. Пантыфік таксама згадваў біскупа Мальфеты як «узоравага сведку таго, што значыць быць святаром і біскупам», і як «натхняльную постаць міру», які выступаў супраць вайны.
У прамовах да семінарыстаў у гэтыя вераснёвыя дні Святы Айцец зноў звярнуўся да постаці дона Таніна:
«Шаноўны біскуп дон Таніна Бэла з асаблівай яснасцю паказвае, што значыць быць святаром і біскупам — не на словах, а ў жыцці».
Сёння магіла дона Таніна ў Алесана з'яўляецца месцам паломніцтва, а яго творы працягваюць заставацца настольнай літаратурай для хрысціянскай моладзі. Усё яго жыццё — жывы напамін аб тым, што хрысціянства — гэта не прыгожыя абрады, а канкрэтныя, часам вельмі нязручныя ўчынкі любові.
Дон Таніна Бэла — біскуп, які насіў драўляны крыж, адкрываў дзверы для бедных і ішоў у сэрца вайны з пустымі рукамі, але з сэрцам, поўным надзеі. Яго сведчанне працягвае гучаць і сёння — праз словы Папаў, праз кнігі і, найперш, праз жыццё тых, хто ідзе ягонымі слядамі.




