![]()
Прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ксёндз доктар Яўген Вінтоў расказаў, як у Рыме прайшла міжнародная канферэнцыя пра мучаніцтва ў XXI стагоддзі і што яна значыць для беларускіх беатыфікацыйных спраў.
15 верасня ў Папскім патрыстычным інстытуце «Аўгустыніянум» у Рыме адбылася міжнародная канферэнцыя «XXI стагоддзе: новы час мучанікаў?». У ёй прыняў удзел ксёндз Яўген Вінтоў, які ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пракаментаваў вынікі сустрэчы для беларускай рэдакцыі Vatican News.
Дыялог замест пераследу
У Рыме сабраліся эксперты з розных краін і рэлігійных традыцый. Яны вярнуліся да вытокаў справы, якую распачаў Ян Павел II, кажучы пра мучанікаў XX стагоддзя, а пазней працягнулі Францішак і Леў XIV.
«Гэта менавіта той спіс людзей, тыя біяграфіі, якія сведчаць пра чалавека, што жыве Хрыстом і дае сведчанне сваёй веры»,
— патлумачыў ксёндз Вінтоў. Паводле яго слоў, у гэты спіс ужо ўключана каля 1700 чалавек з Азіі, Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі. Прычым гэта не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, якія прапаведавалі Хрыста.
Гаворачы пра беларускі кантэкст, святар прызнаў, што ў нашай краіне немагчыма гаварыць пра прамы пераслед хрысціян у тым сэнсе, у якім яго перажываюць вернікі ў некаторых частках Азіі ці Афрыкі. Разам з тым ён спаслаўся на думку аднаго з азіяцкіх удзельнікаў канферэнцыі:
Нават краіны, дзе пераследу няма, павінны вучыцца дыялогу на прыкладзе сведчанняў мучанікаў XXI стагоддзя — дыялогу з іншымі канфесіямі і рэлігіямі.
Такі дыялог, паводле святара, патрабуе мудрасці, але Касцёл павінен усведамляць яго неабходнасць, нават калі сёння яна не адчуваецца востра.
Пра беларускія справы беатыфікацыі
Ад агульнай тэмы мучанікаў размова перайшла да канкрэтных беларускіх працэсаў. Ксёндз Вінтоў паведаміў, што апошні этап чакае справа Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, дакументы па якой ужо знаходзяцца ў Рыме. Асобна ён вылучыў справу дамініканіна Фабіяна Малішоўскага са Стоўбцаў, які жыў на пераломе XVI–XVII стагоддзяў. Захавалася нават кніга цудаў, звязаных з ім.
ДАВЕДКА

Фабіян Малішоўскі (1583–1644) — дамініканін, які нарадзіўся ў Пшэмыслі і большую частку жыцця прысвяціў служэнню на беларускіх землях. Ён быў вядомым прапаведнікам і місіянерам: працаваў у Львове, Малдавіі і на Пакуці, а ў 1629 годзе ўпершыню стаў настаяцелем у Стоўбцах, дзе пазней і памёр. Айцец Фабіян вызначаўся глыбокай пакорай — адмовіўся ад пасады правінцыяла Рускай правінцыі, лічачы сябе недастаткова годным. Яго памяць у народзе была атулена асаблівай пашанай: цела святара на працягу двух стагоддзяў не паддавалася тленню, а ля яго труны фіксавалі шматлікія цуды і ласкі, запісаныя ў «Кнізе жыцця». У 1927 годзе ў Стоўбцах быў распачаты беатыфікацыйны працэс, які працягваецца да сёння — айцец Фабіян застаецца адным з галоўных кандыдатаў на алтар з беларускай зямлі.
Менавіта гэтай катэгорыі спраў — гістарычным працэсам, якія калісьці распачаліся, але не былі завершаны, — будзе прысвечана кастрычніцкая канферэнцыя Дыкастэрыі па справах кананізацыі ў Рыме. Ксёндз Вінтоў дадаў, што Дыкастэрыя такім чынам дае магчымасць параіцца наконт розных этапаў і момантаў, з якімі сутыкаюцца такога роду працэсы ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.
Ён згадаў таксама постаць францішканіна Мельхіёра Фардона з Гродна.
ДАВЕДКА

Мельхіёр Фардон (1862–1927) — францішканін з Гродна, якога яшчэ пры жыцці вернікі называлі святым. Сын гарадскога архітэктара, ён здаў іспыт на аптэкара, але выбраў семінарыю і ў 1887 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, а ў 50 гадоў уступіў у ордэн францішканаў, узяўшы новае імя Мельхіёр. Айцец Фардон мог спавядаць людзей больш за 12 гадзін запар, перавязваў сцёртыя ногі пілігрымам, аддаваў сваю вопратку жабракам і бескарысліва дапамагаў тым, ад каго адвярнуліся іншыя. У 1915 годзе ён выратаваў ад расстрэлу 13 гродзенскіх пажарных, прапанаваўшы немцам растраляць замест іх сябе, — пасля гэтага яго абвясцілі вечным ганаровым капеланам пажарнай службы. Пасля смерці ў 1927 годзе яго хавалі некалькі тысяч чалавек, а труну неслі пажарныя. У 2018 годзе папа Францішак выдаў дэкрэт аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу Мельхіёра Фардона, прызнаўшы гераічнасць яго цнотаў; парэшткі Слугі Божага сёння спачываюць у капліцы ў званіцы гродзенскага францішканскага касцёла.
Пра яго, на думку святара, у самой Гродзенскай дыяцэзіі гавораць менш, чым, напрыклад, у Беластоку, дзе рэгулярна праводзяцца прысвечаныя яму канферэнцыі.
Патрэбны жывы культ будучых святых
Гаворачы пра шлях «ад дакументаў да алтароў», ксёндз Вінтоў падкрэсліў: акрамя фармальнай працы ў беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсах патрэбны цуд, а для цуду — жывая, «адрасная» малітва вернікаў праз заступніцтва кандыдата да беатыфікацыі і кананізацыі.
«Мала проста маліцца раз на месяц — важна, каб гэта сапраўды быў жывы культ»,
— заўважыў ён.
На думку святара, вернікам варта чытаць жыццярысы будучых святых, бачыць у іх канкрэтныя рысы — справядлівасць, любоў да Айчыны — і прасіць іх заступніцтва ў штодзённых, нават сямейных справах. Важную ролю ў гэтым, паводле эксперта, павінны адыгрываць сродкі масавай інфармацыі і душпастыры на месцах. Ён прывёў прыклад маёвых набажэнстваў, для якіх можна выкарыстоўваць разважанні, напісаныя біскупам Лазінскім.
«Каб мы сапраўды адчувалі, што гэта нашы святыя і каб маглі паказаць свету і Беларусі, што дасягнуць святасці можна і на нашай зямлі», — гэтай думкай ксёндз Вінтоў і падсумаваў размову.
Беларуская зямля мае сваіх сведак веры, і задача Касцёла сёння — успомніць іх, папулярызаваць іх постаці і прапанаваць вернікам як прыклад шляху да святасці.





