Пошук

22.11.2023 10:16   Тэкст: Феліцыян Славінскі / Фота: а. Ануфрый Альховік OSPPE / Catholic.by

У аўторак 21 лістапада ў вёсцы Барацін Карэліцкага раёна (Гродзенская дыяцэзія) быў благаслаўлёны крыж і памятны знак у гонар славутага земляка — Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Менавіна ў гэтай вёсцы 5 чэрвеня 1870 года нарадзіўся будучы першы біскуп Пінскай дыяцэзіі. Хоць правёў ён тут толькі першыя дзесяць гадоў свайго жыцця, бо ў 1880 годзе сям’я Лазінскіх пераехала ў маёнтак Чэрнік каля Мінска Мазавецкага (Польшча), Барацін назаўсёды застаўся ў яго сэрцы.

Па ініцыятыве карэліцкага пробашча айца Ежы Саковіча, паўліна, і пры падтрымцы і дапамозе мясцовай улады ў асобе старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзя Шатуева і намесніка старшыні Яўгена Чычкана вельмі хутка ўдалося добраўпарадкаваць тэрыторыю і паставіць крыж.

На ўрачыстасць сабраліся людзі з розных мясцовасцяў Карэліцкага раёна. Прыбылі прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёй райвыканкама, духавенства з суседніх парафій, айцы паўліны, сёстры назарэтанкі з Навагрудка.

У прамове да сабраных вернікаў айцец пробашч Юрый сказаў:

«Сёння мы вельмі ўдзячныя Слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму за словы, якія калісьці нам пакінуў: „Пане, калі даеш мне выбар, выбіраю Твой крыж…“ Мы будзем памятаць, што пасля дару жыцця няма іншага, апроч любові. Нікому нічога мы не павінны на гэтай зямлі, апрача любові. Гэтую любоў Хрыста біскуп Зыгмунт перадае кожнаму з нас, каб мы адзін аднаго любілі і Хрыста ў гэтым свеце абвяшчалі, аддаючы Яму пашану», — адзначыў святар.

У малітве ён даручыў Богу ўсіх тых, хто будзе маліцца перад усталяваным крыжам і прыбываць у Барацін у пілігрымках, каб ушанаваць Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага і прасіць яго заступніцтва.

 

Абноўлена 22.11.2023 10:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа