Пошук

19.06.2023 20:37   Фота: Вольга Лючэк / Catholic.by

10 чэрвеня група руху «Маці ў малітве», якая ўжо чатыры гады дзейнічае пры парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец), здзейсніла супольную пілігрымку, падчас якой наведала шэраг святынь Гродзенскай дыяцэзіі.

Напярэдадні чацвёртай гадавіны з часу заснавання гэтай парафіяльнай малітоўнай групы, яе ўдзельніцы разам са сваімі сем’ямі сабраліся на святую Імшу, каб выказаць удзячнасць Пану Богу і Найсвяцейшай Марыі Панне за дар, якім з’яўляецца мацярынства і сямейнае жыццё.

Штогод з нагоды гадавіны з’яўлення групы маці збіраюцца, каб разам памаліцца, перажыць асабісты дзень засяроджання, пілігрымаваць, наведаць цікавыя мясціны.

Так, у першую гадавіну ўдзельніцы наведалі санктуарый Маці Божай Цярпліва Слухаючай на ўзгорку Надзеі ў Капцёўцы, што каля Гродна, а ў другую пілігрымавалі ва Уселюб, што на Навагрудчыне, да Маці Божай Новага Жыцця, дзе правялі тры дні ў супольнай малітве. Трэцюю гадавіну летась адзначылі ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых Сем’яў.

Сёлета парафіяльная група «Маці ў малітве» разам са сваім духоўным кіраўніком ксяндзом Валерыем Пупкевічам SCJ напачатку наведала парафію Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Навагрудскі дэканат). Там мясцовы пробашч айцец Юрый Саковіч з манаскай супольнасці святога Паўла, першага пустэльніка, пазнаёміў з гісторыяй парафіі, а потым адбылася святая Імша, гамілію на якой прамовіў айцец Юрый. Ён распавёў госцям з Гродна пра святую Ружу Лімскую, рэліквіі якой захоўваюцца ў карэліцкім касцёле.

Наступным пунктам пілігрымкі стаў Навагрудак, дзе ўдзельніцы памаліліся перад рэліквіямі сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны, а таксама наведалі месца іх мучаніцкай смерці.

Завяршылася пілігрымка ў чацвёртую гадавіну з часу заснавання групы ў парафіі святога Казіміра ва Уселюбе, дзе гродзенскіх падарожніц мясцовыя вернікі разам са сваім пробашчам ксяндзом Віталіем Цыбульскім пачаставалі абедам. Пасля супольнага ўдзелу ў набажэнстве Крыжовага шляху ўдзельніцы парафіяльнай групы руху «Маці ў Малітве» духоўна ўзбагачанымі вярнуліся ў Гродна.

 

Абноўлена 19.06.2023 20:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця