Пошук

18.01.2022 12:15   Тэкст: а. Ануфрый Альховік OSPPE / Фота: з архіву парафіі ў Карэлічах / Catholic.by

Патранальная ўрачыстасць святога Паўла, першага пустэльніка, патрыярха манаскага ордэна паўлінаў, адбылася 15 студзеня ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія).

У літургіі бралі ўдзел шматлікія парафіяне з Карэлічаў і Варончы, дзе ўжо на працягу 29 гадоў нясуць служэнне духоўныя нашчадкі святога Паўла — айцы паўліны. Да ўрачыстасці на працягу дзевяці дзён манаская супольнасць разам з парафіянамі рыхтавалася супольнай малітвай навэнны да святога Паўла, першага пустэльніка. Гэтая духоўная падрыхтоўка стала асаблівым часам у жыцці як карэліцкіх айцоў паўлінаў, так і іх сабратоў, якія нясуць служэнне ў кляштарах па ўсім свеце, каб засяродзіцца на галоўнай мэце і харызме паўлінскага жыцця — сузірання Бога ў самоце: Solus cum Deo solo — «Сам-насам з Богам».

Урачыстую святую Імшу ў карэліцкім касцёле разам з запрошанымі святарамі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гамілію прамовіў ксёндз Юрый Марціновіч, які паказаў святога Паўла як прыклад любові да Бога і бліжняга і ўзор малітвы і сузірання Бога.

Падчас святой Імшы душпастыры карэліцкай парафіі айцы паўліны Ежы Саковіч і Ануфрый Альховік аднавілі манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, каб яшчэ больш рупліва служыць і жыць паводле сваёй манаскай харызмы.

На заканчэнне ўрачыстасці парафіяне падзякавалі айцам паўлінам за тое, што святары ствараюць у парафіі сямейную і добразычлівую атмасферу.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне са свайго боку падзякаваў айцам паўлінам за адданае служэнне ў карэліцкай парафіі; за ўсе ініцыятывы, якія яны рэалізуюць, і пажадаў, каб парафіяльная супольнасць працягвала паспяхова развівацца.

На заканчэнне цэлебрацыі біскуп Кашкевіч, паводле старадаўняй паўлінскай традыцыі, удзяліў дзецям прадпісанае на гэты дзень благаслаўленне, бо святы Павел, патрыярх ордэна паўлінаў, лічыцца асаблівым заступнікам і апекуном дзяцей, а таксама маці, якія чакаюць нараджэння дзіцяці.

Кожны вернік, прысутны на ўрачыстасці, атрымаў незвычайны пачастунак: фігі, фінікі і хлеб святога Паўла, першага пустэльніка, на ўспамін таго пасілку, якім харчаваўся гэты святы ў сваёй егіпецкай пустэльні на працягу 91 года.

Святы Павел, першы пустэльнік, нарадзіўся ў Егіпце ў горадзе Тэбы. Застаўшыся сіратой, ён шмат цярпеў ад свайго сваяка з-за бацькоўскай спадчыны. Падчас ганенняў імператара Дэцыя (249–251) на хрысціянаў, Павел, даведаўшыся пра падступную задуму аддаць яго ў рукі ганіцеляў, пакінуў горад і адышоў у пустыню.

Пасяліўшыся ў пячоры, святы Павел, нікому не вядомы, пражыў у ёй 91 год, нястомна молячыся Богу ўдзень і ўначы. Харчаваўся ён фінікамі з пальмы і хлебам, які прыносіў яму крумкач, ваду піў з крыніцы, якая была пры пячоры. Адзеннем з пальмавага лісця ўкрываўся ад холаду і спёкі.

Аднойчы святому Антонію, які таксама жыў у Тэбаідскай пустыні, прыйшла думка, што наўрад ці ёсць іншы такі пустэльнік, як ён. І тады ён пачуў голас, які сказаў яму, што ёсць яшчэ іншы пустэльнік, да якога яму трэба пайсці. Антоній пайшоў і знайшоў пячору святога Паўла. Святы Павел выйшаў яму насустрач. Старцы назвалі адзін аднаго па імені, абняліся і доўга размаўлялі. У час размовы прыляцеў крумкач і прынёс ім абодвум хлеб. Святы Павел адкрыў святому Антонію набліжэнне сваёй смерці і папрасіў пахаваць яго. Сканаў святы Павел падчас малітвы, стоячы на каленях. Святы Антоній бачыў, як ягоная святая душа ў атачэнні анёлаў, прарокаў і апосталаў узыходзіла да Бога. Два ільвы прыбеглі з пустыні і лапамі выкапалі магілу, і Антоній пахаваў у ёй святога старца. Памёр святы Павел, першы пустэльнік, у 341 годзе ва ўзросце 113 гадоў.

У XIII стагоддзі ў Венгрыі ў гонар святога Паўла, першага пустэльніка, быў заснаваны манаскі ордэн айцоў паўлінаў (Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка). Сёння ордэн айцоў паўлінаў шырока распаўсюджаны ў многіх краінах свету.

У Беларусі супольнасці айцоў паўлінаў знаходзяцца ў Карэлічах і Гомелі.

Абноўлена 18.01.2022 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа