Пошук

27.11.2023 13:01   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

21–22 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) праходзіла 88-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Як афіцыйна паведамлялася раней, у восеньскім пасяджэнні беларускага каталіцкага епіскапату ўзялі ўдзел Старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, віцэ-старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны сакратар ККББ дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пасяджэнні таксама прысутнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, завяршылася пасяджэнне святой Імшой у навагрудскім касцёле святога Арханёла Міхала, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама мясцовыя вернікі.

Пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын прывітаў усіх прысутных, асабліва іерархаў, і звярнуўся да біскупаў з просьбай благаславіць мемарыяльную шыльду, прысвечаную двум славутым Божым Слугам з навагрудскай зямлі: біскупу Зыгмунту Лазінскаму i сястры Вандзе Банішэўскай.

Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся ў 1870 годзе ў вёсцы Барацін каля Карэлічаў. Будучы першы біскуп Пінскай дыяцэзіі правёў у гэтай вёсцы толькі першыя дзесяць гадоў жыцця, бо ў 1880 годзе сям’я Лазінскіх пераехала ў маёнтак Чэрнік каля Міньска-Мазавецкага (Польшча), але малая радзіма назаўсёды засталася ў яго сэрцы.

Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Навагрудка. Яна жыла там разам з бацькамі, братамі і сёстрамі, пакуль не ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільні.

Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў мемарыяльную шыльду і заахвоціў прысутных «‎не баяцца быць святымі ўжо на зямлі»‎.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця