
7 чэрвеня ў парафіі Божага Цела і манаскай супольнасці кармэлітаў босых у Мінску адбылася «вельмі цудоўная і доўгачаканая ўрачыстасць» — пасвячэнне новазбудаванага касцёла Божага Цела. Гэты касцёл быў пабудаваны як вотум беларускага народа за дар сакрамэнту Эўхарыстыі. Душпастыры і вернікі вельмі доўга і рупліва рыхтаваліся да гэтай падзеі.
Апоўдні ў мінскі Кармэль прыбыў галоўны цэлебрант Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама з дастойных іерархаў на ўрачыстасці прысутнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў свой час благаславіў вуглавы камень пад будову гэтага касцёла, і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Грэка-каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Быў прысутны таксама Правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых айцец Лукаш Кансы OCD і Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD. Да ўдзелу ў знакавай рэлігійнай падзеі прыбылі кармэліты босыя з усіх супольнасцяў у Беларусі, а таксама шматлікія святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з іншых дыяцэзій і з-за мяжы, а таксама законныя сёстры. У святкаванні прыняў таксама ўдзел прадстаўнік дзяржаўнай улады — намеснік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Заводскага раёна горада Мінска Врублеўскі Дзмітрый Часлававіч, і архітэктар праекта касцёла Аляксей Яроменка. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі дабрадзеі, будаўнікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, а таксама госці з Мядзела, Нарачы, Дарава і іншых парафій і шматлікія вернікі парафіі Божага Цела ў Мінску.
Перад уваходам у касцёл арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прывіталі парафіяне з традыцыйным караваем. Пасля пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD уручыў арцыпастыру сімвалічны ключ, якім ён тройчы пастукаў у дзверы касцёла. Затым пробашч адчыніў дзверы касцёла і запрасіў усіх увайсці на цэлебрацыю літургіі пасвячэння. Спеў падчас літургіі ў гэты дзень узначаліў хор «Голас душы» з парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску.
У пачатку цэлебрацыі Мітрапаліт павіншаваў усіх прысутных з «наваселлем» і заахвоціў да радасці і ўдзячнасці Богу. Пазней усіх прывітаў настаяцель супольнасці кармэлітаў босых у Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD. Пасля гэтага адбыўся абрад благаслаўлення вады, акрапленне вернікаў, сценаў касцёла і алтара, які здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, засяроджваючы ўвагу на тым, каб вернікі не забывалі дарогу да касцёла дзеля атрымання Божых ласкаў, адпушчэння грахоў і сілкавання Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Іерарх заахвоціў таксама, каб яны самі былі жывымі камянямі і на зямлі ўтваралі Божую будоўлю дабра, спакою і адзінства.
Праспяваўшы супольна літанію да Усіх Святых, галоўны цэлебрант арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прачытаў малітву пасвячэння касцёла і намасціў алтар алеем хрызма. Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў гэты час намасціў сцены новага касцёла і здзейсніў акаджэнне.
Затым ва ўрачыстай працэсіі прадстаўнікі розных парафіяльных малітоўных супольнасцей прынеслі абрус на алтар, аздабілі яго свечкамі, а супольнасць сясцёр шарытак упрыгожыла прэзбітэрый кветкамі. Пасля гэтага новапасвечаны касцёл раз’ясніўся святлом і агнём запаленых свечак. У працэсіі з дарамі вернікі прынеслі дары для цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля Святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў змешчаны ў табэрнакулюме.
Наступным пунктам літургіі стаў спеў гімна «Цябе, Бога праслаўляем», як знак радасці і праслаўлення Бога за дар новай святыні. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD выказаў усім словы ўдзячнасці. Таксама былі ўручаны падзякі заслужаным дабрадзеям і парафіянам. Арцыбіскуп Станеўскі благаславіў памятную дошку, якая будзе ўсталявана ў касцёле дзеля захавання памяці пра гэтую падзею.
Вечарам на прыкасцёльнай тэрыторыі быў арганізаваны парафіяльны святочны сямейны пікнік, дзе ў радаснай і сямейнай атмасферы парафіяне і госці са сваімі душпастырамі адзначылі радасную падзею пасвячэння доўгачаканай святыні.







































































































