Пошук

05.02.2026 16:34   Тэкст: Victoria Cardiel / EWTNNEWS / Пераклад і адаптацыя: catholic.by
Салезіянскія дні моладзі ў Мінску ў 2024 годзе.

Ватыкан выказвае падтрымку моладзеваму руху «Шлях да Адкуплення-2033», накіраванаму на духоўнае абнаўленне маладых хрысціян з усёй Еўропы. Кульмінацыяй ініцыятывы стане пілігрымка ў Ерузалем для святкавання юбілею Адкуплення, які будзе адзначацца ў 2033 годзе.

Апостальская сталіца ўхваліла гэты праект, які ініцыявала іспанская Канферэнцыя Біскупаў і падтрымліваюць 196 канферэнцый біскупаў па ўсім свеце.

Першы этап праекта пачаўся ў 2025 годзе ў Рыме са святкавання Юбілею надзеі. Наступнымі пунктамі прызначэння  стануць Сант'яга-дэ-Кампастэла ў 2027 годзе і Ерузалем у 2033 годзе, што прымеркавана да 2000-годдзя Мукі, смерці і Уваскрасення Хрыста.

Біскуп Паленсіі Мікель Гарсіяндыя правёў у Ватыкане серыю інтэнсіўных сустрэч з рознымі дыкастэрыямі Рымскай курыі, каб распаўсюдзіць гэтую ініцыятыву па ўсім свеце.

Мэта Гарсіяндыя амбіцыйная: «Мы хочам, каб гэта быў праект, які атрымае найбольшую падтрымку моладзі за ўсю гісторыю», — сказаў ён.

У інтэрв'ю ACI Prensa, іспанамоўнаму філіялу EWTN News, біскуп распавёў, што нават у Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця яму сказалі:

«Такога яшчэ ніколі не было: каб праект адначасова каардынаваўся пяццю дыкастэрыямі — і так шматгранна і інтэрнацыянальна».

1 жніўня 2025 года падчас спецыяльнага мерапрыемства, праведзенага ў касцёле Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ ў Рыме ў рамках святкавання Юбілею моладзі, быў апублікаваны маніфест праекта.

«Гэты маніфест прыцягнуў значную ўвагу сродкаў масавай інфармацыі ў першай палове ліпеня, і практычна чвэрць мільёна людзей і ўстаноў далучыліся да яго», — адзначыў іспанскі біскуп.

Арганізатары хочуць, каб гэты маніфест меў найбольшы ахоп моладзі за ўсю гісторыю. У сувязі з гэтым Гарсіяндыя прывёў некалькі паказальных лічбаў: «Менш чым за два тыдні ў ліпені маніфест падпісала 236 000 маладых людзей». Ён дадаў, што «100 000 маладых людзей з Канады, якія збіраюцца правесці канферэнцыю ў 2027 годзе, ужо звярнуліся з просьбай уключыць у яе «Шлях да Адкуплення».

Біскуп Гарсіяндыя з Папам Львом ХІV. Фота: Vatican Media

Гарсіяндыя адзначыў, што сам Папа Рымскі падзяляе моладзевы дух праекта:

«На аўдыенцыі Папа сказаў нам: "Я малады і хачу падпісаць маніфест". І ён падпісаў».

Хоць заключны этап падарожжа адбудзецца ў Ерузалеме на ўспамін 2000-годдзя Мукі, смерці і Уваскрасення Хрыста, біскуп падкрэсліў, што «гэты праект не з’яўляецца самамэтай, а накіраваны на адкрыццё гарызонту Адкуплення».

Трыма галоўнымі элементамі праекта з’яўляюцца сям'я і жыццё, моладзь і культура, а таксама новая евангелізацыя.

Беспрэцэдэнтная магчымасць

Іспанскі біскуп разглядае гэты праект у кантэксце глыбокіх культурных пераўтварэнняў сярод моладзі.

«Большасць з іх нават не чула пра Езуса»,— сказаў ён, падкрэсліўшы беспрэцэдэнтную магчымасць:

«У нас ёсць пакаленне маладых людзей, якія жывуць у сацыяльных сетках і ў якіх няма ніякай асаблівай прадузятасці ні на карысць Касцёла, ні супраць яго».

Ён адзначыў, што за апошнія 15 гадоў моладзь была «моцна ідэалагізаваная».

На думку біскупа, з'яўленне сацыяльных сетак было станоўчым момантам, паколькі «гэта прывяло да краху распаўсюджвання ідэалогій і філасофій, нават самога атэізму».

Для Касцёла, падкрэсліў ён, гэта адкрывае новыя місіянерскія гарызонты, «таму што ў нас ёсць маладыя людзі, якія нічога не маюць супраць нас»; адсюль каштоўнасць, якую ён надае пілігрымкам і святыням, якія ён называе «магчымасцямі, калі многія людзі выходзяць на вуліцы ў пошуках чагосьці, чаго яны прагнуць».

Абноўлена 05.02.2026 16:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця