Пошук

09.01.2026 23:29   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Падчас каляднай канферэнцыі, якая прайшла 8 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, з дакладам, прысвечаным 35-годдзю аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, да прысутных звярнуўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Магілёўскі рэгіён.

Глыбокапаважаныя арганізатары і ўдзельнікі канферэнцыі!

Тэма майго сённяшняга даклада — «Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур». Я прапаную паглядзець на гэтую гадавіну не як на сімвалічную «кропку адліку», а як на аснову для асэнсавання сучаснага этапу развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў святле яго гістарычнай пераемнасці і эклезіяльнай адказнасці.

Аднаўленне іерархічных структур напрыканцы ХХ стагоддзя — падзея, значэнне якой выходзіць далёка за межы чыста храналагічнага ці адміністрацыйнага апісання мінулага. Гаворка ідзе пра вяртанне мясцоваму Касцёлу паўнаты яго эклезіяльнай суб’ектнасці пасля дзесяцігоддзяў, калі ён існаваў без прававой кананічнай іерархіі, без належнай юрыдычнай абароны і без магчымасці адпаведнага пастырскага функцыянавання.

Менавіта таму 35-годдзе аднаўлення структур — гэта не юбілей стварэння «новага Касцёла»: Каталіцкі Касцёл у Беларусі не ўзнік у канцы 1980-х гадоў, але выйшаў з маўчання і маргіналізацыі, захаваўшы ўнутраную пераемнасць веры, традыцыі, служэння і ахвяры, якая сягае ў глыбіню папярэдніх стагодддзяў.

Прынцыпова істотным з’яўляецца наступнае ўдакладненне, а менавіта: аднаўленне Касцёла ў Беларусі не было аўтаматычным вынікам грамадска-дзяржаўных зменаў у канцы савецкай эпохі. Нават калі агульныя працэсы другой паловы 1980-х гадоў сапраўды аслабілі татальны кантроль над рэлігійным жыццём, пераход ад ecclesia in silentio (ад Касцёла ў маўчанні) да адкрытага касцёльнага існавання патрабаваў свядомых кананічных рашэнняў, якія маглі аднавіць не толькі публічную прысутнасць, але і эклезіяльную паўнату мясцовага Касцёла. Гэтая думка стане фундаментальнай для ўсяго далейшага выкладу.

Разам з тым тэма даклада надзвычай шырокая і шматпластовая. Таму я свядома не імкнуся вычарпальна ахапіць усе магчымыя гістарычныя аспекты, а засяроджваюся на ўнутранай логіцы працэсу аднаўлення ў чатырох пунктах:

  1. як адбывалася кананічная рэабілітацыя і вяртанне прававой кананічнай іерархіі;
  2. як 1990-я гады сфармавалі базавую інстытуцыйную «карту» Касцёла і адначасова выявілі межы экстэнсіўнага росту;
  3. чаму пытанне фармацыі духавенства стала цэнтральным механізмам эклезіяльнай устойлівасці; і, нарэшце:
  4. як сёння, пасля стабілізацыі структур, галоўным выклікам становіцца не наяўнасць інстытутаў, а іх здольнасць несці пераканаўчае евангельскае сведчанне.

З гэтай перспектывы лагічна пачаць з моманту, які стаў паваротным: канец ХХ стагоддзя як час кананічнай рэабілітацыі і аднаўлення іерархічных структур, калі Касцёл у Беларусі перайшоў ад надзвычайнасці — да нормы, ад маўчання — да адказнай свабоды.

I. Канец ХХ стагоддзя: кананічная рэабілітацыя і аднаўленне іерархічных структур

Пералом у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі надышоў у другой палове 1980-х гадоў, калі агульныя змены ў грамадска-дзяржаўнай сістэме Савецкага Саюза паступова аслабілі татальны кантроль над рэлігійным жыццём. Аднак важна падкрэсліць, што аднаўленне Касцёла не было аўтаматычным вынікам палітычных працэсаў у грамадстве. Яно патрабавала свядомых кананічных рашэнняў, здольных аднавіць не толькі публічную прысутнасць, але і эклезіяльную паўнату мясцовага Касцёла.

Першым вырашальным крокам стала паступовае вяртанне легальнай магчымасці пастырскага служэння. У 1988 годзе, у кантэксце святкавання тысячагоддзя Хрышчэння Русі, савецкая атэістычная ўлада была вымушана часткова змяніць сваё стаўленне да рэлігійных супольнасцяў. Гэта адкрыла прастору для вяртання асобных святыняў вернікам і для публічнага здзяйснення літургіі, хоць і ў вельмі абмежаваных умовах.

З кананічнага пункту гледжання ключавым момантам стала прызначэнне ў 1989 годзе Апостальскага адміністратара для католікаў у Беларусі, якім стаў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч (будучы мітрапаліт і арцыбіскуп, які сёння на пенсіі). Гэтае рашэнне мела прынцыповае значэнне: упершыню пасля дзесяцігоддзяў ecclesia in silentio мясцовы Касцёл атрымаў пастыра на законных умовах, які дзейнічаў не толькі de facto, але і de iure. З гэтага моманту Касцёл у Беларусі пачаў выходзіць з надзвычайнага стану і вяртацца ў норму кананічнага жыцця.

Наступным, кульмінацыйным, этапам стала рэструктурызацыя касцёльнай іерархіі ў пачатку 1990-х гадоў. 13 красавіка 1991 года Апостальская Сталіца прыняла рашэнне аб аднаўленні паўнавартаснай дыяцэзіяльнай структуры ў Беларусі, уключна з аднаўленнем Мінска-Магілёўскай мітраполіі і прызначэннем арцыбіскупа Казіміра Свёнтка першым мітрапалітам, а таксама ўстанаўленнем адпаведных дыяцэзіяльных межаў. Адначасова былі заснаваныя Гродзенская дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Аляксандар Кашкевіч, і Пінская дыяцэзія, гістарычнае заснаванне якой датуецца 28 кастрычніка 1925 года, калі яе першым біскупам быў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. У 1991 годзе адбылася змена межаў Пінскай дыяцэзіі; у прыватнасці, у яе склад увайшла тэрыторыя сучаснай Гомельскай вобласці. Віцебская дыяцэзія была створана 13 кастрычніка 1999 года; яе першым біскупам стаў Уладзіслаў Блін.

Гэтае рашэнне не было стварэннем новай структуры ex nihilo, але кананічным аднаўленнем перапыненай эклезіяльнай логікі, якая існавала да знішчэння ў ХХ стагоддзі.

Роля першага Папы славяніна святога Яна Паўла II у гэтым працэсе мела вырашальнае значэнне. Яго пастырская і кананічная стратэгія ў дачыненні да краінаў былога савецкага блока грунтавалася на прынцыпе памяці і справядлівасці: мясцовыя Касцёлы не ствараюцца нанова, але ім вяртаецца тое, што было гвалтоўна адабрана. У гэтым сэнсе аднаўленне структур у Беларусі было актам эклезіяльнай рэабілітацыі, а не проста адміністрацыйнай рэформай.

Знакавай падзеяй пантыфікату святога Яна Паўла ІІ стала ўсталяванне дыпламатычных адносін паміх Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь 11 лістапала 1992 года.

Неабходна зазначыць, што аднаўленне іерархіі адбывалася ў сітуацыі амаль поўнай адсутнасці інстытуцыйнай пераемнасці. На пачатак 1990-х гадоў Касцёл у Беларусі не меў уласных семінарый, востра адчуваўся дэфіцыт святароў, а значная частка вернікаў не мела сістэмнай катэхетычнай фармацыі. Гэта азначала, што адноўленыя структуры з самага пачатку былі пастаўлены перад выклікам не толькі кіравання, але рэканструкцыі самаго касцёльнага жыцця.

Такім чынам, перыяд 1989–1991 гадоў стаў не проста момантам юрыдычнага аднаўлення, але пераходам ад Касцёла маўчання да Касцёла адказнай свабоды. Аднаўленне іерархічных структур адкрыла новую фазу гісторыі, у якой свабода касцёльнага жыцця больш не была дадзенасцю, але заданнем — заданнем, якое патрабавала сталай веры, пастырскай мудрасці і доўгатэрміновай эклезіяльнай адказнасці.

ІІ. 1990-я гады: інстытуцыйнае аднаўленне, пастырскі энтузіязм і першыя межы росту

1990-я гады сталі для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі перыядам інтэнсіўнага і шматвымернага аднаўлення, якое адбывалася амаль адначасова ва ўсіх асноўных сферах касцёльнага жыцця. Пасля кананічнай рэабілітацыі 1989–1991 гадоў мясцовы Касцёл апынуўся перад задачай за кароткі час аднавіць структуры, формы служэння і эклезіяльную прысутнасць, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў былі сістэмна знішчаныя або істотна абмежаваныя.

Першым і найбольш бачным працэсам стала аднаўленне парафіяльнай сеткі. У 1990–1995 гадах адбывалася масавая рэгістрацыя парафій, вяртанне і будаўніцтва святыняў — падчас біскупскага служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча як Апостальскага адміністратара было перададзена каля 100 касцёлаў, а таксама далейшае паступовае вяртанне літургічнага жыцця ў публічную прастору. Для значнай часткі вернікаў гэта быў першы досвед адкрытага і легальнага ўдзелу ў сакрамэнтальным жыцці без страху рэпрэсій. Парафія зноў заняла цэнтральнае месца як базавая форма касцёльнай ідэнтычнасці і асноўная прастора перадачы веры.

Паралельна з парафіяльным адраджэннем адбывалася фарміраванне дыяцэзіяльных структур кіравання. У першай палове 1990-х гадоў ствараюцца курыі, дыяцэзіяльныя аддзелы, пастырскія рады; распачынаецца сістэмная дзейнасць у галіне катэхезы, літургіі і дабрачыннасці. Засноўваюцца катэхетычныя курсы ў Гродне для падрыхтоўкі свецкіх катэхетаў, якія потым ператварыліся ў тэалагічны каледж св. Казіміра. Гэты працэс меў выразна інстытуцыйны характар і быў неабходны для нармальнага функцыянавання Касцёла. Аднак ужо на гэтым этапе выявіўся востры дэфіцыт падрыхтаваных кадраў, арганізацыйнага досведу і пастырскіх рэсурсаў, што аб’ектыўна абмяжоўвала тэмпы і якасць росту.

У гэтым кантэксце стала відавочным, што інстытуцыйнае аднаўленне не можа абмяжоўвацца выключна ўнутранымі адміністрацыйнымі структурамі, але павінна знаходзіць канкрэтнае ўвасабленне ў сацыяльным і дабрачынным служэнні. Ужо ў пачатку 1990-х гадоў распачалося фарміраванне дыяцэзіяльных структур «Карытас», што дазволіла перайсці ад фрагментарнай дапамогі да сістэмна арганізаванай дабрачыннай дзейнасці. У 1990 годзе была створана дабрачынная арганізацыя «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі, у 1991 годзе — «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1993 годзе — «Карытас» Пінскай дыяцэзіі. Структура «Карытас» у Віцебску ўзнікла ў 1999 годзе адначасова з утварэннем адпаведнай дыяцэзіі. Значным крокам у развіцці дабрачыннага служэння стала рэгістрацыя ў 1999 годзе нацыянальнай структуры Caritas Belarus, якая аб’яднала ўсе дыяцэзіяльныя арганізацыі і забяспечыла іх прадстаўніцтва перад дзяржаўнымі органамі і міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку Caritas Internationalis і Caritas Europa. Гэта надало дабрачыннай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі каардынаваны, устойлівы і публічна распазнавальны характар.

Паралельна з інстытуцыйным ростам асабліва востра выявіўся недахоп духавенства. На пачатку 1990-х гадоў значная частка пастырскай працы трымалася на нешматлікіх святарах, многія з якіх былі пажылога ўзросту або прыязджалі з-за мяжы. Гэта стварала аб’ектыўныя цяжкасці: шырокія пастырскія тэрыторыі, абмежаваныя магчымасці катэхезы і духоўнага суправаджэння, а таксама рызыка функцыяналізацыі святарскага служэння.

Ужо ў гэты перыяд стала відавочным, што без сістэмнай фармацыі ўласнага духавенства інстытуцыйнае аднаўленне застанецца няпоўным. Невыпадкова 1 верасня 1990 года, у дзень інаўгурацыі першага навучальнага года ў новазаснаванай Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліваў, што, хоць «сэрца можа нейкі час функцыянаваць з донарскай крывёй, для паўнавартаснага жыцця яно павінна мець сваю ўласную».

Важным складнікам гэтага перыяду стала таксама адраджэнне кансэкраванага жыцця. У 1991–1998 гадах у Беларусь вяртаюцца або нанова засноўваюцца супольнасці манаскіх ордэнаў і кангрэгацый — як мужчынскіх, так і жаночых. Яны ўнеслі істотны ўклад у развіццё катэхізацыі, адукацыі, дабрачыннасці і сацыяльнага служэння. Аднак і тут паступова выявіліся межы росту, звязаныя з недахопам мясцовых пакліканняў і значнай залежнасцю ад замежных кадраў.

Што датычыць катэхізацыі і рэлігійнай адукацыі, то ў 90-я гады мінулага стагоддзя яна развівалася вельмі дынамічна, але часта мела характар першаснай, кампенсаторнай катэхезы, скіраванай на запаўненне шматгадовай рэлігійнай пустэчы. Гэта была катэхеза пачатку, а не паглыблення. Напрыканцы дзесяцігоддзя стала відавочным, што без катэхезы дарослых і сістэмнай фармацыі вернікаў узнікае небяспека фармальнага і павярхоўнага рэлігійнага жыцця.

Лагічным працягам кананічнай рэабілітацыі і аднаўлення дыяцэзіяльнай структуры стала фарміраванне сталых формаў біскупскай калегіяльнасці. Гэтаму паспрыяла ўтварэнне ў 1999 годзе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Устаноўчы сход адбыўся 11 лютага 1999 года, а першым Старшынёй Канферэнцыі быў абраны кардынал Казімір Свёнтэк. Стварэнне Канферэнцыі засведчыла пераход ад першаснага этапу аднаўлення іерархіі да стадыі інстытуцыйнай кансалідацыі, у межах якой біскупскае служэнне рэалізуецца не толькі ў індывідуальных юрысдыкцыйных формах, але і ў выразна калегіяльным вымярэнні.

Вельмі важным унёскам у прававы пачатак душпастырскай дзейнасці сталі Статуты Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Сінод, што быў скліканы кардыналам Казімірам Свёнткам і адбываўся з 1996 па 2000 гады, распрацаваў і зацвердзіў Статуты, у якіх былі ахоплены не толькі партыкулярныя законы кожнай дыяцэзіі адносна разнастайнага душпастырства. У выдадзеных Статутах былі пададзены ўзоры лістоў і фармуляраў, неабходныя пратаколы для ажыццяўлення кананічна-душпастырскай дзейнасці.

Стратэгічна важным напрамкам аднаўлення стала забеспячэнне літургічнага, біблійнага і катэхетычнага жыцця на беларускай мове. Ужо з 1989 года выявілася неабходнасць у сістэмнай і доўгатэрміновай працы над перакладамі асноўных тэкстаў Касцёла. Першым біскупам Тадэвушам Кандрусевічам былі выдадзены брашуры «Кароткі катэхізіс» і «Парадак Імшы» на беларускай мове. З 1992 года па рашэнні мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Казіміра Свёнтка была створана першая «Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры», якая праз некалькі гадоў была рэфармавана ў «Мітрапалітальную камісію па тлумачэнні літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры».

У 2004 г. рашэннем ККББ гэтая Камісія атрымала статус «Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» пры ККББ. Дзейнасць гэтай Секцыі ахапіла літургічныя кнігі, сакрамэнтальныя рытуалы, афіцыйныя дакументы Касцёла і Святога Пісання. Вынікам гэтай працы сталі біблійныя выданні на беларускай мове: пераклад чатырох Евангелляў, першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету, Лекцыянарый, а таксама Пяцікніжжа Майсея. Гэтыя пераклады мелі не толькі літургічнае, але і шырокае пастырскае і асветніцкае значэнне, умацоўваючы прысутнасць Божага слова ў жыцці вернікаў і культурнай прасторы краіны, узбагаціўшы нашую мову сакральнай лексікай, якая пэўны час не толькі не развівалася, але і была забароненая.

Напрыканцы 1990-х гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўвайшоў у якасна новую фазу свайго развіцця. Перыяд эйфарыі, звязаны са здабыццём свабоды веравызнання і хуткім інстытуцыйным ростам, паступова змяняўся больш цвярозым усведамленнем унутраных межаў і структурных абмежаванняў. Станавілася відавочным, што само па сабе аднаўленне інстытутаў не гарантуе эклезіяльнай сталасці. Перад Касцёлам паўстала задача пераходу ад логікі экстэнсіўнага росту да логікі паглыблення — фармацыі духавенства, выразнага разумення ролі свецкіх вернікаў, інтэлектуальнай адказнасці і якасці пастырскага служэння.

У цэлым 1990-я гады сталі пераходным перыядам паміж кананічнай рэабілітацыяй і эклезіяльнай сталасцю. Менавіта ў гэты час былі закладзены як моцныя бакі сучаснага Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, так і выяўлены праблемныя вузлы, якія вызначылі неабходнасць глыбейшай увагі да фармацыі духавенства, ролі свецкіх вернікаў і якасці пастырскага сведчання — тэматычных акцэнтаў, што становяцца цэнтральнымі ў наступных раздзелах даследавання.

ІІI. Фармацыя духавенства пасля 1990 года: ад надзвычайнасці да структурнай адказнасці

Аднаўленне іерархічных структур напрыканцы ХХ стагоддзя паставіла Каталіцкі Касцёл у Беларусі перад адным з найбольш складаных і доўгатэрміновых выклікаў — аднаўленнем уласнай сістэмы фармацыі духавенства. Пасля дзесяцігоддзяў ecclesia in silentio мясцовы Касцёл фактычна не меў ні ўласных семінарый, ні сталай традыцыі акадэмічнай і духоўнай падрыхтоўкі святароў. Гэта азначала, што кананічнае аднаўленне іерархіі ў 1989–1991 гадах не магло быць устойлівым без неадкладнага вырашэння фармацыйнага пытання.

У пачатковы перыяд 1990-х гадоў фармацыя духавенства мела выразна надзвычайны характар. Кандыдаты да святарства накіроўваліся на навучанне за мяжу, у семінарыі Польшчы, Літвы і іншых краін. У той жа час з-за адсутнасці магчымасці фармацыя законнікаў адбывалася за мяжой. Гэта было неабходным і апраўданым рашэннем у сітуацыі, калі ў Беларусі адсутнічалі ўмовы для паўнавартаснай падрыхтоўкі святароў. Аднак ужо ў пачатку 1990-х гадоў стала відавочным, што такая мадэль не можа быць доўгатэрміновай: яна не забяспечвала фармацыі, глыбока ўкаранёнай у мясцовы культурны, моўны і пастырскі кантэкст.

Таму наступным этапам стала паступовае стварэнне ўласных фармацыйных структур. Першая палова 1990-х гадоў і пачатак 2000-х адзначыліся фарміраваннем стабільнай сістэмы святарскай падрыхтоўкі, уключаючы духоўную, акадэмічную і пастырскую фармацыю. Гэта было не проста інстытуцыйным крокам, але эклезіялагічным рашэннем: мясцовы Касцёл пачаў несці поўную адказнасць за падрыхтоўку ўласных святароў у Гродзенскай духоўнай семінарыі і мміждыяцэзіальнай семінарыі ў Пінску з 2001 года.

У гэты перыяд змяняецца і разуменне самога паняцця фармацыі. Пад уплывам досведу хуткага аднаўлення і развіцця Касцёла 1990-х гадоў і паступовага вычарпання экстэнсіўнай мадэлі становіцца відавочным, што святар не можа быць падрыхтаваны выключна функцыянальна — як “выканаўца сакрамэнтальных паслуг”. Фармацыя пачынае разумецца як інтэгральны працэс, які ахоплівае чатыры ўзаемазвязаныя вымярэнні: чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і пастырскае.

Асаблівае значэнне набывае духоўнае вымярэнне фармацыі. Досвед ХХ стагоддзя, калі святарства было звязана з рызыкай, маўчаннем і гатоўнасцю да ахвяры, стаў маўклівым крытэрыем аўтэнтычнасці паклікання. Таму ў фармацыі ўсё большы націск робіцца на падмурак, які заключаецца ў малітве, літургіі і ўнутранай свабодзе, без якой святар не здольны служыць у кантэксце секулярызаванага грамадства.

Не менш важным становіцца інтэлектуальны аспект. Пачынаючы з 2000-х гадоў, Касцёл у Беларусі ўсё выразней сутыкаецца з выклікамі секулярызацыі, маральнага плюралізму і крызісу аўтарытэтаў. У гэтых умовах святар павінен быць здольным не толькі паўтараць традыцыйныя формулы, але і разумець логіку сучаснага мыслення, весці дыялог з культурай, гуманітарнымі навукамі і грамадскай думкай. Гэта патрабуе сур’ёзнай акадэмічнай падрыхтоўкі і сталай інтэлектуальнай дысцыпліны.

Адначасова змяняецца разуменне пастырскай ролі святара. Калі ў 1990-я гады святар часта выконваў ролю амаль адзінага арганізатара касцёльнага жыцця, то ў наступныя дзесяцігоддзі становіцца відавочным, што такая мадэль вычэрпваецца. Фармацыя ўсё больш арыентуецца на святара як каардынатара і суправаджаючага, здольнага да супрацоўніцтва са свецкімі вернікамі і прызнання іх суадказнасці за місію Касцёла.

Нельга абысці і праблему пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця. Зніжэнне іх колькасці, якое назіраецца з канца 2000-х гадоў, не можа разглядацца выключна як дэмаграфічны або сацыяльны феномен. Яно з’яўляецца індыкатарам глыбейшых працэсаў: крызісу перадачы веры, змены жыццёвых прыярытэтаў і выклікаў секулярызаванай культуры. У гэтым сэнсе семінарыя выступае як люстэрка стану мясцовага Касцёла, адлюстроўваючы не толькі поспехі, але і ўнутраныя аспекты.

Трэба зазначыць, што ў перыяд з пачатку нулявых да 2010-х гадоў фармацыя духавенства ў Беларусі прайшла шлях ад надзвычайных рашэнняў да структурнай і эклезіяльна асэнсаванай сістэмы. Гэтая эвалюцыя паказвае, што сапраўдная стабільнасць Касцёла вымяраецца не колькасцю структур, а якасцю людзей, якія ў гэтых структурах служаць. Менавіта таму пытанне фармацыі становіцца ключавым для разумення сучаснага этапу развіцця Касцёла і непасрэдна вядзе да праблематыкі сведчання ў грамадстве.

IV. Касцёл у сучаснай сітуацыі: ад структуры да сведчання

Пасля больш як трох дзесяцігоддзяў аднаўлення іерархічных структур Каталіцкі Касцёл у Беларусі апынуўся ў сітуацыі, якую ўжо нельга апісваць катэгорыямі «пасля ганення» або «часу адраджэння». Гістарычны пералом адбыўся, структуры сфармаваныя, базавая інстытуцыйная стабільнасць дасягнутая. Гэта азначае, што Касцёл распачаў якасна новы этап свайго існавання, у якім галоўным выклікам становіцца не фізічнае выжыванне і не арганізацыйны рост, а змест і якасць яго прысутнасці ў грамадстве.

З пачатку ХХІ стагоддзя ўсё выразней праяўляецца змена кантэксту, у якім Касцёл ажыццяўляе сваю місію. Калі ў 1990-я гады яго прысутнасць успрымалася як знак свабоды і духоўнага адраджэння, то сёння рэлігійнае жыццё ўключана ў працэс паступовай секулярызацыі. Гэты працэс мае не агрэсіўны, а структурны і культурны характар: вера для многіх людзей перастае быць экзістэнцыйным арыенцірам і ўсё часцей успрымаецца як элемент традыцыі або прыватны выбар без далёкасяжных наступстваў. У такіх умовах ужо недастаткова падтрымліваць існуючыя структуры; неабходна нанова асэнсоўваць фундаментальныя пытанні чалавечага існавання і сэнсу жыцця.

У гэтым кантэксце асаблівую актуальнасць набывае распачаты Папам Францішкам працэс сінадальнасці, які прапануе не чарговую рэформу структур, а паглыбленне самога спосабу існавання Касцёла. Сінадальнасць разумеецца як супольнае «ісці разам», у якім слуханне — Бога, Яго слова, знакаў часу і адзін аднаго — становіцца канстытуцыйным прынцыпам касцёльнага жыцця. Для Касцёла ў Беларусі гэта мае прынцыповае значэнне: пасля перыяду, калі галоўнай задачай было аднаўленне інстытуцыйнай прысутнасці, сёння адкрываецца этап сталай эклезіяльнай адказнасці, дзе важным становіцца не толькі што робіць Касцёл, але як ён прымае рашэнні, фармуе прыярытэты і ўдзельнічае ў жыцці грамадства.

Трэба таксама закрануць і сітуацыю, якая датычыць перадачы веры паміж пакаленнямі. Пакаленне, якое захавала веру ў перыяд ганенняў і маўчання, паступова адыходзіць, у той час як моладзь фармуецца ў кантэксце інфармацыйнай перанасычанасці, маральнага плюралізму і фрагментаванай ідэнтычнасці. Гэтая сітуацыя не можа быць пераадолена выключна праз традыцыйныя формы катэхезы. Яна патрабуе новай мовы, новай педагогікі веры і паглыбленай, доўгатэрміновай катэхезы, якая суправаджае чалавека не толькі перад сакрамэнтамі, але на працягу ўсяго жыцця. Сінадальны падыход тут дазваляе ўбачыць катэхезу не як аднабаковую перадачу ведаў, а як працэс супольнага распазнавання веры ў канкрэтным жыццёвым досведзе. 

Тут варта сказаць некалькі слоў пра тэалагічныя і катэхетычныя каледжы, якія дзейнічаюць у Беларусі як важныя пункты пастаяннай фармацыі. Адным з іх з’яўляецца Мінскі тэалагічны каледж св. Яна Хрысціцеля, зарэгістраваны 30 жніўня 2013 года на базе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і арыентаваны на падрыхтоўку катэхетаў. У Гродне функцыянуе катэхетычны каледж імя святога Казіміра, які быў афіцыйна заснаваны ў 2018 годзе як навучальная ўстанова для паглыблення тэалагічных ведаў і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне пастырскага служэння. Акрамя таго, існуе каледж імя біскупа Зыгмунда Лазінскага, заснаваны 3 кастрычніка 2009 года ў Баранавічах.

У гэтай сувязі істотна змяняецца разуменне ролі свецкіх вернікаў. Касцёл паступова адыходзіць ад мадэлі, у якой уся адказнасць за місію ўскладалася выключна на духавенства. Эклезіялогія Другога Ватыканскага Сабору, якая падкрэслівае агульнае святарства вернікаў і іх суадказнасць за місію Касцёла, у святле сінадальнасці набывае канкрэтнае пастырскае і практычнае вымярэнне. Свецкія вернікі пакліканыя быць не пасіўнымі ўдзельнікамі, а суб’ектамі касцёльнага жыцця і сведкамі веры ў штодзённым жыцці — у сям’і, прафесіі, культуры і грамадскай прасторы.

Не менш важным становіцца інтэлектуальнае вымярэнне сведчання. Сучаснае грамадства задае пытанні, якія нельга ігнараваць або зводзіць да простых маральных формул. Яны патрабуюць аргументаванага, тэалагічна і філасофскі асэнсаванага адказу. Сінадальны працэс падкрэслівае каштоўнасць сумеснага распазнавання праўды, у якім тэалогія, гуманітарныя навукі і жыццёвы досвед вернікаў не супрацьпастаўляюцца, але ўступаюць у плённы дыялог. Таму развіццё тэалагічнай культуры і здольнасці да дыялогу становіцца не дадаткам, а неабходнай умовай аўтэнтычнага касцёльнага сведчання.

Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць сродкі камунікацыі. Публічная прысутнасць Касцёла ў медыйнай прасторы павінна разглядацца не як форма самапрэзентацыі або інстытуцыйнай абароны, але як спецыфічная форма пастырскага служэння і слухання. У Беларусі гэтая прысутнасць рэалізуецца праз сетку афіцыйных касцёльных мас-медый, якія дзейнічаюць у межах кананічнай і пастырскай адказнасці мясцовага Касцёла. Каардынацыйную ролю на агульнанацыянальным узроўні выконвае афіцыйны партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі catholic.by, які прадстаўляе пазіцыю Касцёла ў публічнай прасторы і забяспечвае агульнакасцёльную інфармацыйную камунікацыю. Побач з ім кожная дыяцэзія мае ўласныя інтэрнэт-рэсурсы, на якіх асвятляецца спецыфічнае для дадзенай часткі краіны жыццё парафій і дыяцэзіяльных установаў. Трэба зазначыць, што ў касцёльнай камунікацыйнай прасторы разам з лічбавымі платформамі паасобных дыяцэзій, важнае месца займае Радыё Марыя Беларусь, якое забяспечвае пастаянную духоўную і пастырскую прысутнасць Касцёла праз радыёвяшчанне і інтэрнэт-каналы.

Адначасова функцыянуе шэраг друкаваных і анлайн-выданняў, што выконваюць розныя пастырскія, катэхетычныя і культурна-асветніцкія задачы. Да іх належаць агульнабеларускі каталіцкі інтэлектуальна-багаслоўскі часопіс «Наша вера», арыентаваны на асэнсаванне актуальных выклікаў веры, культуры і грамадскага жыцця; газеты «Слова жыцця» Гродзенскай дыяцэзіі і «Каталіцкі веснік» Віцебскай дыяцэзіі; часопіс «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама выданне «Дыялог» Пінскай дыяцэзіі.

Важным і самастойным вымярэннем касцёльнай камунікацыі з’яўляецца выдавецкая дзейнасць. У гэтым кантэксце асаблівую ролю адыгрывае каталіцкае выдавецтва Pro Christo (Для Хрыста), заснаванае кардыналам Казімірам Свёнткам 13 студзеня 2000 года пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яно было паклікана забяспечыць сістэмнае выданне тэалагічнай, духоўнай, літургічнай і катэхетычнай літаратуры для патрэбаў адноўленага касцёльнага жыцця. Выдавецкая дзейнасць Pro Christo стала важным інструментам фармавання каталіцкай інтэлектуальнай і духоўнай культуры, забяспечваючы доўгатэрміновую, неэпізадычную форму камунікацыі, скіраваную на паглыбленае асэнсаванне веры. Выдавецтвы Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій таксама сваёю дзейнасцю працягваюць касцёльныя традыцыі выдання кніг, прысвечаных евангелізацыі і катэхізацыі.

У сінадальнай перспектыве гэтыя сродкі камунікацыі разглядаюцца не як аднабаковыя каналы трансляцыі пазіцыі, але як прастора дыялогу і супольнага распазнавання, у якой Касцёл вучыцца слухаць — слова Божае, знакі часу і канкрэтны жыццёвы досвед чалавека. Такая камунікацыя паклікана дапамагаць вернікам арыентавацца ў складанай маральнай і культурнай рэальнасці, фармаваць сумленне і весці да глыбейшага разумення Евангелля, не зніжаючы яго патрабаванняў і не спрашчаючы яго паслання.

Важным элементам сучаснага этапу застаецца таксама памяць ХХ стагоддзя. Для Касцёла ў Беларусі яна не з’яўляецца выключна гістарычным архівам. Гэта духоўны і маральны рэсурс, які павінен уплываць на сённяшнія рашэнні. У святле сінадальнасці памяць пра мучаніцтва і маўклівую вернасць пакліканая стаць не толькі прадметам ушанавання, але крыніцай распазнавання і сведчання: як заставацца верным Евангеллю ў новых, больш складаных і менш відавочных умовах.

Такім чынам, сучасны этап развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі можна ахарактарызаваць як пераход ад інстытуцыйнай рэстаўрацыі да эклезіяльнай сталасці і сінадальнага спосабу існавання, у якім вырашальным становіцца пытанне: ці здольны Касцёл праз свае структуры і працэсы быць пераканаўчым, інтэлектуальна сумленным і духоўна глыбокім сведкам Евангелля ў сучасным свеце. Менавіта тут адноўленыя структуры знаходзяць свой сапраўдны сэнс — не як мэта, але як інструмент супольнага і адказнага сведчання.

Заключэнне: структура як мера і форма адказнасці

Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі паказвае, што эклезіяльная ідэнтычнасць фармавалася не ў пустэчы, але ў пастаянным напружанні паміж вернасцю і формай яе ўвасаблення. Структуры на розных этапах гісторыі адыгрывалі неаднолькавую ролю: часам яны былі апорай, часам — абмежаваннем, але ніколі не былі выпадковымі. Сам факт іх захавання і аднаўлення сведчыць пра тое, што Касцёл разумее структуру не як дадатак, а як неабходную форму сваёй гістарычнай прысутнасці і адказнасці.

Менавіта таму аднаўленне іерархічных структур напрыканцы ХХ стагоддзя варта ацэньваць як істотнае эклезіяльнае дасягненне. Яно не толькі вярнула Касцёлу публічную бачнасць і кананічную нармальнасць, але і стварыла ўмовы для сістэмнай пастырскай, адукацыйнай і місійнай дзейнасці. Без гэтых структур немагчыма ні перадача веры, ні фармацыя, ні доўгатэрміновая адказнасць за супольнасці і служэнні.

Аднак разам з тым адноўленыя структуры змянілі сам характар выклікаў, перад якімі стаіць Касцёл. Свабода і інстытуцыйная стабільнасць не з’яўляюцца нейтральнымі станамі: яны патрабуюць сталасці і ўнутранай дысцыпліны веры. У гэтай сітуацыі структура перастае быць сродкам выжывання і становіцца полем распазнавання — ці здольны Касцёл карыстацца ёю не дзеля самазахавання, а дзеля місіі.

У гэтым сэнсе структура мае выразны сакрамэнтальны, аналагічны характар. Яна робіць Касцёл бачным у гісторыі і адначасова падпарадкоўвае яго крытэрыям сведчання. Праз структуры вера ўваходзіць у канкрэтныя формы адказнасці: за слова, якое абвяшчаецца; за людзей, якія суправаджаюцца; за грамадства, у якім Касцёл прысутнічае. Структура не гарантуе вернасці, але стварае прастору, у якой вернасць або здзяйсняецца, або губляецца.

Сучасныя выклікі — секулярызацыя, крызіс перадачы веры, фрагментацыя ідэнтычнасці — робяць гэта асабліва відавочным. Яны не могуць быць пераадоленыя праз адміністрацыйныя рашэнні або механічнае ўмацаванне інстытутаў. Яны патрабуюць унутранай эклезіяльнай якасці: фармаванага сумлення, культуры дыялогу, інтэлектуальнай сумленнасці і рэальнай суадказнасці ўсіх членаў Касцёла.

Такім чынам, пытанне сучаснага этапу не ў тым, ці патрэбныя Касцёлу структуры, а ў тым, ці здольны ён жыць у іх логіцы як у логіцы служэння. Бо менавіта праз структуры Касцёл сёння нясе адказнасць за сваю свабоду, за сваю бачнасць і за сведчанне Евангелля. І ў гэтым сэнсе структуры становяцца не толькі формай арганізацыі, але мерай эклезіяльнай сталасці — тут і цяпер!

Дзякуй за ўвагу!

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

Абноўлена 09.01.2026 23:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця