14 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат) сабраліся шматлікія вернікі, каб падзякаваць Богу за жыццё і шматгадовае служэнне айца Юзафа Пятушкі MIC, які у той дзень адзначаў сваё 95-годдзе.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гэта быў дзень шчырай малітвы і падзякі за жыццё, поўнае вернага служэння Богу і людзям.
У сваёй гаміліі арцыпастыр глыбока раскрыў сэнс урачыстасці Унебаўшэсця, падкрэсліваючы, што гэтая падзея не з'яўляецца расстаннем:
«Унебаўшэсце — гэта не адыход у нейкую аддаленую сферу космасу; гэта пераход да пастаяннай блізкасці, якую вучні перажываюць настолькі глыбока, што яна нараджае трывалую радасць».
Арцыбіскуп нагадаў, што Езус не пакінуў нас, а апярэдзіў: «Хрыстус узнёсся, каб падрыхтаваць нам месца, а нам пакінуў заданне. Неба — гэта не нейкая казачная краіна, а мэта нашага жыцця».
Завяршаючы гамілію, іерарх заклікаў вернікаў быць адважнымі сведкамі Хрыста ў штодзённым жыцці, бо «мы існуем не для таго, каб памерці, а для таго, каб жыць вечна».
Пасля Імшы ўсе прысутныя ад усяго сэрца віншавалі айца Юзафа з прыгожай гадавінай.
Яго 95 гадоў — гэта 95 гадоў Божай прысутнасці, малітвы і любові да Касцёла. Ён быў і застаецца сведчаннем таго, што вера не ведае ўзросту, а сэрца, поўнае любові, заўсёды маладое.
Юбіляру пажадалі, каб Божае благаслаўленне заўсёды было з ім, а Маці Божая Фацімская і святы Юзаф, яго нябесны апякун, ахіналі яго сваёй апекай.
17 мая, у нядзелю, у санктуарыі адбыўся працяг святкавання парафіяльнага адпусту. Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ў Жодзіне айцец Віталій Даніловіч МІС, а айцец Канстанцін Анашка МІС у сваёй гаміліі, абапіраючыся на Літургію Божага слова, звярнуў увагу вернікаў на дзеянне Духа Святога ў жыцці кожнага хрысціяніна. На заканчэнне Эўхарыстыі парафіяне з Барысава, якія прыбылі на ўрачыстасць, яшчэ раз павіншавалі айца Юзафа.
Кульмінацыяй святкавання стала ўрачыстая працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол касцёла. Завяршыўся дзень супольным святкаваннем і цёплымі сустрэчамі, якія яшчэ раз падкрэслілі моц і еднасць мясцовай парафіяльнай сям'і.

























