Пошук

15.05.2025 22:34   Catholic.by
Стоп-кадр: Youtube-канал парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне

14 мая свой 94-ы дзень нараджэння адзначаў найстарэйшы ўзростам каталіцкі святар у Беларусі ксёндз Юзаф Пятушка, які жыве і служыць у парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе яму словы віншавання.

Шаноўны ксёндз Юзаф!

Дазвольце ад свайго імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а таксама ўсіх вернікаў нашай краіны павіншаваць Вас з днём нараджэння.

Разам з Вамі мы сёння дзякуем Пану Богу за вашыя 94 гады жыцця, а разам з тым таксама 68 гадоў служэння Богу і людзям як святар.

Гэта праўда, што месца і час свайго нараджэння чалавек не выбірае, бо аб гэтым вырашае Бог праз любоў бацькоў. Аднак час, які прызначаны чалавеку на зямлі Богам, належыць чалавеку і ён напаўняе яго сваёй дзейнасцю. У Вашым выпадку гэта служэнне Богу і людзям. Таму нездарма малодшыя субраты марыяне называюць Вас «наш патрыярх» за прыклад святарства, якога яны вучацца ад Вас. Для многіх Вы сталі Элім XXI стагоддзя (пар. 1 Сам 3, 6), які скіраваў маладых беларускіх Самуэляў  малодшых братоў — на служэнне Богу.

Дзякуючы Вам, пачынаючы з 1992 года, была заснавана парафія Маці Божай Фацімскай ў Жодзіне і былі рэалізаваныя іншыя душпастырсія ініцыятывы Касцёла на Беларусі.

Напэўна, лёс, гэта значыць, час Вашага зямнога падарожжа, які прыпаў на выпрабаванні ліхалеццяў Другой сусветнай вайны, загартаваў Ваш характар і сфармаваў у Вас сэрца хрысціяніна. Тыя, хто хоць аднойчы сустрэўся з Вамі, адзначаюць, што ў поўні адчулі Вашу добразычлівасць і павагу.

Жадаем Вам, шаноўны ксёндз Юзаф, духоўнай моцы, заступніцтва Маці Божай Фацімскай, апекі святога Юзафа і доўгіх гадоў жыцця ў святарскім служэнні.

Plurimos annos!!!

З малітвай

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.