2 і 3 жніўня ў санктуарыі благаслаўлёных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, мучанікаў Другой сусветнай вайны, у Росіцы (Віцебская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці ў іх гонар.
На ўрачыстасці на транспарце і пешкі прыбылі пілігрымы з розных мясцін Беларусі. На працягу трох дзён у Росіцу ішла пешая пілігрымка з Друі, якую вялі ксяндзы марыяне, духоўныя нашчадкі благаслаўлёных росіцкіх мучанікаў.
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, у дарозе пілігрымы разважалі пра прарокаў: хто гэта такія, якая была іх місія, што сказана пра прарокаў у Святым Пісанні і ці патрэбныя яны ў сучасным свеце.
Пілігрымка завяршылася 2 жніўня на прыступках росіцкага касцёла, дзе пілігрымаў сустрэў кусташ санктуарыя ксёндз Аляксандр Жарнасек МІС і ксёндз Чэслаў Курэчка МІС.
Цэлебрацыю Імшы для пілігрымаў узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У прамоўленай гаміліі ксёндз Ілля Саўчанка МІС разважаў на тэму важнасці супольнасці і сілу малітвы.
Пасля Імшы ўсіх гасцінна запрасілі на вячэру, прыгатаваную мясцовымі жыхарамі.
Падсілкаваўшыся фізічна, прысутныя зноў сабраліся ў касцёле, каб памаліцца Акафіст да росіцкіх мучанікаў, які пад кіраўніцтвам Апостальскага адміністратара архімандрыта Сяргея Гаека маліліся вернікі ўсходняга абраду.
Малітву працягнула ружанцовае набажэнства, пасля якога ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС прамовіў канферэнцыю.
Потым распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і пад кіраўніцтвам ксяндза Аляксандра Жарнасека адбылася малітва праслаўлення. Святары ў гэты час неслі служэнне ў канфесіяналах, каб усе ахвотныя маглі паяднацца з Панам.
Цэлебрацыю Імшы апоўначы зноў узначаліў біскуп Буткевіч. Іерарх прывітаў прысутнага архімандрыта Гаека, святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама зазначыў, што на Імшы прысутны ксёндз Юзаф Пятушка МІС.
Гэта не толькі самы старэйшы святар у Беларусі, але і прыклад вернасці Богу, вытрываласці ў пакліканні. Ксёндз Юзаф, дарэчы, прыняў сваю першую Камунію з рук благаслаўлёнага ксяндза Антонія Ляшчэвіча.
У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч засяродзіўся на тым, як неабходна ў сучасным свеце ўмацоўвацца ў веры.
«Кожны павінен усведамляць, наколькі вялікай трагедыяй з’яўляецца адсутнасць веры. Адсутнасць веры прыводзіць да жорсткасці і нянавісці. Гэтыя жорсткасць і нянавісць нараджаюцца і ўзрастаюць у людскіх сэрцах, потым у сем’ях, грамадстве, свеце», — заўважыў іерарх.
«Па прыкладу благаслаўлёных мучанікаў з Росіцы, усе мы павінны ўмацоўвацца ў веры, а таксама прасіць аб моцнай веры не толькі для сябе, але і для тых, хто побач», — заахвоціў сабраных біскуп Алег Буткевіч.
Пасля Імшы адбылася працэсія на месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных ксяндзоў марыянаў і людзей, якія разам з імі загінулі ад рук нацысцкіх карнікаў. Там, схіляючы калені перад вялікім крыжам, кожны прысутны складаў свае інтэнцыі праз заступніцтва тых, хто аддаў жыццё за веру і бліжняга.
Пасля працэсіі адбыўся традыцыйны росіцкі Крыжовы шлях, разважанні да якога штогод рыхтуе Ірына Жарнасек, пісьменніца, аўтар твора, прысвечанага росіцкай трагедыі, а таксама мама святара марыяніна.
Урачыстасці ў Росіцы завяршыліся ранішняй Імшой у суботу.