17 лютага ў Росіцы (Віцебская дыяцэзія, Верхнядзвінскі раён) адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў памяць пра благаслаўлёных мучанікаў марыянаў: ксяндза Юрыю Кашыру і ксяндза Антонія Ляшчэвіча.
У гэты дзень у Росіцу прыбылі пілігрымы з розных мясцін Беларусі. Урачыстасці распачаліся выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Разам з кусташам Росіцкага санктуарыя ксяндзом Аляксандрам Жарнасекам МІС вернікі маліліся на ружанцы, разважаючы над Радаснымі таямніцамі. Падчас адарацыі святары служылі ў канфесіянале сакрамэнтам паяднання.
Апоўдні распачалася святая Імша. Напачатку прысутных прывітаў ксёндз Аляксандр Жарнасек, які заўважыў пэўную парадаксальную рэч:
«Калі арганізоўваем Росіцкія ўрачыстасці, то разумеем: сюды ўсё трэба прывезці — ад людзей да розных вялікіх і дробных рэчаў. І тое, што вернікі хочуць ехаць сюды і ў дождж, і ў снег, і ў неспрыяльныя незразумелыя ўмовы, здзіўляе і радуе адначасова», — прызнаўся святар.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які неадменна асабіста ўдзельнічае ва ўсіх урачыстасцях у гонар росіцкіх мучанікаў. Іерарх адзначыў, што сёлетнія зімовыя ўрачыстасці сабралі шматлікіх святароў і сясцёр з розных парафій Беларусі. Таксама іерарх з асаблівай цеплынёй прывітаў Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, які 8 лютага адзначыў свой 75-гадовы юбілей. Біскуп падзякаваў айцу Сяргею за плённае служэнне і запэўніў у малітве.
«Каб усе былі адно», — гэтыя словы Хрыста з Евангелля паводле Яна гучалі падчас Літургіі слова, і над імі разважаў у прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч. «Сёння ўсе мы збіраемся ў Росіцы, дзе жыццё людзей абрывалася ва ўмовах, што не паддаваліся ніякай чалавечай логіцы. І нават у такі час было шмат праяўлення чалавечнасці. Гэтае праяўленне чалавечнасці часта было на гераічным узроўні.
Бласлаўлёныя мучанікі выбралі дакладны шлях Езуса Хрыста — гэта шлях ахвяры: ад Уцелаўлення да смерці на крыжы.
І гэтым шляхам ахвяры павінны ісці і мы. Немагчыма прайсці гэты шлях без яднання з Хрыстом. Мы павінны імкнуцца быць адным цэлым з Богам, а праз гэта любіць бліжняга», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.
Пасля Эўхарыстыі прысутныя скіраваліся на пляц мучаніцтва.
Там, дзе ў лютым 1943 года раптоўна і пакутна скончылася жыццё людзей, сёння стаіць вялікі крыж — знак збаўлення і вечнага жыцця.
Кожны прысутны кленчыў ля крыжа, давяраючы свае зямныя клопаты Таму, хто з’яўляецца Творцам жыцця.
Завяршыліся ўрачыстасці супольным абедам з гарачай поліўкай, якую прыгатаваў для пілігрымаў ксёндз Чэслаў Курэчка МІС.
…Нягледзячы на шэры дзень, адчувалася цёплая братэрская атмасфера паміж супольнасцю пілігрымаў і іх пастыраў. Гэта быў сапраўды той дзень, калі кожны мог наблізіцца да адзінства з Богам і бліжнім.