
14 лютага пілігрымы з розных куткоў Беларусі сабраліся ў Росіцы, каб разам памаліцца аб заступніцтве благаслаўлёных айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, мучанікаў Другой сусветнай вайны. Узначаліў урачыстасці ў гонар росіцкіх пакутнікаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
Росіца — гэта невялікая вёска на мяжы з Латвіяй, у якой у гады Другой сусветнай вайны адбылася жудасная трагедыя. Зімой 1943 года нямецкія акупанты абвінавацілі жыхароў Росіцы і навакольных вёсак у дапамозе партызанам і таму вырашылі ўсе беларускія вёскі на мяжы з Латвіяй спаліць. Карная аперацыя мела здзеклівую назву — «Зімовае чараўніцтва».
Раніцай 16 лютага 1943 года ў Росіцу сталі зганяць жыхароў суседніх вёсак. Пасля таго як немцы адабралі дзяцей, каб накіраваць іх у канцэнтрацыйный лагер Саласпілс, а дарослых — на працу ў Германію, астатніх 1528 жыхароў спалілі. Сярод ахвяр трагедыі былі айцы марыяне Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра.
Сёлета Росіца сустрэла сваіх пілігрымаў моцным марозам і надзвычай вялікім снегам, аднак эсктрэмальныя ўмовы не перашкодзілі шчырай і гарачай малітве вернікаў.
Урачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў распачаліся з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой супольную ружанцовую малітву правялі сёстры эўхарысткі. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Віцэ-старшыня ККББ.

Аднак айцы марыяне не пакінулі сваіх вернікаў у цяжкую хвіліну, а прайшлі разам імі апошні шлях да канца. Іх учынак — гэта прыклад таго, што дае чалавеку вера, прыклад ахвярнагага жыцця.
Узор поўнага даверу Божай волі благаслаўлёных мучанікаў, сцвердзіў пастыр, дае таксама і нам надзею на тое, што з Божай дапамогай мы зможам годна прайсці свой жыццёвы шлях.
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на пляц мучаніцтва. На чале працэсіі, як заўсёды, мужчыны неслі вялікі і цяжкі крыж. Паводле аповедаў сведкаў трагедыі ў Росіцы, апошнюю калону ахвяраў на спаленне ўзначаліў ксёндз Юрый Кашыра, узяўшы крыж... Ён меў выбар і ён яго зрабіў, несучы свой крыж да канца...

Тыя, хто ішоў у працэсіі сёння, таксама зрабілі свой выбар. Яны пакінулі зону камфорту, каб духоўна дакрануцца да той жудаснай падзеі і прасіць заступніцтва бласлаўлёных мучанікаў, усіх святых і найперш Пана Бога, каб людскія сэрцы не станавіліся халоднымі і падобная трагедыя больш не паўтарылася.
На месцы мучаніцкай гібелі ахвяраў росіцкай трагедыі, там, дзе высока ў неба ўздымаецца крыж, прагучала малітва «Анёл Панскі»... Пад крыжам размешчаны вялікі камень са словамі благаслаўлення, якія Езус прамовіў на гары: «Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў нябёсах» (пар. Мц 5, 11-12).
Менавіта ўпэўненасць у тым, што гэтыя словы споўніліся на месцы трагедыі, натхняе вернікаў штогод прыязджаць сюды, складаць падзяку і ўзносіць малітвы аб заступніцтве благаслаўлёных айцоў марыянаў.
Пакідаючы ля крыжа знічы, трапяткія агеньчыкі якіх нагадваюць душы загінуўшых, што імкнуцца ў неба, вернікі ўшанавалі крыж як знак надзеі на збаўленне.













































































