У нядзелю 29 снежня 2024 года у храме Душпастырскага цэнтра Праведнага Язэпа ў Мінску ў прысутнасці Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксяндза прэлата Кшыштафа Сэрокі адбылося адкрыццё Юбілею 2025 года.
Як паведамляецца на сайце грэка-каталіцкай парафіі святога Праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org, ўрачысты абрад узначаліў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока прамовіў гамілію на Боскай Літургіі, якую саслужылі Рэгіянальны вікарый Ордэна Кармэлітаў Босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD, пробашч суседняй кармэліцкай парафіі Божага Цела айцец Юрый Кулай OCD, а таксама настаяцель грэка-каталіцкай парафіі святога Міколы Цудатворцы айцец Аляксандр Шыбека.
Напрыканцы службы быў зачытаны Дэкрэт архімандрыта Сяргея Гаека аб вызначэнні юбілейных святыняў у Апостальскай Адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі. Прысутныя вернікі памаліліся ў інтэнцыях Папы Францішка, каб атрымаць ласку юбілейнага адпусту.