Пошук

10.01.2025 16:58   Vatican News BY
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Святы Пасад падтрымлівае паўнавартасныя дыпламатычныя адносіны са 184 дзяржавамі, і ў 2024 годзе адбыўся шэраг важных для ватыканскай дыпламатыі падзей.

Як са спасылкай на Прэс-службу Святога Пасаду паведаміла 9 студзеня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, свае прадстаўніцтвы ў Рыме мае 90 дыпламатычных місій пры Святым Пасадзе, у тым ліку Еўрапейскі Саюз і Суверэнны Мальтыйскі Ордэн. У Рыме таксама знаходзяцца прадстаўніцтвы Лігі арабскіх дзяржаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе.

У 2024 годзе адбыўся шэраг важных дыпламатычных і юрыдычных падзей.

11 кастрычніка быў падпісаны Другі дадатковы пратакол да Пагаднення паміж Святым Пасадам і Буркіна-Фасо, які вызначае юрыдычны статус Каталіцкага Касцёла ў гэтай афрыканскай краіне.

22 кастрычніка Святы Пасад і Кітайская Народная Рэспубліка працягнулі на чатыры гады Часовае пагадненне аб прызначэнні біскупаў. Дзеянне дамовы, заключанай 22 верасня 2018 года, працягвалася таксама ў 2020 і 2022 гадах.

24 кастрычніка было падпісана Пагадненне паміж Святым Пасадам і Чэшскай Рэспублікай па шэрагу прававых пытанняў.

Пры гэтым Vatican News нагадвае, што на 2025 год запланавана адкрыццё пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе. Паводле пастановы Савета Міністраў № 988 ад 20 снежня 2024 года, адкрыццё дыпламатычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе адбудзецца да 1 верасня 2025 года. Да гэтага часу Беларусь не мела свайго пасольства ў Ватыкане. Беларускія інтарэсы прадстаўлялі дыпламаты, прызначаныя пасламі ў іншыя еўрапейскія краіны і па сумяшчальніцтве пры Святым Пасадзе. Апошнім з іх больш за 20 гадоў быў Сяргей Алейнік.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.