Пошук

05.08.2025 22:06   Паводле: grodnensis.by

«Дзень Х наступіў!» — такімі словамі распачынаецца дзённік Вікторыі Сідар — маладой верніцы, якая разам з групай моладзі з Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі вырушыла на Юбілей моладзі ў Рыме — «найбольш чаканую падзею Святога года», як яе акрэсліў ксёндз Аляксандр Амяльчэня, дырэктар Беларускай рэдакцыі Vatican News. Разам з каталіцкім парталам Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, які змясціў на сваіх старонках дзённік удзельніцы пілігрымкі, прапануем зрабіць агляд падзей, якія чакалі моладзь у Вечным горадзе, а таксама на шляху ў Рым і дадому.

Пасля выезду з Гродна і праходжання мяжы ў пятніцу 25 ліпеня пілігрымаў чакаў начны пераезд у Будапешт, сталіцу Венгрыі. Перад сном яны памаліліся Ружанец і Нешпары. У малітву ўключыліся ўсе ўдзельнікі пілігрымкі.

У другі дзень, 26 ліпеня, пасля ночы ў аўтобусе пілігрымуючую моладзь чакала цікавая, напоўненая неверагоднымі фактамі і смешнымі гісторыямі, экскурсія па Будапешце. Затым усе накіраваліся да Базылікі Святога Стэфана, дзе перажылі сустрэчу з Езусам у Эўхарыстыі. Далей быў вольны час. «Мы адшукалі помнік ахвярам Халакосту, перайшлі на другі бок Дуная, каб узабрацца на гару да замка, па дарозе палюбаваліся некалькімі святынямі, а потым махнулі ў парк з замкам з вельмі смешнай назвай “Вайдахуняд”», — апісвае далейшыя падзеі Вікторыя. Пілігрымаў чакаў другі начны пераезд, — але ўжо ў Італію.

На досвітку 27 ліпеня моладзь і тыя, хто яе суправаджаў, паспяхова прыбылі ў Падую — горад, у якім жыў і дзейнічаў святы Антоній. Там іх чакала святая Імша... менавіта чакала, бо другая група заблукала і моцна спазнілася. Пасля маладыя людзі паспяшылі на чыгуначны вакзал, каб адтуль дабрацца і хоць адным вокам паглядзець на незвычайны горад на вадзе — Венецыю. Вярнуўшыся з запасам часу ў Падую, пілігрымы паспелі падрыхтавацца да пераезду на першы за ўсё падарожжа начлег у Фларэнцыю. Пераехаўшы ў горад сусветнага мастацтва, яны пайшлі адпачываць.

«У чарговы дзень, 28 ліпеня, пасля хуткага снедання пілігрымы адправіліся ў Рым. І пасля некалькіх гадзін іх аўтобусы пад'ехалі да самога месца начлегу. Моладзь размясцілася ў тэатральнай зале пры парафіі святога Рамана ў Рыме — пляцоўкі, якая прымала ўдзельнікаў з Гродзенскай дыяцэзіі. У парафіяльным касцёле таксама адбылася святая Імша. Пробашч распавёў гасцям пра сімволіку мазаікі ў галоўным алтары і гісторыю святога заступніка храма. Вечар маладыя людзі, поўныя сіл, прызначылі на прагулку па горадзе.

Вельмі рана, яшчэ перад світаннем 29 ліпеня, самыя вытрымлівыя з моладзі, паспаўшы толькі некалькі гадзін, адправіліся сустракаць світанне ў цэнтры Вечнага горада. Прыбыўшы на месца, падняўшыся па Іспанскай лесвіцы, кінуўшы манетку ў Фантан Трэві, яны ўбачылі Пантэон і вырушылі да Калізея. Вярнуўшыся на месца начлегу на ранішнюю святую Імшу, пілігрымы ізноў адправіліся ў цэнтр горада. Пунктам наведвання стала Базыліка Санта-Марыя-Маджорэ, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Снежнай і дзе быў пахаваны Папа Францішак. Галоўнай падзеяй дня стала ўрачыстая Імша на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, якую ўзначаліў пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела. Нечаканай кульмінацыяй свята стала прывітанне Льва XIV.

«Езус кажа нам: вы — соль зямлі, вы — святло свету! І сёння вашы галасы, ваш энтузіязм, вашы воклічы – усё гэта дзеля Езуса Хрыста. Іх будуць чуць ва ўсіх частках свету!»

— сказаў Пантыфік, заклікаючы моладзь несці ў свет пасланне надзеі.

Знясіленыя беларускія ўдзельнікі Юбілею моладзі пасля дастаткова доўгага вяртання ў парафію святога Рамана аддаліся адпачынку.

Раніцай 30 ліпеня некаторыя маладыя пілігрымы наведалі старадаўнія могілкі, якія знаходзяцца непадалёку ад касцёла святога Рамана. Вярнуўшыся назад, яны разам з астатнімі ўдзельнікамі пілігрымкі і беларускімі семінарыстамі ўдзельнічалі ў ранішняй святой Імшы. Серада паводле плану аказалася вольным днём, таму група моладзі, сярод якіх была і Вікторыя, вырашыла адпачыць на моры. Паабедаўшы ў цэнтры Рыма, маладыя людзі зазірнулі ў Базыліку Святога Паўла, а затым на цягніку дабраліся да пляжа. Правёўшы да вечара час ля мора, моладзь вярнулася дадому. Дачакаўшыся поўначы і павіншаваўшы адну з удзельніц пілігрымкі з 18-годдзем, радасныя пілігрымы пайшлі адпачываць.

31 ліпеня пасля сустрэчы світанку ў цэнтры горада і піцця ранішняй кавы некаторымі маладымі пілігрымамі ўсе разам сабраліся на ранішняй святой Імшы, якую цэлебраваў для іх біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Падчас прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што пілігрым — гэта «чалавек шляху, веры і даверу», што «гэта не турыст, бо турыст шукае зручнасці, прыгод, новых эмоцый, а пілігрым — Бога, праўду і, вельмі часта, самога сябе».

«Быць пілігрымам — гэта не спыняцца на павярхоўнасці. Гэта шукаць глыбіні. Гэта мець смеласць задаваць пытанні, марыць і спадзявацца»,

— сцвердзіў біскуп.

«Вы — носьбіты надзеі!» — так акрэсліў маладых удзельнікаў пілігрымкі іерарх. Ён заклікаў кожнага з іх быць «апосталам надзеі», гэта значыць чалавекам, «які запальвае святло сярод цемры, змагаецца з абыякавасцю, сведчыць пра Бога праз жыццё». Ён нагадаў, што «ў Рыме пралілася кроў за веру, тут быў укрыжаваны святы Пётр, загінуў святы Павел, тысячы першых хрысціян паклалі жыццё за Хрыста». «Сёння свет таксама мае патрэбу ў сведках. Свет не шукае “інфлюэнсераў” веры, свет шукае святых — тых, хто жыве Евангеллем» — заўважыў пастыр.

Гамілію біскуп Гуляй завяршыў заклікам да сабранай моладзі: «Не дазваляйце, каб страх заглушыў вашу веру. Не дазваляйце, каб свет пераканаў вас, што вы нічога не зменіце. Ідзіце! І пакідайце сляды надзеі там, дзе ступаеце».

Другая частка дня ў групе, якой трымалася Вікторыя, была прысвечана наведванню невялікага, але непаўторнага італьянскага мястэчка ў горнай мясцовасці і на беразе возера Брачана. Моладзь дабралася туды цягніком. Усе вярнуліся на начлег, поўныя незабыўных уражанняў.

У пятніцу 1 жніўня ўсе ўдзельнікі наведалі Асізі — горад святога Францішка. Атрымліваючы па дарозе ад паркоўкі да касцёлаў асалоду ад прыгажосці гэтага гарадка, моладзь наведала Базыліку Святой Клары і Базыліку Святога Францішка. Удзельнікі пілігрымкі асабліва адзначылі спакой, мір і малітоўную атмасферу, якая прысутнічала ў Асізі. Вярнуўшыся на начлег, маладыя людзі разам са сваімі аднагодкамі калумбійцамі, іспанцамі і партугальцамі стварылі спеўную і танцавальную супольнасць і наперамен праслаўлялі Бога сваім спевам і рухамі.

«Думаю, гэты вечар можна смела назваць вечарам паяднання, бо мы змаглі быць разам, не ведаючы моваў адзін аднаго. Было незвычайна, весела, шумна, цікава было дзяліцца кавалачкам сваёй культуры з іншымі народамі, у той жа час чэрпаючы з багацця іх традыцый»,

— адзначыла ў дзённіку Вікторыя.

У наступны дзень, 2 жніўня, увечары распачыналася чуванне моладзі з Папам Львом XIV. Пасля ранішняй святой Імшы ў парафіі святога Рамана, дзе прымалі ўдзел беларусы, італьянцы, іспанцы, партугальцы і калумбійцы, моладзь вырашыла выкарыстаць вольны час на наведванне трэцяй Базылікі Латэранскай, якая носіць тытул Святога Яна. Затым з месца начлегу пілігрымы вырушылі ў Тор Вергата прыгарад Рыма, дзе павінна была адбыцца сустрэча з Папам.

Аддаем голас Вікторыі, якая распавядзе нам пра чуванне з Папам у Тор Вергата:

«Чуванне з Львом ХІV праходзіла пад вельмі прыгожы спеў, і ўсю атмасферу вакол можна акрэсліць як узвышаную. Папа звярнуўся да моладзі са словам і заклікаў, каб Хрыстус стаў нашым Сябрам, каб мы адкрылі свае сэрцы на Яго прысутнасць.

Моладзь задавала Папу пытанні: пра сяброўства, пра веру, пра адвагу — як рабіць выбар, пра тое, як сапраўды спаткаць Уваскрослага Езуса.

Папа параіў маладым людзям, каб быць шчаслівымі, будаваць сваё жыццё на Хрысце. Заўважыў, што выбар — гэта заўсёды адмовіцца ад нечага іншага, і падкрэсліў, што адносіны паміж людзьмі — гэта вельмі важна, таму што кожны з нас атрымаў жыццё дзякуючы пэўным адносінам двух людзей».

Усе засталіся на начлег на сваіх месцах, каб назаўтра у нядзелю удзельнічаць у святой Імшы, якую ўзначаліць Пантыфік.

3 жніўня быў апошнім днём Юбілея моладзі. Перад Імшой Папа праехаўся каля моладзі на папамабілі, як гэта ён зрабіў напярэдадні, каб перадаць сваё прывітанне прысутным. Моладзь сустрэла Пантыфіка гучнымі авацыямі.

«Набажэнства праходзіла ў прыўзнятым, урачыстым настроі. Больш за мільён удзельнікаў, каля дзвюх тысяч прэзбітэраў і 450 біскупаў сабралося на гэтую падзею — лічбы сапраўды неверагодныя, — запісала ў дзённіку Вікторыя».

Біскуп Уладзімір Гуляй адзначыў: «У сваёй прамове Святы Айцец звярнуўся да моладзі глыбокімі і натхняльнымі словамі: Слухайце сваё сэрца. Шукайце Бога. Не задавальняйцеся малым”... Папа звярнуў увагу, што шчасце — гэта не валоданне рэчамі, а жывая сувязь з Богам. Ён нагадаў, што паўната жыцця — у адносінах, у любові, у еднасці з Богам і братамі».

Моладзь вярталася дадому стомленая, але радасная, хоць адценне суму ўсё ж прысутнічала па прычыне таго, што ўсё скончылася.

«Час, які спачатку цягнуўся і памножыўся, у выніку зноў састроіў фокус і скончыўся абсалютна нечакана…» — такім сказам завяршаецца дзённік Вікторыі Сідар.

Абноўлена 06.08.2025 00:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа