Пошук


З 1 па 3 мая пры смаргонскай парафіі святога Арханёла Міхала адбыліся дыяцэзіяльныя Дні моладзі. Яны праходзілі пад дэвізам «Жыць Евангеллем».

Сустрэча сабрала больш за 600 удзельнікаў з Гродзенскай дыяцэзіі, таксама прыбыла моладзь з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Пры смаргонскай парафіі дыяцэзіяльныя Дні моладзі праходзяць у трэці раз (упершыню прайшлі ў 2003 годзе).

Галоўны пункт праграмы кожнага дня дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі — святая Імша. У першы дзень цэлебрацыю ўзначаліў ксёндз Яўген Амасёнак. Удзельнікаў цёпла прывітаў пробашч смаргонскай парафіі ксёндз Алег Каралёў SDB, падкрэсліўшы, што для гэтай парафіяльнай супольнасці вялікі гонар прымаць столькі маладых людзей.

Ксёндз Яўген у гаміліі пажадаў удзельнікам, каб іх сэрцы «не турбаваліся», бо «там, дзе ёсць Езус, там ёсць супакой, Езус трымае нас за руку і дае супакой, гаворачы: «Я з табою». «Найважнейшае — што мы з Ім, — сказаў святар. — Ён падрыхтаваў нам месца на гэтых Днях моладзі. Тут, у Смаргоні, мы ўсе дома, у доме Божым з Хрыстом. Ен прабывае там, дзе мы». 

Па словах святара, калі б кожны з прысутных не прыбыў на гэтыя Дні моладзі, то «момант быў бы прапушчаны» і такі чалавек замест удзелу ў гэтай сустрэчы «проста лістаў бы «стужку» ў сацсетках».

«Шчасце можна выбраць. І вы выбралі быць тут»,

сказаў ксёндз Яўген.

Першы дзень мерапрыемства завяршыўся танцамі і канцэртам групы «Таў» з Мінска. 

Праграма другога дня дыяцэзіяльных Дзён моладзі ўключала тэатральную пастаноўку, канферэнцыю, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, майстар-класы і канцэрт.

У гэты дзень Дня моладзі святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.  Іерарх адзначыў, святая Імша цэлебруецца за ўдзельнікаў Дзён моладзі і ў інтэнцыі таго, каб яны маглі распазнаць сваё пакліканне. На літургіі спяваў моладзевы хор з Мінска «Пілігрымы надзеі». 

У гаміліі біскуп выказаў думку, што быць з Богам не азначае заўсёды смяяцца і радавацца. Ён дадаў, што прабываць з Богам цяжка, бо свет прапануе шмат усяго для маладога чалавека і паўстае пытанне, як сярод гэтай разнастайнасці застацца да канца верным Богу. 

Іерарх звярнуў увагу таксама на тое, што ніколі не трэба губляць надзеі, трэба шукаць рашэння ў кожнай сітуацыі і памятаць, што «нават калі сто разоў не атрымаецца — атрымаецца ў сто першы».

Біскуп Зноска, які, дарэчы, з’яўляецца наймалодшым з беларускіх каталіцкіх іерархаў, прызнаўся, што заўсёды з радасцю і энтузіязмам глядзіць на маладых людзей — будучыню Касцёла і краіны.

«Шукайце і ніколі не бойцеся, што Бог ад вас адвернецца», — заахвоціў ён удзельнікаў Дзён моладзі.

Таксама ў гэты дзень у агульнай колькасці ў праграме было 22 майстар-класа рознай тэматыкі — ад пытанняў веры да бытавых уменняў. Іх праводзілі духоўныя і свецкія асобы, спецыялісты і аматары. Кожны ўдзельнік мог выбраць адзін з майстар-класаў. Можна было, напрыклад, пазнаёміцца з сакрэтамі натуральнага макіяжу ці паўдзельнічаць у стварэнні кветкавых дэкарацый. Адзін з майстар-класаў быў прысвечаны тэме «Ролі, патэнцыял, лідарства — як рэалізавацца ў жыцці, знайсці цэласнасць і раскрыць свой патэнцыял; ролі і планаванне як інструмент для жыццёвага дызайну». Для тых, хто цікавіцца сучаснымі тэхналогіямі, была магчымасць даведацца, як працуюць сацсеткі, і павучыцца выкарыстоўваць штучны інтэлект як магутнага памочніка для стварэння кантэнту. Іншы майстар-клас прысвячаўся тэме евангелізацыі ў сацсетках — тлумачылася, як у іх казаць пра веру.

Былі майстар-класы, прысвечаныя актуальным для многіх маладых людзей тэмам — сям’і, каханню, будаўніцтву здаровых адносін. У тых, хто любіць музыку, была магчымасць з дапамогай спецыялістаў стварыць «з нуля» песню ў гонар Бога, а таксама паразважаць над пытаннем: «Дзе заканчваецца музыка і пачынаецца нешта большае?» Свае здольнасці можна было праявіць таксама праз танец ці тэатральную пастаноўку. Адзін з майстар-класаў прапаноўваў «адкрыць для сябе радасць Божага слова і зразумець, чаму яно такое важнае для кожнага хрысціяніна». Можна было пазнаёміцца са старадаўняй методыкай чытання Бібліі «Lectio Divina», дзякуючы якой не адзін святы паглыбіў сваю веру і адносіны з Богам. Яшчэ адзін майстар-клас быў прысвечаны спорту, у яго межах былы прафесійны футбаліст брат Сяргей Гусар OFMCap падзяліўся досведам таго, як можна праз спорт адкрываць Бога. У межах іншага майстар-класу на тэму, як служыць супольнасці сваімі талентамі, распавядалася пра стварэнне гаража, прысвечанага святому Юзафу.

Тэатральная пастаноўка мела назву «Жыць Евангеллем» — сугучна дэвізу гэтых Дзён моладзі. Пастаноўку падрыхтавалі маладыя вернікі смаргонскай парафіі, у ёй паказвалася прыгажосць жыцця, згоднага з Евангеллем, – жыцця, у якім Бог не абмяжоўвае чалавека, дае яму свабоду, а разам з тым робіць яго жыццё плённым і цудоўным.

Пасля была канферэнцыя, з якой выступіў айцец Яўген Голуб OFM Conv. Ён заахвоціў маладых людзей ахвяраваць сваё жыццё Богу, адзначыў, што Пан хоча шчасця для кожнага, «бачыць тое, чаго не ведае і не бачыць ніхто з нас».

Адарацыя давала ўдзельнікам Дзён моладзі магчымасць паяднацца з Богам, адчуць Яго блізкасць. Можна было прыступіць да споведзі.

Канцэрт праслаўлення, з якім выступіў моладзевы гурт з Гродна, стаў завяршэннем гэтага дня і яркім акцэнтам сустрэчы.

Кульмінацыйным пунктам праграмы дыяцэзіяльных Дзён моладзі была нядзельная святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй

«Мы збіраемся вакол алтара Пана не толькі для таго, каб падвесці прыгожы вынік гэтым дням сустрэч, малітвы, супольнасці і духоўнага росту, але перадусім для таго, каб у святле Божага слова спытаць саміх сябе: што застанецца ў маім сэрцы пасля гэтай сустрэчы, што я панясу далей у сваё штодзённае жыццё і ці сапраўды дэвіз гэтых дзён — «Жыць Евангеллем» — не толькі прыгожай тэмай моладзевай падзеі, але і асабістай праграмай майго жыцця»,

— сказаў біскуп у гаміліі.

«Сёння чалавек часта будуе жыццё на тым, што вельмі хутка мінае: на эмоцыях, на чужой ацэнцы, на знешнім поспеху, на камфорце, на папулярнасці, на часовым задавальненні. Але калі прыходзіць бура – а яна заўсёды прыходзіць – тады адкрываецца праўда. Прыйдзе выпрабаванне. Прыйдзе боль. Прыйдзе адзінота. Прыйдзе неабходнасць выбару паміж праўдай і выгодай. І тады будзе відаць, на чым сапраўды стаіць жыццё чалавека», – сказаў біскуп. Па яго словах, «сучасны чалавек вельмі часта носіць у сабе шмат страху: страх перад будучыняй, перад няўдачай, перад адзінотай, перад уласнай слабасцю, перад тым, што жыццё можа пайсці не так, як ён сабе запланаваў; можна мець шмат магчымасцяў і пры гэтым не мець супакою».

Выказваючы падзяку ўсім, з чыёй дапамогай стала магчымым правядзенне Дзён моладзі, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі сказаў: «Дзякую і вам, любая моладзь! Атуляю кожнага і кожную з вас пастырскім сэрцам і малітвай. Кожны з вас у маім сэрцы, і так будзе заўсёды, пакуль гэта сэрца б’ецца!»

«Не дазвольце, каб гэтыя Дні моладзі засталіся толькі прыгожым успамінам. Не нясіце дадому толькі фотаздымкі. Нясіце агонь. Нясіце рашэнне быць бліжэй да Бога. Нясіце мужнасць пачаць нанова. Нясіце вернасць малітве. Нясіце радасць таго, што Хрыстус сапраўды жыве»,

заклікаў біскуп удзельнікаў сустрэчы.

Па словах саміх маладых людзей, гэтыя Дні моладзі сталі для іх цудоўным часам, калі яны маглі спазнаць блізкасць Бога і адчуць сябе членамі вялікай сям’і Касцёла.

Абноўлена 04.05.2026 18:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа