12 студзеня Папа Францішак прызначыў новага сакратара Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, а таксама надаў біскупскую годнасць падсакратару Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сакратаром Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі стаў монсіньёр Карло Марыя Пальвані, які раней займаў пасаду падсакратара гэтай ватыканскай установы. Святы Айцец надаў яму таксама тытул арцыбіскупа.
Біскупскую годнасць Папа надаў монсіньёру Філіпо Чампанэллі, падсакратару Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Яе ўзначальвае былы Апостальскі нунцый у Беларусі кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, з якім біскуп намінат супрацоўнічаў таксама ў нашай краіне.
Да прызначэння ў гэтую структуру Рымскай курыі ён працаваў на дыпламатычнай службе. З 2011 па 2015 год монсіньёр Чампанэллі быў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, а з 2015 па 2024 год займаў пасаду супрацоўніка Секцыі па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыяту.