Паводле пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 20 снежня, да 1 верасня 2025 года Рэспубліка Беларусь адкрые сваё пасольства пры Святым Пасадзе.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адпаведная пастанова Савета Міністраў № 988 прадугледжвае стварэнне першага ў гісторыі пасольства Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе. Мінфін будзе фінансаваць выдаткі на адкрыццё і ўтрыманне пасольства са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных для Міністэрства замежных спраў на ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой.
Варта адзначыць, што Апостальская нунцыятура як пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада ў Беларусі існуе з 1992 года, аднак да гэтага часу Беларусь не мела свайго пасольства ў Ватыкане.
Беларускія інтарэсы прадстаўлялі дыпламаты, прызначаныя пасламі ў іншыя еўрапейскія краіны і па сумяшчальніцтве пры Святым Пасадзе. Апошнім з іх больш за 20 гадоў быў Сяргей Алейнік.
З адкрыццём пасольства дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі выходзяць на новы ўзровень, што створыць дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва.