Пошук

08.02.2024 15:36   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: К. Шастоўскі / radzima.org

Увечары 6 лютага здарыўся пажар у касцёле Сэрца Езуса ў Вільні, які ў апошні час зачынены і не дзейнічае.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцытва КАІ, у будынку касцёла былога кляштара візітак, размешчанага на вуліцы Роса (Расу) гарэла драўляная падлога. Віленская паліцыя падазрае, што пажар узнік у выніку падпалу.

Пажарныя прыбылі на тушэнне каля 17.00. З вокнаў касцёла ішоў дым. Паводле папярэдніх ацэнак, страты ад пажару складаюць каля пяці тыс. еўра.

Касцёл Сэрца Езуса пры кляштары Ордэна сясцёр Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (візітак) быў пабудаваны ў 1756 годзе ў стылі позняга барока.

Пасля задушэння Паўстання 1863–1864 гадоў святыня была ператворана ў праваслаўную царкву святой Марыі Магдалены. У 1919 годзе сёстры візіткі вярнуліся ў Вільню, кляштар і касцёл былі адрамантаваныя. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі святыню, а кляштар ператварылі ў вязніцу. Пасля атрымання Літвой незалежнасці да 2007 года тэрыторыя кляштару працягвала выкарыстоўвацца як пенітэнцыярная ўстанова.

У 2018 годзе літоўскія ўлады перадалі Каталіцкаму Касцёлу ўсе будынкі касцёльна-кляштарнага комплексу. У цяперашні час святыня зачынена і не дзейнічае.

Непасрэдна за мурамі касцёла Сэрца Езуса размешчаны хоспіс імя благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, заснаваны сястрой Міхаэлай Рак з супольнасці сясцёр Езуса Міласэрнага.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа