Пошук

22.11.2022 12:22   Catholic.by

У суботу 19 лістапада ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме ў Вільні падчас святой Імшы на беларускай мове адбылося благаслаўленне перэгрынацыйнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай — адной з найбольш шанаваных з даўніх часоў на нашых землях ікон Багародзіцы.

Эўхарыстыя, на якой сабраліся беларускамоўныя вернікі, што жывуць у Літве, а таксама пілігрымы з Беларусі, цэлебравалася ў межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія штогод адзначаюцца ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай. Цэлебрацыю ўзначаліў дапаможны біскуп Віленскай архідяцэзіі Арунас Панішкайціс.

Напрыканцы святой Імшы іерарх здзейсніў благаслаўленне перэгрынацыйнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай, які дапоўніў збор копій цудадзейных ікон Багародзіцы з беларускіх Марыйных санктуарыяў.

Гэтыя абразы, намаляваныя мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько, ужо другі год перэгрынуюць па парафіях нашай краіны. На час Апекаў яны прыбылі ў Вільню, дзе былі выстаўленыя для ўшанавання і малітвы ў крыпце касцёла святой Тэрэзы.

Копія абраза Маці Божай Вастрабрамскай стала 14-й у зборы найбольш шанаваных на нашых землях ікон Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасля святой Імшы ў сакрыстыі касцёла святой Тэрэзы біскуп Панішкайціс падпісаў складзены на лацінскай мове дакумент аб благаслаўленні копіі абраза Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы.

20 лістапада копіі абразоў вярнуліся ў Беларусь. Іх далейшая перэгрынацыя па парафіях дасць магчымасць вернікам нашай краіны духоўна дакрануцца да яшчэ адной вялікай святыні, перад якой малілася не адно пакаленне нашых продкаў — цудадзейнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай.

Абноўлена 22.11.2022 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.