Пошук

21.11.2022 00:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 19 лістапада, у межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія адзначаліся ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай, у касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме адбылася святая Імша на беларускай мове.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі, на якой сабраліся беларускамоўныя вернікі, што жывуць у Літве, а таксама пілігрымы з Беларусі, узначаліў дапаможны біскуп Віленскай архідяцэзіі Арунас Панішкайціс.

Да сабраных у касцёле святой Тэрэзы духоўна далучыліся сотні вернікаў, якія ўдзельнічалі ў супольнай малітве з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by.

Аздобіў літургію прыгожы спеў у выкананні хору «Голас душы» з парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

Калектыў у поўным складзе скіраваўся ў пілігрымку да Маці Міласэрнасці ў інтэнцыі хутчэйшага аднаўлення набажэнстваў у Чырвоным касцёле, зачыненым пасля ўзніклай пры так і не высветленых да гэтага часу абставінах надзвычайнай сітуацыі ў святыні.

Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — найбольш славутага абраза Багародзіцы на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага — адзначаецца 16 лістапада. Штогод яна суправаджаецца святкаваннем на працягу тыдня Апекаў Маці Божай, што становяцца важнай рэлігійнай падзеяй для вернікаў цэлага рэгіёна даўняга Віленскага краю, у тым ліку і для беларускіх католікаў.

Сёлета на час Апекаў у Вільню прыбылі копіі цудадзейных абразоў Багародзіцы з беларускіх Марыйных санктуарыяў, якія ўжо другі год перэгрынуюць па розных парафіях нашай краіны.

Упершыню збор абразоў, які перад прыбыццём у Вільню налічваў ужо 13 копій цудадзейных ікон Маці Божай, намаляваных мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько, трапіў за межы Беларусі.

З 10 лістапада абразы былі выстаўленыя для ўшанавання і малітвы ў крыпце касцёла святой Тэрэзы.

Паводле ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, ініцыятара перэгрынацыі копій цудатворных ікон, у Вільню іх прывезлі перадусім з думкай пра беларусаў, якія тут жывуць, каб кожны, хто знаходзіцца за межамі Бацькаўшчыны, мог дакрануцца да духоўнай спадчыны Беларусі, якой з’яўляюцца Марыйныя санктуарыі нашай краіны.

У Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці — збор ікон з беларускіх Марыйных санктуарыяў дапоўніўся 14-м абразом, якім стала копія іконы Маці Божай Вастрабрамскай.

19 лістапада падчас святой Імшы на беларускай мове ў касцёле святой Тэрэзы яна была выстаўлена перад алтаром, побач з вялікай дакладнай копіяй іконы Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы.

На пачатку цэлебрацыі біскуп Панішкайціс запрасіў усіх прысутных да супольнай малітвы: «Браты і сёстры, шчыра вітаю ўсіх.

Сёння як адна сям’я дзяцей Божых просім Вастрабрамскую Маці Божую: „Маліся за нас“».

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў душпастыр беларускамоўных католікаў у Вільні, пробашч парафіі святога Барталамея брат Арыюш Малыска, капуцын.

Святар засяродзіўся на праблеме існавання зла ў свеце, што для людзей часта становіцца прычынай расчаравання і нават нараканняў на Бога, а таксама падштурхоўвае «шукаць вінаватых». Замест гэтага душпастыр заахвоціў вернікаў сваім жыццём даваць іншым прыклад таго, як можна паступаць, каб гэтага зла станавілася менш.

Для гэтага, паводле яго, неабходна міласэрнасць, прычым міласэрнасць не проста як прабачэнне, а як блізкасць сэрца да кожнай чалавечай бяды і няшчасця, што перадае лацінскі варыянт гэтага слова — misericordia.

«Таму мае сэнс у гэтых момантах прыйсці сюды, да Маці Міласэрнасці, якая ўкшталтавала сваё сэрца на ўзор Сэрца свайго Сына, які ў той момант, калі павінен быў па-людску наракаць, знайшоў яшчэ адзін варыянт <…> і сказаў, што яны так робяць, таму што не могуць па-іншаму. Калі б мы так падыходзілі да нашых блізкіх, <…> колькі зла мы б пазбягалі», — адзначыў капуцын, дадаўшы, што менавіта гэтай «цярплівай міласэрнасці сэрца, якое не асуджае, але якое прымае», мы прыходзім вучыцца ў Марыі.

Каментуючы словы Збаўцы «Вось Маці твая», прамоўленыя Ім з Крыжа, святар заўважыў, што «калі Езус перадае Маці свайму вучню, то насамрэч нічога не змянілася, таму што чалавечнасць кожнага з нас скрываецца ў чалавечнасці Езуса Хрыста».

«Калі Езус кажа „Вось Маці твая“, то Ён кажа: „Прачніся, вось у цябе ёсць наступны, яшчэ адзін варыянт; гэта не так, што ўсё заканчваецца: у цябе з’яўляецца Маці. <…> Тое, што робіць Езус у адносінах да Марыі, і тое, як Марыя гэта прымае, нам паказвае, што ёсць яшчэ варыянт, і яго нам трэба адкрыць», — падкрэсліў на заканчэнне гаміліі брат Арыюш Малыска.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Арунас Панішкайціс благаславіў перэгрынацыйны абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

Такім чынам у Вільні збор копій цудадзейных ікон Багародзіцы папоўніўся яшчэ адным асабліва шанаваным на нашых землях абразом Маці Міласэрнасці. Гэта вельмі актуальна цяпер, паколькі пілігымкі ў Вільню спалучаныя з перасячэннем мяжы і даступныя далёка не ўсім.

Далейшая перэгрынацыя абразоў па беларускіх парафіях дасць магчымасць вернікам нашай краіны духоўна дакрануцца да яшчэ адной вялікай святыні, перад якой малілася не адно пакаленне нашых продкаў, і якая ўжо шмат стагоддзяў благаслаўляе сваіх дзяцей з Вострай Брамы, што вядзе з Вільні на усход.

Гэта таксама сімвал таго, што Божая любоў і міласэрнасць шчодра сыходзіць праз рукі Багародзіцы на ўсіх людзей, нягледзячы ні на якія межы, яднаючы ўсе народы повязямі братэрства ў адну вялікую сям’ю дзяцей Божых.

 

Абноўлена 21.11.2022 15:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.