У нядзелю 10 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў з пастырскім візітам парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат).
Пры браме святыні арцыбіскупа прывітаў пробашч чэрвеньскай парафіі ксёндз Вячаслаў Дубавец разам з мясцовымі вернікамі. Святар распавёў аб будаўніцтве святыні, а таксама аб ахвярнасці і зацікаўленасці парафіянаў гэтай справай. Святыня ў Чэрвені — новая, прыгожая і велічная, нягледзячы на яе сціплыя памеры. Пры касцёле ёсць памяшканне для катэхезы і сустрэч парафіяльных груп, ёсць і памяшканнне для пробашча: утульнае і светлае.
Арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы для парафіяльнай супольнасці.
Разам з іерархам Эўхарыстыю цэлебравалі яго асабісты сакратар, ксёндз канонік Юрый Ясевіч і ксёндз Вячаслаў Дубавец. Арцыпастыр маліўся за ўсіх, хто прычыніўся да будаўніцтва святыні: як жывых, так і тых, хто ўжо адышоў з гэтага свету, перадусім за папярэдняга пробашча парафіі ў Чэрвені ксяндза Мечыслава Лабяка, які распачаў гэтую нялёгкую справу і займаўся ёй да апошняга дня свайго зямнога жыцця.
Арцыбіскуп Станеўскі не абмінуў увагай дзяцей і моладзь парафіі, а таксама людзей хворых і самотных. Падчас малітвы ён прасіў Божага благаслаўлення для хлебаробаў, з падзякай ім за іх нялёгкую працу.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп засяродзіўся на тэме «Касцёл — наш дом», пра што часта нагадвае ў сваім вучэнні Папа Францішак.
Парафіяне ў адказ паабяцалі арцыпастыру, што прыкладуць яшчэ больш намаганняў, каб іх парафіяльная святыня была не толькі домам для вернікаў парафіі, але таксама да таго, каб дзверы іх касцёла былі кожны дзень адчынены для тых, хто шукае дарогу да Бога.
На заканчэнне іерарх перадаў прысутным абразкі Маці Божай Бялыніцкай, бо ў гэты дзень акурат кіраваўся на штогадовы на фэст у Бялынічы, што на Магілёўшчыне, дзе калісьці знаходзілася адна з найбольш шанаваных на нашых землях ікон Багародзіцы.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі быў вельмі рады таму, што парафіяне адразу пазналі выяву Маці Божай Бялыніцкай. Гэта сведчыць пра тое, што Яе культ адраджаецца не толькі ў Магілёўскім рэгіёне, але таксама і на Міншчыне.