Пошук

17.12.2024 15:11   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Віталій Шмурай / Grodnensis.by

14 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафіяльную супольнасць святога Максімільяна Кольбэ і святога Станіслава, біскупа, у Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад).

Як паведаміла Прэс-сдужба Гродзенскай дыяцэзіі, там іерарх здзейсніў благаслаўленне звона, які будзе клікаць людзей на малітву з вежы новага парафіяльнага касцёла, які яшчэ будуецца.

Потым у капліцы, дзе пакуль моляцца вернікі парафіі, біскуп Гуляй узначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі ахвяраваў яе ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць у Каробчыцах на чале з яе пробашчам ксяндзом Янам Рушніцкім і ўдзельнічае ў будаўніцтве касцёла.

У гаміліі, разважаючы над літургічным чытаннем, біскуп перадусім звярнуў увагу на тое, што хрысціянін моцны сілай магутнасці Бога, а не сам па сабе: «Калі ён з праўдай і пакорай сэрца глядзіць на сябе і сваё жыццё, ён павінен часта паўтараць за святым Паўлам, што „носім гэты скарб у гліняных начыннях“, слабых і далікатных па сваёй прыродзе, схільных да знішчэння і смерці.

Таму наша сіла — не ў нас саміх і не ў тым, што звязана з чалавечай уладай і моцай, пазначанымі слабасцю, страсцямі і жаданнем валадарыць адзін над адным. Сіла Божай магутнасці заключаецца ў праўдзе, справядлівасці і міры», — сцвердзіў біскуп Гуляй. Ён дадаў, што сродкі духоўнай барацьбы хрысціянаў — гэта вера, Божае слова і малітва.

«Званы ў нашых касцёлах заклікаюць нас і нагадваюць, каб мы, як казаў апостал Павел, з усялякай руплівасцю клапаціліся пра гэта.

Гук званоў нагадвае нам пра нашае духоўнае змаганне, да якога кліча нас Бог; нагадвае пра заклік да веры, якая ёсць дарам і ласкай адвечнага Бога. Гэта запрашэнне, звернутае да кожнага чалавека, адказаць сваім жыццём на гэты дар і ласку. Адказваючы, мы павінны памятаць, што вера не можа заставацца толькі ў рэлігійных пачуццях ці настроях, а павінна прысутнічаць у нашым мысленні і дзеяннях, у працы над сабой і ў апостальскай дзейнасці», — адзначыў іерарх з нагоды благаслаўлення звона, якое здзейсніў перад Імшой.

Таксама, па словах біскупа, гук званоў паказвае, што «вера нараджаецца са слухання». «Гук званоў — гэта пэўнае абуджэнне нашага сумлення, нашага нутра, каб мы з большым даверам адкрываліся на слова Божае», — заўважыў біскуп.

Гук званоў заклікае і да малітвы, адзначыў іерарх, дадаўшы, што «ў нашым духоўным змаганні ўсё адбываецца на малітве, таму Касцёл заклікае нас да пастаяннай малітвы, каб мы пры кожнай магчымасці маліліся ў Духу Святым».

Біскуп Гуляй пажадаў, каб кожны ўдар звона на парафіяльным касцёле «прыводзіў да навяртання грэшнікаў, быў голасам Бога, абуджаў сумленні, радаваў справядлівых, клікаў жывых да малітвы, плакаў па памерлых і абвяшчаў надзею на збаўленне» і каб благаслаўленне гэтага звона стала «яшчэ адным заклікам да веры і любові, заклікам да веры ў Бога, багатага на міласэрнасць, якому мы даверыліся, заклікам верыць у Яго любоў да нас і адказваць на яе любоўю».

Напрыканцы Імшы вернікі і пробашч выказалі Гродзенскаму біскупу падзяку за візіт і ўдзел у важнай для парафіі падзеі, якая наблізіла супольнасць да заканчэння чарговых этапаў будаўніцтва святыні.

У Каробчыцах біскуп Уладзімір Гуляй таксама благаславіў пакоі парафіяльнага дома, прызначаныя для катэхетычных заняткаў і для пражывання святара.

 

Абноўлена 17.12.2024 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа