8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у касцёле святога Піо ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) ўпершыню загучалі такія доўгачаканыя вернікамі парафіі святога Казіміра званы.
Літургію благаслаўлення званоў распачала ўрачыстая працэсія святароў на чале з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім.
«Званы цесна спалучаны з жыццём Божага народа. Іх звон вызначае час малітвы, збірае народ на літургію, нагадвае пра важныя падзеі, якія напаўняюць радасцю альбо болем Касцёл ці паасобных вернікаў.
Няхай пабожны ўдзел у сённяшнім абрадзе зробіць нас уважлівымі да звону гэтых званоў. Колькі разоў яго пачуем, будзем памятаць, што мы — адна сям’я, якая павінна збірацца разам на знак свайго яднання ў Хрысце», — звярнуўся іерарх да прысутных на пачатку абраду благаслаўлення. Пад узнёслыя гукі званоў адбыўся ўрачысты ўваход у святыню.
Касцёл святога Піо пачаў будавацца на Вялікім Гасцінцы ў Маладзечне ў 2003 годзе. Доўгіх двадцаць гадоў агульнымі намаганнямі братоў капуцынаў, парафіянаў і іншых людзей расла святыня, будаўніцтва якой працягваецца яшчэ і цяпер.
Збор ахвяраванняў на набыццё званоў распачаўся ўжо больш за дзесяць гадоў таму, і вось, нарэшце, у жніўні парафія набыла чатыры званы. Яны былі адлітыя ў 1977 годзе на спецыяльным нямецкім заводзе ў Карлсруэ.
Да таго, як званы трапілі на Беларусь, яны знаходзіліся ў парафіі святога Генрыха ў паўночным Кілі ў Германіі. Самы вялікі з іх і, адпаведна, з самым нізкім гучаннем, важыць 269 кг. Меншыя — 150, 107 і 75 кг. Чым меншы памер — тым вышэйшы тон звону.
Дакладнае апісанне набытых званоў, змешчаных на іх надпісаў і сімвалаў пададзена ў спецыяльным матэрыяле на старонцы маладзечанскай парафіі святога казіміра Pio.by.
13 лістапада званы былі ўзнятыя на стромкую вежу касцёла святога Піо, якая ўзносіцца высока над горадам.
«…І менавіта сёння мы змаглі пачуць „новы голас“ нашага касцёла — голас званоў, якія будуць абвяшчаць Божую Хвалу і запрашаць да малітвы», — прамовіў брат Андрэй Жылевіч OFMCap, настаяцель маладзечанскай супольнасці Меншых Братоў Капуцынаў. Ён скіраваў словы падзякі біскупу за радасць дару благаслаўлення званоў і за супольную малітву за парафію, а таксама ўсіх вернікам, дзякуючы якім у святыні загучалі званы. Асаблівая ўдзячнасць прагучала ў адрас Андрэя Чыжэўскага, Паўла Сташкевіча, Івана Рогача і Таццяны Шумель. Парафіяне, са свайго боку, шчыра павіншавалі біскупа-земляка з 27-й гадавінай яго прэзбітэрскага пасвячэння.
Ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Панны Марыі, разважаючы над урыўкам з Евангелля пра Звеставанне, іерарх падкрэсліў, што Касцёл у гэты дзень асаблівым чынам моліцца за сем’і: каб палюбілі і прынялі кожнае зачатае жыццё, «бо ў момант зачацця ва ўлонні мамы чалавек з самага першага моманту з’яўляецца асобай».
Акрамя таго, у гаміліі біскуп Касабуцкі закрануў і гістарычны аспект існавання званоў. Ён адзначыў, што гук трубы, які збіраў людзей на малітву, адыгрываў важную ролю ў рэлігійным жыцці старажытных юдэяў. Ён выкарыстоўваўся на пачатку штодзённай малітвы. У першыя стагоддзі хрысціянства, у часы пераследу, хрысціяне збіраліся на супольную малітву паціху. Пазней, калі пачалі адкрыта будавацца святыні, спатрэбіліся званы, каб людзі ведалі, калі цэлебруецца Імша, а асобны звон на спецыяльнай вежачцы гучаў падчас галоўнай часткі Імшы — кансэкрацыі. Іерарх падкрэсліў, што званы маюць перадусім рэлігійны характар і збіраюць на малітву.
«У Маладзечне гэтыя званы будуць таксама абвяшчаць людзям час малітвы, заклікаць людзей да малітвы. А можа, голас гэтых званоў, як язык звона, які стукаецца аб яго, дастукаецца да чыйгосьці сэрца», — выказаў на заканчэнне гаміліі спадзяванне біскуп Касабуцкі.
Напрыканцы цэлебрацыі пробашч парафіі брат Ігар Колзун OFMCap падзякаваў Богу Усемагутнаму і Найсяцейшай Панне Марыі за ласку, што ўсе маглі ў гэты дзень быць разам і маліцца. Святар таксама падзякаваў біскупу Юрыю Касабуцкаму і ўсім тым, хто прычыніўся да свята.