У нядзелю 19 студзеня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў цэлебрацыю сятой Імшы ў сваёй роднай парафіі святога Юзафа ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
У прамоўленай гаміліі іерарх раскрыў паняцце цуду з тэалагічнага пункту гледжання, яго значэнне для ранніх хрысціянаў і растлумачыў цяперашнее асэнсаванне ў кантэксце сучасных рэалій і выклікаў.
Біскуп Касабуцкі адзначыў, што дары, якія мы атрымліваем ад Пана Бога ў асобе Святога Духа, таксама можна назваць цудамі.
«Кожны з нас павінен ведаць і верыць, што ў штодзенным жыцці чалавека заўсёды ёсць месца для здзяйснення цуду праз заступніцтва Панны Марыі, святых і анёлаў-ахоўнікаў.
Менавіта з дапамогай цуду Пан Бог можа дакрануцца да кожнага з нас у моманты смутку, роспачы, нейкіх цяжкасцей і праблем. Таму, нам, паслядоўнікам Хрыста, важна не губляць надзею», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі. Ён дадаў, што гэтаму нас вучыць таксама Папа Францішак, які для Юбілею 2025 Святога года выбраў дэвіз «Пілігрымы надзеі».
Напрыканцы цэлебрацыі пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат, грэміяльны канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, падзякаваў свайму выхаванцу біскупу Юрыю Касабуцкаму за супольную малітву з вернікамі роднай парафіі.
«Біскуп Юрый у нас не ў гасцях, а, як заўсёды, дома», — адзначыў пры гэтым заслужаны святар.