З нагоды Міжнароднага дня інвалідаў, які адзначаўся 3 снежня, валанцёры парафіяльнай суполкі Caritas, што дзейнічае пры парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), правялі дзве дабрачынныя акцыі.
4 снежня валанцёры завіталі ў госці да наведвальнікаў дзённага аддзялення Раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва. Яны падрыхтавалі смачны пачастунак для кожнага наведвальніка, а таксама шмат цікавых конкурсаў і танцаў, што стала ўжо добрай традыцыяй. Усе разам весела танчылі і актыўна бралі ўдзел у забаўляльнай праграме.
8 снежня валанцёры разам з братам Сяргеем Гусарам OFMCap наведалі пацыентаў аддзялення сястрынскага дагляду ў Беразінскім (Маладзечанскі раён).
Акрамя добрага настрою і смачнага печыва, кожны пацыент атрымаў свой індывідуальны падарунак, які да ўспаміну святога Мікалая збіралі валанцёры ўласнымі сіламі. Ніхто не застаўся без увагі: кожны чалавек мог паразмаўляць і падзяліцца жыццёвымі турботамі з братам капуцынам і валанцёрамі.
Як сведчаць самі ўдзельнікі акцый, самае каштоўнае, што можа атрымаць валанцёр у адказ на сваю працу, — гэта эмоцыі, усмешкі і слёзы радасці, якіх было нямала на тварах людзей, з якімі яны падзяліліся цеплынёй сваіх эрцаў. Валанцёры прызнаюцца, што такія сустрэчы матывуюць іх на далейшае служэнне, і яны з нецярплівасцю чакаюць наступных.