Пошук

05.01.2024 11:10   Тэкст: ксёндз Дзмітрый Чупрын / Фота: фота ўдзельнікаў сустрэчы

4 студзеня ў сталічным катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла сустрэча міністрантаў з парафій дэканатаў Мінска, а таксама з парафіі святога Юзафа ў Маладзечне і парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай з Ракава.

У мерапрыемстве разам са сваімі душпастырамі ўзялі ўдзел каля 70-і міністрантаў школьнага ўзросту і студэнтаў. Сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзіў айцец Язафат Кунцэвіч OFM.

У першы чацвер месяца прысутныя маліліся, просячы Бога запаліць агонь паклікання да святарскага і манаскага ладу жыцця ў сэрцах моладзі нашай краіны.

Канферэнцыю, якая была прысвечана фундаментальным прынцыпам дасканалай і годнай службы Богу і людзям, правёў айцец Юрый Кулай OCD.

Ён падкрэсліў момант градацыі ў служэнні пры алтары: на першым месцы заўседы застаецца Езус Хрыстус-Першасвятар, потым — святар і, нарэшце, міністрант як надзейны памочнік у літургічнай дзейнасці Касцёла. Таксама айцец Юрый звярнуў увагу на дзве інтэгральныя рэчы, якія неадменна суправаджаюць і падтрымліваюць духоўнае жыццё міністранта — гэта святая Камунія і сакрамэнт паяднання.

Цэлебрацыю святой Імшы узначаліў ксёндз канонік Ян Крэміс, пробашч парафіі Святога Духа ў Мінску (дэканат Мінск-Усход, а гамілію прамовіў нядаўна прызначаны адказным за душпастырства міністрантаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Дзмітрый Чупрын, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Валожынскі дэканат).

У разважанні над Божым Словам праз прызму міністранцкай паслугі былі закранутыя некалькі важных элементаў. Асаблівым чынам было падкрэслена, што першакрыніцай паклікання — не толькі да святарства, але і да міністранцкай паслуг — з’яўляецца сам Езус.

Ксёндз Дмітрый звярнуў увагу на тое, што на шляху рэалізацыі літургічных абавязкаў міністрантам перашкаджаюць абмежаванасць чалавечай натуры са схільнасцю да граху, абыякавасць у выглядзе эгаізму і лянота як нежаданне рэалізацыі даручаных талентаў.

Фармацыя міністранта, па словах святара, з’яўляецца доўгатэрміновым працэсам, які, у сваю чаргу, можа весці да дасканаласці альбо да заняпаду.

Пасля Імшы ўдзельнікаў чакала інтэграцыйная сустрэча з актыўнымі гульнямі і забавамі, якія адбыліся пад кіраўніцтвам ксяндза Уладзіміра Марушэўскага TChr, а таксама смачны пачастунак.

 

Абноўлена 05.01.2024 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа