У нядзелю 12 лістапада ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) побач з месцам, дзе некалі ўзвышаўся гістарычны касцёл святога Казіміра, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасвяціў браму-званіцу.
Гэтая лістападаўская нядзеля стала асаблівым святочным днём для стаўбцоўскіх католікаў. Нягледзячы на дождж, які, усім на радасць, перастаў перад самай урачыстасцю, каля брамы-званіцы, размешчанай на вуліцы Ленінскай райцэнтра, сабраліся мясцовыя каталіцкія вернікі.
Арцыбіскуп Станеўскі пасвяціў званіцу і крыж з абразом Маці Божай.
У сваёй прамове арцыпастыр пажадаў, каб гэтае месца стала для вернікаў «стаўбцоўскім арэапагам», як месца прапаведавання апостала Паўла ў Афінах.
У 1838–1839 гадах побач са старадаўнім касцёлам святога Казіміра ў Стоўбцах была ўзведзена брама-званіца. На ёй размяшчаліся тры званы, якія важылі 15, 10 і 5 пудоў. У 20-х гадах мінулага стагоддзя званіца была разбурана.
Сёлета намаганнямі пробашча стаўбцоўскай парафіі ксяндза каноніка Ігара Лашука на ахвяраванні мясцовай каталіцкай супольнасці паводле старадаўніх планаў, архіўных дакументаў і фотаздымкаў на гістарычным месцы была збудавана новая брама-званіца.
Над яе ўваходам размешчана выява Маці Божай, якая ўшаноўваецца пад назвай Збаўленне рымскага народа, або Маці Божай Снежнай. Копія гэтага абраза ў часы Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, 400-годдзе з дня нараджэння якога ў адзначаецца лістападзе, ушаноўвалася і католікамі-стаўбчанамі. Новая копія цяпер упрыгожвае браму-званіцу як сімвал сувязі мінуўшчыны і сучаснасці.
Пасля благаслаўлення званіцы вернікі, молячыся святы Ружанец са Слугой Божым Фабіянам, у працэсіі рушылі ў новазбудаваны касцёл, які з’яўляецца самым высокім будынкам у іх горадзе.
У святыні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Звяртаючыся да стаўбцоўскіх парафіянаў, ён дзякаваў продкам «за іх кроў у нашых жылах і веру ў сэрцах». Арцыбіскуп зазначыў, што мы прыходзім у святыню і сваімі малітвамі «штурмуем неба» для таго, каб «з-пад хораў наш Слуга Божы айцец Фабіян мог быць бліжэй да Езуса Хрыста, каб мог дасягнуць хвалы неба, а таксама просім Айца Нябеснага, каб праз нашыя ўчынкі гэты свет стаў больш Божым.
Калі з намі будзе наш Збаўца, калі нашыя сэрцы будуць біцца для Бога, для іншага чалавека, калі ў іх будзе больш любові, то будуць супакой і згода ў нашай бацькаўшчыне і для нас, і для нашых нашчадкаў», — дадаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Стаўбцоўскія вернікі выказалі падзяку арцыбіскупу за супольную малітву. Яны спадзяюцца на распачацце працэсу беатыфікацыі Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага, адшуканыя рэліквіі якога спачываюць у іх парафіяльным касцёле.