10 лістапада ў мікрараёне Грандзічы ў Гродне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй благаславіў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла і ўсталяваны на ёй крыж.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, касцёл пад тытулам святога айца Піо будзе пабудаваны на вуліцы Саяпіна непадалёк ад будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі МНС.
Ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне, вялікае жаданне якіх — мець уласную святыню, і госці, сярод якіх былі святары і законныя сёстры.
На месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл, адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гуляй.
Вітаючы іерарха, вернікі і пробашч парафіі ксёндз Артур Малафей падкрэслілі, што гэты дзень вельмі важны для іх супольнасці і ўвойдзе ў яе гісторыю.
У прамоўленай гаміліі біскуп Гуляй засяродзіўся на значэнні крыжа і святыні ў жыцці хрысціяніна.
Іерарх нагадаў, што крыж — найвялікшы сімвал веры, любові Бога да чалавека: на крыжы Хрыстус адкупіў грахі людзей. Паводле біскупа, крыж кажа аб тым, што «нашыя пакуты, боль і цяжкасці маюць сэнс, калі мы аб’ядноўваем іх з ахвярай Хрыста».
«У свеце, дзе пануюць несправядлівасць, боль і цярпенне, крыж застаецца знакам надзеі», — сцвердзіў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.
Ён дадаў, што на месцы будаўніцтва касцёла крыж ставіцца для таго, каб паказаць, што гэтае месца належыць Богу, а таксама што крыж заклікае быць вернымі сваім хрысціянскім прынцыпам, быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці, любіць бліжняга, прабачаць крыўды.
У касцёле, як адзначыў біскуп, людзі могуць сустракацца з Богам; там Ён заўсёды чакае іх у Эўхарыстыі. Будаўніцтва новага касцёла іерарх назваў знакам веры і адданасці Богу, «сумесным актам любові да Бога і адзін да аднаго».
«Кожны з нас можа зрабіць унёсак у будаўніцтва гэтай святыні. Кожны ваш унёсак важны: ваша малітва, ваш час, ваша праца і вашыя ахвяраванні», — адзначыў біскуп Гуляй.
Пры гэтым пастыр заклікаў вернікаў будаваць «не толькі фізічныя сцены, але і сцены нашых сэрцаў, нашай веры» і памятаць, што кожны іх унёсак у будаўніцтва — гэта «не толькі матэрыяльная дапамога, але і духоўная інвестыцыя ў будучыню», паколькі новы касцёл стане яшчэ адным духоўным домам, «які мы будуем не толькі для сябе, але і для будучых пакаленняў».
Біскуп Уладзімір Гуляй заахвоціў да актыўнай малітвы за паспяховае будаўніцтва і адзін за аднаго, «каб Бог даў сілу, мудрасць і цярплівасць у гэтай вялікай справе».
Пробашч падзякаваў усім прысутным за ўдзел ва ўрачыстай падзеі і заклікаў вернікаў даручанай яго душпастырскай апецы парафіяльнай супольнасці малітвай, працай і ахвяраваннямі падтрымліваць справу будаўніцтва, якой у гэты дзень быў дадзены старт.
Парафія святога айца Піо ў Гродне атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі 11 лютага 2000 года. Парафія ахоплівае мікрараён Грандзічы-2, гарадскую частку Забалаці і прылеглыя вёскі.
Нябесны апякун парафіі, італьянскі капуцын, стыгматык і святы Каталіцкага Касцёла Айцец Піо з П’етрэльчыны (1887–1968), здзівіў увесь свет сваім незвычайным жыццём і гарачай верай. Крыж Збаўцы стаў для яго школай святарства і крыніцай любові да людзей, якіх ён спавядаў, аздараўляў і суцяшаў. У літургічным календары Касцёл успамінае яго 23 верасня.