Пошук

03.09.2024 11:22   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Артур Антушэвіч / Grodnensis.by

У нядзелю 1 верасня ў парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у гродзенскім мікрараёне Баранавічы адбылося ўрачыстае набажэнства з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, святая Імша прайшла ў часовай капліцы на тэрыторыі, дзе будуецца касцёл. На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне, сярод якіх былі дзеці і моладзь.

У Дзень ведаў, на пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года, яны мелі магчымасць даручыць гэты час Богу і атрымаць благаслаўленне ад іерархаў.

Пробашч маладой парафіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч прывітаў прысутных, адзначыўшы, што парафіяльная супольнасць мае гонар прымаць двух біскупаў, якія памоляцца за дзяцей у Дзень ведаў і за ўсіх іншых парафіянаў.

Акрамя таго, перад Імшой было здзейснена благаслаўленне вянка, змешчанага над уваходам у будучы касцёл. У сувязі з гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў у гаміліі, што, хоць часы змяняюцца, у будаўніцтве ёсць свае звычаі, сімвалізм якіх не змяняецца стагоддзямі і да якіх адносіцца абрад змяшчэння вянка на найвышэйшым пункце новага будынка.

Заслужаны іерарх распавёў пра сімвалізм змяшчэння вянка на будынку касцёла: такім чынам пазначаецца завяршэнне чарговага і вельмі важнага этапу будаўніцтва, што з’яўляецца прадметам гонару і радасці для парафіі і будаўнікоў.

Таксама гэты абрад аб’ядноўвае супольнасць вернікаў і матывуе іх да далейшых намаганняў з мэтай хутчэйшага завяршэння будаўніцтва.

Арцыбіскуп Кандрусевіч назваў сімвалічным і тое, што з нагоды пачатку навучальнага года ў гэтым свяце ўдзельнічаюць школьнікі. Іерарх адзначыў, што ў іх ёсць магчымасць лепш пазнаць нашыя традыцыі і іх значэнне.

Напрыканцы цэлебрацыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў заплечнікі і школьныя прылады вучняў, пасля чаго разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам удзяліў школьнікам благаслаўленне на новы навучальны год, пажадаўшы ім узрастаць у мудрасці і Божай ласцы, каб стаць радасцю і надзеяй для сваіх сем’яў, Касцёла і грамадства.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа