Святы Айцец заклікаў маліцца за людзей, якія пакутуюць ад вялікіх цяжкасцяў, што абрынуліся на свет. Ён агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на чэрвень у відэароліку, які быў распаўсюджаны Сусветнай сеткай малітвы.
Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Шмат людзей пакутуе ад сур’ёзных цяжкасцяў. Мы можам дапамагчы ім, суправаджаючы іх на шляху з вялікай спагадай, якая пераўтварае жыццё людзей, набліжае іх да сэрца Езуса Хрыста, што прымае ўсіх нас у рэвалюцыі пяшчотнасці», — зазначыў Пантыфік.
«Mолімся, каб тыя, хто пакутуе, знайшлі шлях жыцця, дазволіўшы дакрануцца да сябе Сэрцу Езуса»,
— агучыў малітоўную інтэнцыю Папа.
Чэрвень у Каталіцкім Касцёле прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На працягу гэтага месяца ў касцёлах праходзяць адмысловыя набажэнствы. Гэта традыцыя з’явілася спачатку ў Францыі, а ў 1873 г. Пій ХІ афіцыйна зацвердзіў набажэнства для ўсяго Касцёла.
Ушанаванне Сэрца Езуса ў чэрвені складаецца з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеву або чытання Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая складаецца з 33-х просьбаў-зваротаў, што звязаныя з кожным з гадоў зямнога жыцця Збаўцы.