Пошук

06.07.2024 17:30   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай падчас сёлетняга фэсту адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Яно адбылося па ініцыятыве Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага з нагоды 125-гадовага юбілею з часу інтранізаці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў паўсюдным Касцёле, што адбылася на заклік Папы Льва ХІІІ. Прысвячэнню папярэднічала духоўная падрыхтоўка на працягу года, які быў таксама Годам падзякі Маці Божай за 25-годдзе з часу каранацыі цудудзейнага Будслаўскага абраза папскімі каронамі, што адзначалася год таму з удзелам Папскага Легата кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.

Духоўнае значэнне акту прысвячэння Касцёла на Беларусі Сэрцу Езуса растлумачыў удзельнікам Будслаўскага фэсту арцыбіскуп Станеўскі ў гаміліі, прамоўленай ім падчас святой Імшы ўначы.

Абрад адбыўся на заканчэнне святой Імшы ўдзень, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, які, завяршаючы сваё служэнне ў нашай краіне, пакінуў беларускім вернікам свой духоўны запавет. Здзейсніў акт прысвячэння Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

«Сёння перад Марыяй, Тваёй Маці, нашай клапатлівай Апякункай і Каралевай Беларусі, перад нашымі святымі апекунамі, мы цалкам аддаемся і прысвячаем сябе Твайму Божаму Сэрцу, каб назаўсёды быць Тваім народам. У той жа час мы ўрачыста абяцаем заставацца вернымі святой каталіцкай веры, бараніць Твой святы Касцёл і фармаваць нашае асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё паводле Твайго Евангелля. О Найсвяцейшае Сэрца Езуса, пакорна просім Цябе, прымі нашае прысвячэнне Табе, атулі нас сваёю любоўю і вядзі нас праз сучаснасць і будучыню, каб Твая пашана і праслаўленне вечна гучалі з нашай зямлі», — прамаўляў арцыпастыр словы ўрачыстай малітвы.

Прысвячэнне адбывалася на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем у прысутнасці ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі, Апостальскага адміністратара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў з усёй краіны і з-за мяжы. Акт быў зздзейснены перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і перад абразом Сэрца Езуса з незвычайнай гісторыяй.

«Найсвяцейшае Сэрца Езуса, Лекару душ нашых, Сыне Найсвяцейшай Панны Марыі! Праз Беззаганнае Сэрца Тваёй Маці, Насвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, якой аддаем у апеку наш Касцёл і наш народ, што на працягу стагоддзяў быў верным Табе, просім сёння: прымі прысвячэнне Твайго Касцёла, аднаві яго і наш народ, умацуй у непахіснай веры, трывалай надзеі і сапраўднай любові. Увесь Каталіцкі Касцёл на Беларусі з гэтага моманту цалкам і назаўсёды Табе аддаецца, о наймілейшае, о літасцівае, о міласэрнае Сэрца нашага Пана і Збаўцы. Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі!» — прачытаў біскуп Юзаф Станеўскі заключныя словы акту, пасля чаго адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой з пашанай неслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай і абраз Сэрца Езуса, перад якім адбўся абрад прысвячэння.

На заканчэнне ўрачыстасці ў неба над Будславам былі выпушчаны 125 паветраных шарыкаў чырвонага колеру ў памяць пра першую інтранізацыю Найсвяцейшага Сэрца Езуса, што адбылася ў паўсюдным Касцёле 125 гадоў таму.

 

Абноўлена 06.07.2024 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця