Пошук

13.02.2024 10:15   Catholic.by

Фота з архіву парафіі ў Будславе
Фота з архіву парафіі ў Будславе

Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік падчас лютаўскай малітоўнай сустрэчы ў Будславе распавёў гісторыю абраза з вёскі Васілеўшчына, перад якім на сёлетнім Будслаўскім фэсце адбудзецца прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Ксёндз Дзмітрый падзяліўся, што, як апавядаюць старэйшыя людзі, падчас Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, калі ўсіх мужчын забралі ў войска, а дзяўчат вывозілі на прымусовую працу ў Геманію, вяскоўцы з Васілеўшчыны, адной з вёсак у будслаўскай парафіі, звярнуліся з просьбаю аб малітве да тагачаснага будслаўскага пробашча, ксяндза Станіслава Жука. Святар параіў вернікам штодзённа маліцца перад абразом Найсвяцейшага Сэрца Езуса, даручаючы Яму лёсы ўсіх, хто ў віхуры вайны апынуўся далёка ад дома.

Жанчыны саткалі палатно, завезлі яго да мясцовага мастака па прозвішчы Бярнацкі, і той напісаў на ім абраз Сэрца Езуса. Каля прыдарожнага крыжа людзі зрабілі алтарык, дзе змясцілі выяву Збаўцы з палымнеючым Сэрцам на далоні, упрыгожылі кветкамі, прывезлі з Будслава ксяндза, і той асвяціў абраз. Пры гэтым святар наказаў насіць яго з хаты ў хату і на працягу тыдня збірацца ў гэтай хаце ўсёй вёскай на супольную малітву за родных і блізкіх, якія апынуліся ў небяспецы. Вяскоўцы так і зрабілі. Усе іх блізкія вярнуліся з вайны і з прымусовых прац, што стала цудоўным знакам плённасці малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Не раз малітва перад абразом ратавала вёску таксама ад страшных балотных пажараў.

Традыцыя насіць абраз па хатах падтрымлівалася ў Васілеўшчыне ажно 76 гадоў.

Аднак калі ў вёсцы засталося толькі некалькі жылых хат, каштоўную рэліквію вырашылі перадаць у каплічку ў суседняй вёсцы Вераб’і, пераробленую са звычайнай сялянскай хаты.

Ксёндз Дзмітрый паведаміў Catholic.by, што да яго патэлефанаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, па чыёй ініцыятыве адбудзецца прысвячэнне Касцёла на Беларусі Сэрцу Езуса, і запытаўся, ці ў будслаўскай базыліцы ёсць адпаведны абраз, перад якім можна здзейсніць гэтае прысвячэнне. Пробашч распавёў іерарху гісторыю абраза з Васілеўшчыны, і арцыпастыр вырашыў, што падчас фэсту Маці Божай Будслаўскай менавіта перад ім адбудзецца абрад прысвячэння Касцёла ў нашай краіне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Цяпер абраз, які 76 гадоў насілі па хатах, знаходзіцца на рэстаўрацыі.

Абноўлена 24.05.2024 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.