Пошук

08.07.2024 13:57   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

5 і 6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе прайшоў агульнабеларускі фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай.

Тэмай сёлетніх урачыстасцяў па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сталі словы «Найсвяцейшае Сэрца Езуса — супакой і паяднанне нашае».

Яны звязаныя з першай адметнасцю гэтага Будслаўскага фэсту.

На заанчэнне цэнтральнай святой Імшы ўрачыстасці Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі здзейсніў акт прысвячэння Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса з нагоды 125-гадовага юбілею з часу інтранізаці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў паўсюдным Касцёле, што адбылася на заклік Папы Льва ХІІІ.

Пра духоўнае значэнне такога прысвячэння арцыбіскуп Станеўскі распавёў на начной Імшы ў Нацыянальным санктуарыі. Пасля святой Імшы ўдзень у неба над Будславам былі запушчаныя 125 чырвоных паветраных шарыкаў — сімвал 125-годдзя з часу перашай інтранізацыі Сэрца Езуса.

На ўрачыстасці ў Нацыянальны санктуарый прыбылі 5 роварных і 19 пешых пілігрымак з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

Усяго ў гэтых паломніцтвах узялі ўдзел 1982 чалавекі.

У 2020 і 2021 годзе арганізаваных пілігрымак не праводзілася ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, але і тады людзі ў прыватным парадку ішлі пешкі і ехалі на роварах да Маці Божай. У 2022 годзе пілігрымаванне аднавілася: у Будслаў вырушыла не менш за 20 арганізаваных пілігрымак, у якіх узялі ўдзел 1757 асобаў. Летась у 16-і пешых і дзвюх роварных пілігрымках на фэст у Будслаў прыбылі 1862 пілігрымы.

Такім чынам, сёлета пілігрымкавы рух яшчэ больш актывізаваўся і практычна выйшаў на «дакавідны» ўзровень.

На Будслаўскім фэсце адбылася «біскупская прыміцыя»: каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй упершыню цэлебраваў святую Імшу для пілігрымаў у Нацыянальным санктуарыі. У прамоўленай гаміліі самы малады беларускі каталіцкі іерарх прызнаўся, што адчувае хваляванне, падобнае да таго, як на сваёй першай святой Імшы.

Усяго ў трох галоўных цэлебрацыях сёлетняга фэсту — Імшы для пілігрымаў увечары 5 ліпеня, Імшы ўначы і цэнтральнай Імшы ўдзень 6 ліпеня — узялі ўдзел больш за 100 святароў з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

Ва ўрачыстай Імшы ўдзень бралі ўдзел усе каталіцкія біскупы нашай краіны, а таксама Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, які завяршае сваё амаль чатырохгадовае служэнне ў Беларусі.

У прамоўленай у Будславе гаміліі прадстаўнік Папы пакінуў беларускім беларускім вернікам свой духоўны запавет.

Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік, падчас сёлетняга фэсту яго ўдзельнікі ўзялі 15 тон асвячонай вады.

Святар дадаў, што на цэлебрацыях урачыстых Імшаў святая Камунія ўдзялялася каля 15-і тыс. разоў.

Прамую трансляцыю сёлетніх урачыстасцяў у Будславе, якая вялася на партале Catholic.by, сёлета паглядзелі каля 30 тысяч чалавек.

Хоць падлічыць колькасць усіх удзельнікаў фэсту на працягу двух дзён нават прыблізна не ўяўляецца магчымым, аднак гэтыя лічбы даюць уяўленне пра маштаб Будслаўскага фэсту і дазваляюць назваць яго галоўнай падзеяй рэлігійнага жыцця ў Касцёле на Беларусі на працягу года.

Напярэдадні і падчас фэсту ксёндз Дзмітрый Дубовік дзякаваў усім дабрачынцам за дапамогу і звяртаўся да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аб малітоўнай і фінансавай падтрымцы далейшых этапаў аднаўлення будслаўскай святыні пасля пажару, што здарыўся ў ёй тры гады таму.

 

Абноўлена 10.07.2024 14:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця