Пошук

06.07.2024 16:48   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, падчас якога адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Гэты фэст стаў апошнім у служэнні ў нашай краіне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, якога 28 чэрвеня Папа Францішак прызначыў на новую місію ў Грузію і Арменію.

Прадстаўнік Святога Айца і сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі Монсіньёр Кшыштаф Сэрока ўвайшлі ў Будслаў пешкі як звычайныя пілігрымы.

На плошчы перад Нацыянальным санктуарыем нунцыя Ёзіча сустрэлі беларускія біскупы і прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

Па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага прадстаўнік Папы Францішка ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, якую канцэлебравалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і больш за пяць дзясяткаў святароў з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч перадусім адзначыў сваю радасць ад магчымасці ўзначаліць літургічную цэлебрацыю ў Нацыянальным Марыйным санктуарыі і разам з беларускімі вернікамі маліцца і дзякаваць Маці Божай Будслаўскай за ўсе ласкі, атрыманыя ў жыцці.

«Цудатворны Будслаўскі абраз, які мы штогод ушаноўваем у гэтым санктуарыі, з’яўляецца святыняй, якая на працягу стагоддзяў ахоўвае не толькі жыхароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але кожнага верніка і грамадзяніна Беларусі, хто да яе звяртаецца. Я таксама як пілігрым кожны год прыязджаў у Будслаўскі санктуарый, і гэта ўжо чацвёрты раз з таго часу, як Святы Айцец Папа Францішак прызначыў мяне нунцыем у гэтай краіне.

Цяпер, калі мая касцёльная місія тут заканчваецца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, я карыстаюся гэтай цудоўнай магчымасцю, каб звярнуцца да вас з пасланнем удзячнасці і духоўным запаветам, які я хацеў бы даць вам перад тым, як пакінуць Беларусь пасля вельмі інтэнсіўнага перыяду жыцця і служэння Касцёлу тут, які мы дзялілі разам у радасцях і смутках.

Прызнаюся вам, што з першага моманту майго прыезду ў Беларусь абраз Маці Божай Будслаўскай заўсёды суправаджаў усю маю дзейнасць і кожны дзень, праведзены ў гэтай краіне. Дзякуючы Маці Божай Будслаўскай я пазнаў мужную веру беларускага народа, які ўмеў захоўваць і працягвае берагчы веру, перададзеную вашымі дзядамі і прадзедамі.

За гэту веру, заснаваную на глыбокім духоўным перакананні і евангельскіх каштоўнасцях, я выказваю сваю ўдзячнасць кожнаму з вас, прысутных тут, а таксама тым, хто не змог прыйсці і застаўся дома», — сказаў Апостальскі нунцый. Перадусім ён падзякаваў пілігрымам, якія «праз сваё падарожжа далучыліся да старажытнай традыцыі пілігрымуючага Касцёла».

«Сёлета вы сабраліся вакол гэтай святыні, бо ведаеце, што, прыйшоўшы да Маці Божай, вы знойдзеце і Яе Сына.

Таму заахвочваю вас, моладзь і старэйшых, працягваць прыходзіць у гэтае святое месца, і тут вы заўсёды знойдзеце аднову для душы, спакой у сэрцы, еднасць з Богам і людзьмі, духоўнае паяднанне. Тут вы знойдзеце тыя каштоўнасці, якія ніколі не знікаюць; каштоўнасці, якія спрыяюць развіццю і прагрэсу цела, душы, сям’і і грамадства», — заўважыў прадстаўнік Папы, падзякаваўшы таксама за сведчанне, дадзенае іншым людзям падчас пілігрымкі. «Шлях да Бога — гэта заўсёды шлях да чалавека, — падкрэсліў пры гэтым ватыканскі іерарх.

 

«Урачыстасць Маці Божай у Будславе дае нам магчымасць наблізіцца да Езуса і адчуць радасць, што мы не самотныя, нават калі адчуваем сябе пакінутымі ўсімі, калі не бачым выйсця з цяжкага матэрыяльнага становішча, калі мы больш не маем сілы супрацьстаяць розным перашкодам, хваробам», — зазаначыў нунцый, дадаўшы, што праз свае адведзіны святой Альжбеты «Маці Божая Будслаўская запрашае ўсіх нас праяўляць у нашым жыцці жэсты дабрыні, высакароднасці, увагі і салідарнасці, бо яны вызваляюць нас ад індывідуалізму і эгаізму і заахвочваюць ісці за Хрыстом».

«У мінулыя дні Рэспубліка Беларусь успамінала 80-годдзе вызвалення ад нацызму ў гады Другой сусветнай вайны, якая прынесла шмат разбурэнняў і чалавечых ахвяр. У гэтай святой Імшы я малюся за ўсіх ахвяр, асабліва нявінных, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і росквіт наступных беларускіх пакаленняў», — сказаў ватыканскі іерарх.

Завяршаючы служэнне ў Беларусі, нунцый Антэ Ёзіч пажадаў пакінуць беларускім вернікам свой запавет, «які адпавядае таму, што Святы Айцец Папа Францішак часта прамаўляе да нас. Гэта духоўны запавет, які дапаможа вам заставацца адзінымі ў цяжкія часы.

Дарагія браты і сёстры, дарагія беларусы, ваша гісторыя навучыла вас заўсёды быць мірнымі і вернымі свайму пакліканню. Будзьце і надалей будаўнікамі міру ў сучасным свеце, заўсёды несучы з сабой радасць і братэрскую еднасць! Абараняйце сваю хрысціянскую веру розных традыцый, перададзеных вам вашымі дзядамі і прадзедамі, заўсёды шукаючы натхнення і паратунку для вас і вашых сем’яў! Заўсёды выходзьце насустрач братам і сёстрам у патрэбе, як навучыла нас Марыя сваім наведваннем Альжбэты! Беражыце хрысціянскія і сямейныя каштоўнасці, заснаваныя на слове Хрыста, якое з’яўляецца адзіным падмуркам нашага існавання! Заставайцеся вернымі сведкамі Маці Божай і нашай Маці, Будслаўскай Багародзіцы, да якой вы штогод пілігрымуеце, праходзячы шмат кіламетраў!

Заставайцеся побач са сваімі біскупамі і святарамі, якія пасланыя абвяшчаць вам Слова Пана! Яны таксама будуць маліцца за вас і шчодра дапамагаць вам праз сакрамэнты Касцёла.

Дарагія браты біскупы, дарагія святары, манахі і манахіні, семінарысты і катэхеты, заўсёды заставайцеся адзінымі і вернымі свайму пакліканню, чулымі да патрэбаў братоў і сясцёр, даручаных вашай апецы. Выяўляйце сваю канкрэтную любоў да іншых і давайце сведчанне таго, што Езус з’яўляецца Збаўцам свету», — такі духоўны запавет пакінуў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

На заканчэнне гаміліі ён асаблівым чынам заахвоціў да малітвы за мір, «заснаваны на чалавечай годнасці і міжнародным праве, аднолькавым для ўсіх».

 

Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразом Сэрца Езуса, створаным у гады Другой сусветнай вайны ў адной з вёсак на тэрыторыі Будслаўскай парафіі, дзе амаль усе ўратаваліся ад ваеннай навалы, здзейсніў малітоўны акт прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Збаўцы.

Пасля гэтага адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой з пашанай неслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай і абраз Сэрца Езуса, перад якім быў здзейснены абрад прысвячэння.

На заканчэнне ўрачыстасці ў неба над Будславам былі выпушчаны 125 паветраных шарыкаў чырвонага колеру ў памяць пра першую інтранізацыю Найсвяцейшага Сэрца Езуса, што адбылася ў паўсюдным Касцёле на заклік Папы Льва ХІІІ 125 гадоў таму.

 

Абноўлена 06.07.2024 19:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа