Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі, выказвае падзяку тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сёлетняга Будслаўскага фэсту, які праходзіў 5 і 6 ліпеня, а таксама ўсім, хто браў у ім удзел.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса,
прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі!
З праслаўленнем і падзякай усемагутнаму Богу за незвычайны час, які мы правялі разам пры Яго алтары ў Нацыянальным санктуарыі, узносячы нашыя малітвы праз заступніцтва нашай Нябеснай Матулі, Маці Божай Будслаўскай, асабліва дзякую вам, мае дарагія пілігрымы, якія з розных куточкаў нашай Бацькаўшчыны і з-за мяжы сёлета прыбылі ў Будслаў: пешшу, на роварах, аўтобусах і аўтамабілях.
Дзякуй усім, хто жадаў быць, але па розных прычынах не змог і знайшоў магчымасць, каб яднацца з намі ў сумеснай малітве праз інтэрнэт або проста ў глыбіні свайго сэрца.
Бязмежную ўдзячнасць скіроўваю Яго Эксцэленцыі арцыбікупу Антэ Ёзічу, Апостальскаму нунцыю, нашым арцыбіскупам і біскупам, Апостальскаму адміністратару для грэка-католікаў у Беларусі архімадрыту Сяргею Гаеку, якія ў апостальскай еднасці ўзносілі малітвы за кожнага з нас.
Дзякуй святарам за іх служэнне; за тое, што разам са сваімі вернікамі прыбылі на Будслаўскі фэст, каб разам маліцца.
Асаблівая падзяка святарам, сёстрам законным, семінарыстам і свецкім валанцёрам, якія ладзілі і праводзілі разам з вернікамі на пілігрымскім шляху спёку дня і холад ночы, з акрапленнем дажджом. Дзякую святарам за паслугу ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.
Дзякую ўсім удзельнікам касцёльных рухаў і супольнасцяў, а таксама душпастырстваў моладзі, пчаляроў і асобаў з абмежаваным слыхам.
Мае дарагія, дзякую кожнаму, хто прычыніўся да таго, каб сёлетні фэст у Будславе адбыўся і прайшоў у спакойнай, духоўнай і ўзнёслай атмасферы, а менавіта літургічнай службе алтара, касцёльнай службе парадку, скаўтам, валанцёрам і памочнікам. Кірую падзяку супрацоўнікам СМІ, а асабліва парталу Catholic.by за арганізацю прамой трансляцыі з Будслава, якую глядзела каля 30-і тысяч чалавек. Дзякую тым, хто ўпрыгожыў літургію сваім спевам, перадусім салезіянскім аніматарам і праекту «Рыбы», хору «Залатая Горка» з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) і хору сталічнай архікатэдральнай парафіі пад кіраўніцтвам маэстра Уладзіміра Неўдаха.
Асобная падзяка гаспадарам святога месца —Будслаўскай парафіі — на чале з яе пробашчам ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, усім парафіянам, якім сёлета вельмі дапамагла ў падрыхтоўцы да фэсту моладзь з мінскай архікатэдральнай парафіі.
Асаблівую ўдзячнасць скіроўваю дзяржаўным уладам на розных узроўнях, службам і арганізацыям, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы і правядзенні Будслаўскіх урачыстасцяў, а таксама за дазвол на правядзенне пілігрымак дарогамі нашай Бацькаўшчыны. За ўсіх вас мы молімся і просім Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Будслаўскай над вамі, вашымі сем’ямі і арганізацыямі.
«О Найсвяцейшае Сэрца Езуса, пакорна просім Цябе, прымі нашае прысвячэнне Табе, атулі нас сваёю любоўю і вядзі нас праз сучаснасць і будучыню, каб Твая пашана і праслаўленне вечна гучалі з нашай зямлі».
З глыбокай падзякай, ад шчырага сэрца кожнага з вас благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 7 ліпеня 2024 г.