Пошук

27.12.2025 16:29   Catholic.by
Выява ілюстрацыйная

Напярэдадні свята Святой Сям'і Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да ўсіх верных сваё слова.

Пастырскае слова
арцыбіскупа Іосіфа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа

Тэкст для друку ТУТ>>>

Дарагія браты і сёстры, любыя сужэнцы, матулі і таты, дзядулі і бабулі, дзеці і моладзь, умілаваны люд Божы!

У перыяд Божага Нараджэння, калі нас напаўняе радасны і ўзнёслы настрой ад перажывання гэтай вялікай падзеі, мы адзначаем яшчэ адно асаблівае свята. Гэта свята Святой Сям'і, якое прыпадае на першую нядзелю пасля Божага Нараджэння.

Каталіцкія вернікі пачалі адзначаць яго з XVIII стагоддзя, а Папа Бэнэдыкт XV на пачатку мінулага стагоддзя ў 1921 годзе ўвёў яго ў літургічны каляндар паўсюднага Касцёла. У гэты дзень Касцёл асабліва моліцца аб святасці сужэнстваў і сем'яў, таму што гэта таксама свята кожнай каталіцкай сям’і.

Кожная сям'я, як і Сям'я з Назарэта, ствараецца па замысле Нябеснага Айца, кожная сям'я паходзіць ад Бога і павінна ісці да Бога.

Сёння Касцёл звяртае нашу ўвагу на тое, што нараджэнне Езуса Хрыста адбылося ў сям'і, у Святой Сям'і.

Святасць гэтай сям’і — не толькі дар Бога, але таксама дабравольнае і адказнае прыняцце Яго плану. Святая Сям'я з Назарэта, непасрэдна звязаная з таямніцай уцелаўлення, сама па сабе з'яўляецца асаблівай таямніцай. Для нас, хрысціянаў, яна ўяўляе сабой асаблівую супольнасць. У цэнтры яе знаходзіцца Дзіця — уцелаўлёнае Слова Божае. Паводле Святога Пісання, Езус нарадзіўся ад Дзевы Марыі, якая зачала Яго праз сыходжанне на Яе Духа Святога (пар. Мц 1, 20). Побач з Марыяй — Юзаф, з якім Марыя была заручана яшчэ да звеставання і які, згодна з наказам анёла, прыняў Яе ў свой дом. Ён даў Дзіцяці прытулак, і, больш за тое, даў Яму права называць сябе Сынам Давіда. Менавіта Юзаф узяў на сябе ўсю адказнасць за бяспеку сям'і, навучыў Езуса свайму рамяству і ў той жа час шчыра выконваў Божую волю адносна тых, хто быў даручаных яму (пар. Мц 2, 13-15).

Гэтае свята нагадвае нам пра важнасць сям'і ў нашым жыцці і прадстаўляе Святую Сям'ю як прыклад. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падкрэслівае, што Бог устанавіў сям’ю і надаў ёй асаблівую структуру. Сужэнства і сям’я скіраваныя на дабро сужэнцаў, на нараджэнне і выхаванне дзяцей. У Хрысце сям’я становіцца хатнім Касцёлам, бо з’яўляецца супольнасцю веры, надзеі і любові (гл. КККК 456).

Мы называем сям'ю з Назарэта святой, але гэта не значыць, што ў яе жыцці не было праблем. Святая Сям'я сутыкнулася з выпрабаваннямі, як і любая іншая сям'я, магчыма, нават большымі. Мы можам уявіць сабе балючы вопыт святога Юзафа, які даведаўся, што Марыя цяжарная, перш чым яны пачалі жыць разам. Юзаф нават планаваў таемна пакінуць Марыю і такім чынам узяць на сябе ўсю ганьбу. Аднак любоў і вера перамаглі. Ён паверыў анёлу, які сказаў, што Марыя выконвае волю Бога праз Святога Духа (пар. Мц 2, 24). Праз дзевяць месяцаў Святую Сям'ю напаткаў яшчэ адзін цяжкі вопыт. Ніхто не хоча прымаць у Бэтлееме святога Юзафа і цяжарную Марыю. Марыя нараджае Дзіця ва ўбогай стайні (пар. Лк 2, 7). Калі Езуса прынеслі ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць Богу, Сімяон прадказаў, што меч болю праніжа Сэрца Марыі (пар. Лк 2, 33-35). Наступная праблема не прымусіла сябе доўга чакаць: Святая Сям'я была вымушана ўцячы ў Егіпет, бо Ірад хацеў забіць Дзіця (пар. Мц 2, 13-15). Вядомае нам з Евангеллі пра яшчэ адно выпрабаванне, калі бацькі Езуса заўважылі, што з імі няма Сына… Потым яны знайшлі Яго ў святыні (пар. Лк 2, 41-50).

Любыя браты і сёстры! У чытаннях Евангелля мы звяртаем увагу на тое, што святому Юзафу Бог даручаў складаныя справы, якія тычыліся даверанай яму Сям'і. І ён атрымаў ад Бога святло, ласку разумення і настаўленні, якія не баяўся выконваць. Напэўна, святы Юзаф часта звяртаўся да Пана Бога ў малітвах, просячы Яго кіраўніцтва ў складаных справах. Трэба зазначыць, што вялікая роля ў прыкладзе веры належыць мужчыну, бацьку, які жыве ў сяброўстве з Богам. Дарагія мужчыны, ведайце, што ваша сапраўдная пабожнасць, напоўненая любоўю да Бога і бліжніх, мае вялікую каштоўнасць для вашых дзяцей і іншых маладых людзей. Складзеныя рукі таты ці мамы ў малітве — гэта самая важная катэхеза для дзяцей, якую яны будуць памятаць усё жыццё. Часам мы задаемся пытаннем, чаму сёння дзеці часта бездапаможныя ў сваім жыцці, не могуць знайсці сэнс жыцця, а апошнім часам не хапае ім пашаны да бацькоў ці нават спачування, калі тыя цяжка хварэюць. На гэта, паводле святарскага вопыту, ёсць толькі адзін адказ: калі ў сем'ях не хапае веры, малітвы бацькоў і сумеснага ўдзелу ў Эўхарыстыі, тады пачынаюцца праблемы, з якімі без Бога немагчыма справіцца.

Нядаўна папа Леў XIV зацвердзіў дакумент Кангрэгацыі веравучэння пра каштоўнасці сужэнства як «выключнага саюза і ўзаемнай прыналежнасці», пад назвай «Una Caro. Пахвала манагаміі». Дакумент падкрэслівае прыгажосць сужэнскай еднасці, якая дзякуючы Божай ласцы сімвалізуе «саюз паміж Хрыстом і Яго ўмілаванай нявестай, Касцёлам». Ён адрасаваны не толькі душпастырам, але таксама дапаможа моладзі, нарачоным і сужэнцам ацаніць «багацце» хрысціянскага сужэнства і заахвоціць да спакойнай і глыбокай рэфлексіі над гэтай тэмай, бо ў сучасным свеце, у многіх краінах, ідзе актыўная інтэрпрэтацыя сужэнства, далёкая ад хрысціянства. Ніякі іншы саюз асобаў нельга нават параўноўваць з сужэнствам. Сваё рашэнне прыняць сакрамэнт сужэнства хрысціяне выказваюць перад Богам і Касцёлам. Хрыстус чыніць заключаны такім чынам саюз сакрамэнтам, гэта значыць таямніцай асвячэння мужа і жонкі, знакам сваёй прысутнасці ва ўсіх іх справах і адначасова крыніцай асаблівай ласкі для іх.

Глыбіня духоўнасці хрысціянскіх сужэнцаў нараджаецца менавіта ў супрацоўніцтве з ласкаю сакрамэнту сужэнства. Перадача жыцця дапаўняе і ўнутрана ўзбагачае сужэнства. Жыццё — гэта дар Бога, таму сужэнцы — адкрытыя на гэты дар — застаюцца слугамі жыцця, а не яго гаспадарамі. Толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця. Кожнае жыццё святое і недатыкальнае ад зачацця да натуральнай смерці.

Браты і сёстры. Хочацца выказаць удзячнасць і шчырую пашану ўсім каталіцкім сем'ям. Адказнае бацькоўства, асабліва ў шматдзетнай сям’і, — гэта вельмі няпроста, бо вашая місія патрабуе штодзённай ахвярнасці і чування, цярплівай любові і чуласці. «Будучыня чалавецтва залежыць ад сям'і» (FC, 86) — гэты славуты выраз святога Яна Паўла II, якога называлі «Папам сем’яў». Ва ўсе эпохі былі прыклады вялікай заслугі бацькоў у выхаванні сваіх дзяцей сапраўднымі хрысціянамі, вернымі Богу. Менавіта так выхоўвалі сваіх дзяцей бацькі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, разумеючы, што сужэнства і бацькоўства — гэта дар і заданне, за якія трэба адказаць у канцы жыцця. Маці Аўгустына вымаліла навяртанне сына, які пазней стаў святым і айцом Касцёла. Папа Ян Павел II гаварыў пра святых сужэнцаў, што «яны пражылі звычайнае жыццё незвычайным чынам». Прыклад праведнага жыцця кананізаваных і беатыфікаваных сем'яў — гэта ўнікальнае заахвочванне для ўсіх нас імкнуцца жыць у святасці. Браты і сёстры. Калі вы чытаеце ці слухаеце гэтыя словы, ведайце, вы мелі добрых бацькоў! І добрымі бацькамі з’яўляецеся ці будзеце імі ў будучыні.

І тут хочацца сказаць словы падбадзёрвання і ўдзячнасці нашым шматдзетным сем’ям, якія прымаюць дар жыцця, дбаюць пра праведнае выхаванне дзяцей, а таксама тым сужэнцам, якія ўсынавілі пакінутых сваімі бацькамі дзетак. Нядаўна мне расказвалі пра адну сям’ю, у якой нарадзілася восьмае дзіцятка, расказвалі, як бацькі збіраюцца ў касцёл на святую Імшу. Дык вось, нягледзячы на недахоп часу, бацька перад выйсцем з дому чытае Евангелле, каб дзеткі ўжо дома чулі тыя Божыя словы, якія будуць чытацца на Імшы. Толькі захапляцца такімі сем’ямі, такімі бацькамі! Менавіта такія сем’і прыклад для ўсіх, бо яны — сапраўдныя пілігрымы надзеі, надзеі, што вера наша будзе працягвацца, і яны годна выканаюць сваё пакліканне — выхоўваць вернікаў і грамадзян будучыні. Бо так Касцёл, як і Дзяржава гэта сям’я сем’яў.

Сям'я — гэта адкрытыя распасцёртыя рукі, гатовыя абняць нас заўсёды, гэта шчырае сэрца, да якога можна прытуліцца ў цяжкія часы. І ў гэтым сутнасць і сіла сям'і, без гэтага няма сапраўднай сям'і.

Можна зарабіць шмат грошай для дома, але яны не маюць каштоўнасці, калі не падмацаваны любоўю. У пачатку заснавання сям'і ёсць любоў, якая з гадамі будзе станавіцца ўсё больш ахвярнай і шчодрай. Святы Павел у сваім пасланні да Каласянаў піша: «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці» (Клс 3, 12-14).

Мае дарагія. Сённяшняе свята натхняе нас задумацца, на якіх каштоўнасцях мы будуем сваё жыццё. Безумоўна, вельмі добра, што бацькі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, стараюцца, каб ім нічога не бракавала, каб яны былі здаровыя, атрымалі добрую адукацыю, каб пазней знайшлі добрую працу... Але ці ёсць ва ўсім гэтым месца для Бога? Святая Уршуля Ледухоўская пісала: «Хто дае дзецям Бога, той дае ім усё. Хто не дае Бога, той нічога ім не дае». Таму не будзем забываць сярод сваёй занятасці і недахопу часу даваць дзецям гэты найвялікшы дар: веру ў Бога, звычку маліцца, уменне давяраць Божаму Провіду і Найсвяцейшай Багародзіцы.

Любыя браты і сёстры, у рамках Навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас», у снежні мы маліліся за сем’і нашага краю, каб дзякуючы аднаўленню ў Хрысце і па прыкладзе Святой Сям'і з Назарэта яны станавіліся сапраўднай святыняй жыцця і любові. Натуральная сям'я, укаранёная ў Божую сям'ю, стварае магчымасць для развіцця чалавека ў яго самым поўным вымярэнні, як часовым, так і вечным.

Святая Сям'я — прыклад гэтага. Любоў ператварае ўбогую стайню ў найпрыгажэйшае месца. Любоў таксама ратуе Дзіця, вырашаючы ўцячы ў Егіпет. А пазней, праз спакойную, адданую працу, яна ўчыняе дом у Назарэце самым шчаслівым месцам у свеце. Усё гэта адбывалася ў атмасферы веры і даверу да Бога. Так было з самага пачатку. Таму ў сваёй прамове падчас свайго першага Апостальскага візіта ў Турцыю папа Леў XIV вельмі рашуча выказаўся супраць пагарды да сям'і і адкрытасці да жыцця ў словах: «сям'я з'яўляецца ключавым месцам для стварэння сувязяў, перадачы жыцця і веры, а таксама фундаментальнай ячэйкай грамадства. Пантыфік заявіў, што неабходна супрацьстаяць культуры індывідуалізму і пагардзе да шлюбу, якія ўспрымаюць адзіноту як бізнес. Акрамя таго, ён адзначыў, што мацярынства і бацькоўства — гэта надзея грамадства, і што сям'я мае патрэбу ў падтрымцы, заахвочванні і падбадзёрванні праз малітву, прыклад і сацыяльныя дзеянні».

Браты і сёстры. Сёння завяршаецца Юбілейны год, які праходзіў пад дэвізам «Пілігрымы надзеі» хочацца ўзгадаць яшчэ раз выказванне Пантыфіка: «Сям'я, моцная Богам, становіцца сілай чалавека і ўсяго народа». Таму ўсе нашыя сем’і павінны стаць пілігрымамі надзеі для будучыні Касцёла, Айчыны і свету, бо менавіта ў сем’ях нараджаецца пакліканне, перадаецца Традыцыя нашай веры, нараджаюцца новыя апосталы Хрыста. Бо Касцёл так як і Дзяржава гэта Сям’я сем’яў. Няхай жа нашыя сем’і па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэта будуць чулымі да плану Бога, які кожны дзень заклікае іх жыць у любові і згодзе.

Шчырым сэрцам благаслаўляю ўсе сем’і, усіх сужэнцаў, прыёмных бацькоў і выхаваўцаў дзяцей і моладзі, каб дзякуючы вашай самахвярнасці і любові пашыралася Валадарства Божае на зямлі: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 26 снежня 2025 г.
Свята святога Стэфана, першамучанніка

Абноўлена 27.12.2025 16:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця