1 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень абароны дзяцей. З гэтай нагоды Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, віншуе дзяцей, іх бацькоў і ўсіх выхавацеляў са святам.
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, бацькі, выхавацелі і, перш за ўсё, вы, умілаваныя дзеці нашай Бацькаўшчыны!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ад сябе асабіста сардэчна віншую вас з Міжнародным днём абароны дзяцей.
Дзеці — гэта найвялікшы дар Нябеснага Айца, жывое ўвасабленне Яго любові і знак надзеі для нашага грамадства і Касцёла.
Святое Пісанне нагадвае нам словы Хрыста: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае» (Мц 19, 14). Гэты дзень — не толькі свята радасці, але і глыбокі заклік да адказнасці за тых, каго нам даверыў Бог, для ўсіх дарослых.
У сучасных рэаліях мы пакліканы нястомна стаяць на варце святасці чалавечага жыцця ад моманту зачацця, абараняць правы дзіцяці на гарманічнае развіццё і выхаванне ў духу хрысціянскіх каштоўнасцяў. Наш агульны абавязак — ствараць свет, у якім кожнае дзіця адчувае сябе ў бяспецы, акружана любоўю, малітвай і падтрымкай.
Асаблівыя словы падзякі я кірую сёння да бацькоў, святароў, кансэкраваных асобаў і катэхетаў, якія шчодра дзеляцца з маладым пакаленнем скарбамі веры.
Дарагія дзеці! Няхай Пан Езус, які дзеля нашага збаўлення стаў Немаўляткам, благаславіць вашыя крокі, напоўніць вашыя сэрцы чыстай радасцю і ўмацуе ў вучобе і добрых справах. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, наша Нябесная Мама, ахінае вас і вашыя сем’і сваёй матчынай апекай.
Будуйце будучыню нашай краіны ў веры, надзеі і любові!
З пастырскім благаслаўленнем і нястомнай малітвай за вас,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 1 чэрвеня 2026 г.
успамін св. Юстына, мучаніка







