Пошук

10.07.2024 14:35   Паводле: sdb.by / Фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by / Catholic.by

З 30 чэрвеня па 6 ліпеня праходзіла 23-я пешая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь – Будслаў (СМЕП).

Як вынікае з самой назвы, арганізатарам пілігрымкі з’яўляецца рэлігійная каталіцкая місія Таварыства святога Францішка Сальскага, або салезіянская супольнасць у Беларусі.

Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, сёлета ўдзел у СМЕПе ўзяла моладзь з салезіянскіх (і не толькі) парафій з розных мясцін. На шляху да Будслава пілігрымаў суправаджалі святары салезіяне: рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, адказны за пілігрымку ксёндз Алег Каралёў SDB, ксёндз Міхаіл Радзевіч SDB, які ў гэтым годзе быў рэкалекцыяністам, а таксама сабрат Міхаіл Вішнеўскі.

За шэсць дзён моладзь пераадолела 105 кіламетраў, несучы свае просьбы, падзякі і перапрашэнні да Маці Божай Будслаўскай.

Ідучы па дарозе, пілігрымы евангелізавалі сваім уласным прыкладам, спевам, сведчаннем, размовай і проста ўсмешкай насельніцтва гарадоў і вёсак, праз якія праходзілі. Таксама СМЕП прыпынялася каля кожнага крыжа, касцёла, царквы, капліцы, пры кожных могілках і кожным помніку ахвярам вайны, каб узнесці сваю малітву да ўсемагутнага Бога і прасіць благаслаўлення для нашай краіны і нашых людзей.

На працягу ўсёй пілігрымкі ўдзельнікі таксама перажывалі рэкалекцыі ў дарозе.

Ксёндз Міхаіл прапанаваў паразважаць над тэмай «Проста аб важным».

Кожны з шасці дзён пілігрымкі меў сваю тэму: «Я каштоўны ў вачах Бога», «Глядзець на людзей пазітыўна», «Не пытайся «чаму?», а «навошта?», «Давярай больш Слову Божаму», «Важна быць шчырым перад Богам» і «Марыя як прыклад жыцця». Ксёндз Міхаіл падчас кожнай канферэнцыі дзяліўся з пілігрымамі ўсласным досведам і меркаваннем па гэтых тэмах, дапамагаў лепш зразумець іх сэнс і падказваў, як магчыма ажыццяўляць пэўныя рэлігійныя і духоўныя практыкі ў штодзённым жыцці. Тэмы раскрываліся і падчас працы па групах, дзе пілігрымы з дапамогай святароў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў і аніматараў маглі падыскутаваць і падзяліцца сваімі думкамі наконт тэмы дня, узбагачаючы такім чынам сябе і іншых. У працах па групах маладыя людзі, між іншым, вучыліся адказнасці, павазе да старэйшага пакалення і да бліжняга, беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя.

Важным момантам евангелізыцыі ў СМЕПе былі вясёлыя вечары, на якія заўсёды запрашалі жыхароў тых мясцін, дзе спынялася пілігрымка. Падчас вясёлага вечара моладзь дзялілася багаццем сваіх талентаў, а таксама сведчыла пра сваю жывую веру і радасць ад жыцця, заснаванага на хрысціянскім падмурку. Сёлета вясёлыя вечары дапамагаў арганізоўваць ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB разам з камандай салезіянаў супрацоўнікаў са Смаргоні.

За шэсць дзён пілігрымкі моладзь атрымала вялікі духоўны досвед, які будзе падтрымліваць кожнага яшчэ доўгі час.

Завяршылася СМЕП у Будславе, дзе пілігрымы з усіх куткоў краіны сустрэліся, каб ушанаваць цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

Абноўлена 10.07.2024 14:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.