
У Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі, культуры і духоўнасці хрысціянскіх пілігрымак. Адным з дакладаў стала прэзентацыя, прысвечаная Будслаўскаму фэсту.
Рым, 5 снежня 2025 года.
На мерапрыемстве, арганізаваным пры ўдзеле Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, былі прадстаўлены розныя аспекты гісторыі і духоўнасці хрысціянскіх пілігрымак — ад старажытнага падарожжа Егерыі да сучасных пілігрымак Усходу і Захаду.
Гл. артыкул VaticanNews: Будслаў у Рыме: тэалогія беларускай пілігрымкі
Беларусь на акадэмічнай мапе Рыма
Са сваім дакладам пра пілігрымкі ў Будслаў выступіў ксёндз Раман Суша, святар з Беларусі і выкладчык Папскага тэалагічнага факультэту Святога Банавентуры (Seraphicum).
Ксёндз Суша падзяліўся, што штогод у пачатку ліпеня ў Будслаў пешшу прыходзяць дзясяткі груп з усёй краіны.
«Будслаўскі фэст — гэта вопыт, у якім знешняя дарога становіцца адлюстраваннем унутранага шляху, — адзначыў ён. — Тут чалавек перажывае тое, што айцы Касцёла называлі ambulatio divina — хаджэнне чалавека разам з Богам».
Пілігрымка як культурная і духоўная з’ява
Падчас даклада святар узгадаў, што Будслаў ужо стаў часткай міжнароднай культурнай спадчыны пасля ўключэння ў спіс UNESCO у 2018 годзе. Гэтае прызнанне падкрэслівае значэнне фэста не толькі для католікаў, але і для ўсёй беларускай і міжнароднай культуры.
Асноўная ўвага была нададзена духоўнай педагогіцы пілігрымкі: развіццю ўнутранай пільнасці (nêpsis), практыцы памяці пра Бога і перажыванню «крокаў, у якіх Хрыстус ідзе разам з чалавекам». Ксёндз Суша адзначыў, што пілігрымка вядзе чалавека ад замкнёнасці ў сабе да адкрытасці, служэння і, нарэшце, да жыцця «ў Хрысце», калі сам Хрыстус становіцца цэнтрам шляху.
«Калі пілігрымы прыходзяць у Будслаў, яны не проста стомленыя — яны “іншыя”, таму што дазваляюць Хрысту ісці ўнутры іх крокаў»,
— падкрэсліў дакладчык.
Будслаў як ікона Ecclesia Viatorum
Асаблівы акцэнт быў зроблены на тэалагічным значэнні фэста: Будслаў паказвае Касцёл як Ecclesia Viatorum — супольнасць, якая заўсёды ў дарозе, адкрытая на сустрэчу з Богам і бліжнім.
На завяршэнне ксёндз Суша выказаў удзячнасць арганізатарам, асабліва айцу Пятру Дуфку SJ і прафесару Алеcіі Бромбін, а таксама ўсім удзельнікам дыскусіі, выказаўшы надзею на новыя магчымасці сумеснай працы і абмену вопытам.
Канферэнцыя ў Рыме стала яшчэ адным сведчаннем таго, што духоўная спадчына беларускага Будслава набывае міжнароднае гучанне і становіцца прадметам усё больш глыбокага акадэмічнага даследавання.
У кантэксце Святога Году і новых ініцыятыў у сферы хрысціянскіх пілігрымак тэма Беларусі гучыць у горадзе Апосталаў усё больш выразна.







