Пошук

19.05.2025 11:35   Паводле: belta.by / Catholic.by
Фота Палаты прадстаўнікоў

Ва ўрачыстай святой Імшы на распачацце пантыфікату Папы Льва XIV удзельнічалі дзве дэлегацыі з Беларусі.

Першую, дзяржаўную дэлегацыю, узначаліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка. Другая складалася з духоўных асоб. У яе ўвайшлі: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі; біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён; ксёндз канонік Юрый Ясевіч, сакратар Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага; ксёндз доктар Раман Суша, выкладчык Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка падчас урачыстай цырымоніі інтранізацыі новага кіраўніка Каталіцкага Касцёла сустрэўся з Папам Львом XIV. Аб гэтым парталу Catholic.by паведаміла агенцтва БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Сяргеенка перадаў Папе віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама падарунак ад кіраўніка беларускай дзяржавы абраз Божай Маці «Жыровіцкая». Выява Багародзіцы выраблена майстрамі мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра ў тэхніцы ручнога ціснення, срэбрання і залачэння. Арыгінал адной з галоўных святынь Беларусі знаходзіцца ў Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах. 20 мая бягучага года ў Беларусі святкуецца 555-годдзе з дня набыцця гэтага цудадзейнага абраза.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Старшыня Палаты прадстаўнікоў сардэчна павіншаваў Льва XIV з пачаткам пантыфіката. Ён выказаў упэўненасць, што душпастырскае служэнне Святога Айца з'яўляецца дабром для чалавецтва на зямлі.

Як падкрэсліў Ігар Сергеенка, у наш няпросты і непрадказальны час спадзяванні народаў на мір і сацыяльную справядлівасць толькі ўзмацняюцца, і хрысціянскія каштоўнасці, духоўнасць, міралюбнасць  гэта тое, што цяпер аб'ядноўвае Беларусь і Святы Пасад.

Звяртаючыся да Пантыфіка, Cтаршыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што Льва XIV будуць вельмі радыя бачыць на гасціннай беларускай зямлі. Ігар Сергеенка пажадаў новаму Папе поспехаў у яго шматграннай дзейнасці і добрага здароўя.

Як стала вядома, дэлегацыя духоўных асоб Беларусі асабіста сустрэнецца са Святым Айцом у сераду 21 мая пасля генеральнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця